Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛЬЁН ДАЛЯРАЎ ПАТРАБУЕ БЕЛАГРАПРАМБАНК АД СВАЙГО БЫЛОГА СТАРШЫНІ МІХАІЛА ЧЫГІРА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Нагадаю, Міхаіл Чыгір узначальваў Белаграпрамбанк да 1994 года, калі абраны прэзыдэнтам Аляксандар Лукашэнка прызначыў яго прэм’ер-міністрам. Як цяпер заяўляе Чыгір у судзе, ён без асаблівага задавальненьня прыняў прапанову Лукашэнкі. "У маіх мэтах было зрабіць Белаграпрамбанк самым буйным камэрцыйным банкам, пабудаваць новы офіс, які ўпрыгожыць горад і будзе адпавядаць вядучай ролі банка”, — тлумачыў Міхаіл Чыгір.

Але давялося ісьці ва ўрад, пакінўўшы будаўніцтва новага офісу нашчадку – Аляксандру Застаўнюку. Той, аднак, хутка згарнуў будаўніцтва, спасылаючыся на адсутнасьць сродкаў. Міхаіл Чыгір дагэтуль лічыць гэта вялікай памылкай. Паводле яго, сродкі магчыма было браць з прыбыткаў банку. Гэта сёньня Белаграпрамбанк, паводле дасьведчаных крыніцаў, прыбыткаў ня мае, а тады, у сярэдзіне 1990-х, ён хутка багацеў. Але спадар Застаўнюк лічыў інакш і будаўніцтва прыпыніў. Пры гэтым ён нічога не зрабіў, каб вярнуць банку мільён даляраў, якія пры Чыгіры былі сплочаныя канадзкай фірме ў якасьці авансу за будучую працу.

Сёньня на працэсе прадстаўнік банку Ўладзімер Парфяновіч ня здолеў зразумела патлумачыць гэтую шчодрасьць. Ён быў згодны з тым, што пасьля сыходу Чыгіра ў банка была магчымасьць вярнуць грошы, але чаму ёй не скарысталіся, не патлумачыў. На думку прадстаўніка банку, у старце мільёна даляраў усё роўна вінаваты Чыгір. Вось як Міхаіл Чыгір адказвае на пытаньне адносна магчымасьці задавальненьня судом пазову банку.

(Чыгір :) "У нашым становішчы ўсё магчыма, суды цалкам залежаць ад выканаўчай улады і выканаюць тое, што вырашаць наверсе. Але ніколі Белаграпрамбанк мільёна даляраў ад мяне не атрымае, бо іх няма. Калі б я іх скраў, то яшчэ мог бы вярнуць, але я іх ня браў. Уражвае мяне яшчэ і тое, што банк на дзявяты год пасьля таго, як былі пералічаныя грошы, раптам прыняў рашэньне прад'явіць мне пазоў. Вядома, што ён зрабіў гэта, атрымаўшы загад зверху".

Заўтра Міхаіл Чыгір будзе тлумачыць суду, што сталася зь мільёнам даляраў, якія патрабуе ад яго банк.
XS
SM
MD
LG