Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІКОЛА МАРКЕВІЧ І ПАВАЛ МАЖЭЙКА ПРЫСУДЖАНЫЯ ДА АБМЕЖАВАНЬНЯ СВАБОДЫ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Напачатку паседжаньня абарона падала хадайніцтва, каб у залю дапусьцілі тэлежурналістаў. Судзьдзя Клімава сказала, што дапусьціць тэлеапэратараў, калі стане зачытваць апошнюю частку прысуду. Аднак супрацоўнікі тэлестанцый так і не атрымалі магчымасьці здымаць.

Судзьдзя пачала чытаньне прысуду. І адразу стала зразумела, што ўсе палажэньні дзяржаўнага абвінаваўцы супраць журналістаў яна падтрымлівае.

Маўляў, Мікола Маркевіч “вінаваты ў распаўсюджваньні загадзя лжывых, якія ганьбяць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, выдумках...”

У гэты момант пачуліся гучныя словы “дазвольце выйсьці!” І паўторна — “Дазвольце выйсьці!” “Калі ласка! Гары Пятровіч”, —адказала судзьдзя Клімава. “Слухаць далей ужо не магу. І ўдзельнічаць у такім ганьбішчы нашых судоў — таксама не магу”, –абурана прамовіў вядомы праваабаронца Гары Паганяйла, сьпяшаючыся пакінуць залю. “Гары Пятровіч, выходзьце без камэнтароў, калі вы вырашылі” — адказала судзьдзя і працягнула чытаньне свайго рашэньня.

Судзьдзя лічыць, што напісанае ў “Пагоні” датычыць прэзыдэнта Лукашэнкі, але не адпавядае рэчаіснасьці, бо суду супраць прэзыдэнта не было, віноўным ён не прызнаны, значыцца, і не было злачынстваў, аб якіх узгадвалася ў публікацыях. Мафію не ствараў, генацыдам народу не займаўся, палітычных апанэнтаў не зьнішчаў.

Пачуты прысуд заля ўспрыняла амаль без эмоцый. З аднаго боку, шмат хто, а таксама абвінавачаныя, яшчэ спадзяваліся на апраўдаўчы прысуд. З другога боку, вядома было, што пракурор папрасіў зьняволіць журналістаў. А судзьдзя, пакінуўшы прапанаваныя пракурорам тэрміны, зьмякчыла прысуд.

Закончыўшы, судзьдзя Клімава спытала ў асуджаных, ці зразумелая ім сутнасьць прысуду? Мікола Маркевіч запытаўся: “Што значыцца абмежаваньне свабоды?” “Доўга тлумачыць, – адказала судзьдзя, – у народзе гэта называюць “хіміяй”. “Гэта значыцца, нахімічылі? Гэта неправасуднае рашэньне”, — адрэагаваў Маркевіч.

Адвакат Цурко паведаміў, што будзе пададзеная касацыйная скарга ў абласны суд:

(Цурко: ) “Мы, безумоўна, будзем абскарджваць гэты прысуд. І ў абласным судзе будзе разглядацца касацыйная скарга. Якая будзе пададзеная пасьля азнаямленьня з пратаколам судовага паседжаньня”.

Сяргей Цурко лічыць рашэньне суду на сто адсоткаў палітычна матываваным. Ён зазначае, што судзьдзя праігнаравала довады абароны адносна адсутнасьці доказаў. Праўда, яна згадзілася, што асноўны доказ абвінавачаньня — інфармацыя з інтэрнэту – атрыманая з парушэньнем заканадаўства. Аднак яна ўсё адно ўлічыла гэтую інфармацыю.

Мікола Маркевіч перакананы, што Аляксандру Лукашэнку вядомыя ўсе абставіны судовай справы і прысуду:

(Маркевіч: ) “Я ўпэўнены, што прысуд узгадняўся зь ім. Гледзячы па тых шматлікіх парушэньнях, якія зрабіла судзьдзя Тацьцяна Клімава. У мяне стварылася ўражаньне, што ўсе гэтыя злачынствы былі санкцыяваныя на самым высокім узроўні. Прынамсі, што Аляксандар Лукашэнка пастаянна інфармаваны быў пра гэты працэс – мне гэта вядома з дакладных крыніцаў”.

Перад будынкам Ленінскага суду Маркевіча і Мажэйку віталі воплескамі іхныя прыхільнікі. Яны выкрыквалі словы падтрымкі журналістам. Некаторыя нават сьпявалі патрыятычныя песьні.
XS
SM
MD
LG