Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АНДРЭЯ КЛІМАВА НЕ ПУСКАЮЦЬ НА СЭСІЮ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ АБСЭ Ў БЭРЛІНЕ


Ганна Соусь, Менск

“Нягледзячы на адсутнасьць заканадаўчай базы, якая прадугледжвае абмежаваньні ў перасоўваньні пасьля вызваленьня, Клімаву пастаянна адмаўляюць у гэтым ягоным праве”, — гаворыцца ў адкрытым лісьце, які даслала Лукашэнку Міжнародная ліга правоў чалавека. Гэтая арганізацыя запрасіла Клімава наведаць 11-ю штогадовую Парлямэнцкую Асамблею АБСЭ, якая пройдзе ў Бэрліне з 6 па 11 ліпеня.

Гаворыць Андрэй Клімаў:

(Клімаў: ) “Было афіцыйнае запрашэньне ад Міжнароднай лігі правоў чалавека, ад яе выканаўчага дырэктара Кэтрын Фіцпатрык — запрашэньне наведаць Бэрлін на сэсію ПАРЭ. Да таго ж там будуць ладзіцца слуханьні праваабарончых арганізацыяў аб сытуацыі ў Беларусі. У прыватнасьці, павінна абмяркоўвацца пытаньне аб стварэньні незалежнай міжнароднай сьледчай групы ў справе дасьледваньня справаў аб зьнікненьні вядомых беларускіх палітыкаў і апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, дзе я мусіў выступаць, і магчыма, павінен быў быць уключаны (папярэднюю згоду я даў) у гэтую сьледчую групу”.

Андрэй Клімаў зьвярнуўся ў Міністэрства ўнутраных справаў з тым, каб атрымаць дазвол на выезд зь Беларусі.

(Клімаў: ) “Адказ быў вельмі просты. Я магу здаць дакумэнты, але штамп мне не паставяць. Мне паказалі інструкцыю Міністэрства ўнутраных справаў, згодна зь якой людзі, якія адбываюць пакараньне, нават калі й на свабодзе, ня могуць ехаць за мяжу. Да таго ж існуе ўказ прэзыдэнта, паводле якога, пакуль я не кампэнсую страты (бо да мяне пазоў), я гэтак жа буду невыязны. Будзе пазоў да маёй сьмерці — значыцца да сьмерці я ня здолею перасекчы мяжу, за выключэньнем паездак у Расею”.

Што да паездак Клімава па Беларусі, то фармальна яны не забароненыя, але Андрэй адзначае ўжо пэўныя наступствы ад свайго нядаўняга наведваньня рэгіёнаў.

(Клімаў: ) “З аднаго боку, неабмежаваныя, а з другога — прыходзіць участковы да суседзяў і гаворыць: “Напішыце на яго скаргу, што ён дрэнна сябе паводзіць, і мы яго ізноў за краты пасадзім”. Напэўна, мае паездкі камусьці вельмі не падабаюцца. Але паводле закону я маю права за мяжу выяжджаць. І паводле Канстытуцыі”.

Выканаўчы дырэктар Міжнароднай лігі правоў чалавека Кэтрын Фіцпатрык у адкрытым лісьце заклікае Аляксандра Лукашэнку аднавіць права Клімава на свабоду перасоўваньня згодна з 13 артыкулам Усясьветнай Дэклярацыі правоў чалавека. Але сам Андрэй Клімаў не спадзяецца, што заклікі й звароты да Лукашэнкі дадуць плён.

Камэнтуючы для Радыё Свабода гэтую сытуацыю, намесьнік старшыні Беларускага Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла адзначыў, што вышэй згаданыя інструкцыі Міністэрства ўнутраных справаў па адміністрацыйным наглядзе супярэчаць дзейнай Канстытуцыі й шэрагу міжнародных дамоваў, якія падпісала Беларусь. Паводле Гары Паганяйлы, Андрэй Клімаў можа абскардзіць дзеяньні міліцэйскіх чыноўнікаў у судзе, патрабуючы дазволу на выезд, альбо паставіць пытаньне аб неканстытуцыйнасьці гэтых нарматыўных актаў.
XS
SM
MD
LG