Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ЗНОЎ ЗЬНІК ЧАЛАВЕК


Браніслава Станкевіч, Віцебск

У Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа даведаліся пра зьнікненьне заслужанага артыста рэспублікі Баляслава Сяўко зранку 5 чэрвеня, калі ён не зьявіўся на працу. Як распавяла загадчыца літаратурнай часткі тэатру Сьвятлана Дашкевіч, у гэты дзень сваякі зьніклага патэлефанавалі ёй дахаты ды паведамілі, што напярэдадні ён не вярнуўся зь лецішча. Там знайшлі толькі запіску са словамі “Нікога не вінаваціць” ды подпісам “Баляслаў Сяўко”.

Першы зварот сваякоў у міліцыю плёну амаль ня даў: міліцыянты не сьпяшаліся распачынаць сьледзтва, мяркуючы, што чалавек скончыў жыцьцё самагубствам. Актывізаваліся пошукі толькі пасьля таго, як на гэтым настояла сяброўка Нацыянальнага сходу Сьвятлана Акружная — таксама вядомая акторка “коласаўскага” тэатру. Такім чынам, толькі праз тыдзень пасьля зьнікненьня міліцыянты разам з вайскоўцамі пачалі абшукваць навакольны лес каля пасёлка Барвін Перавоз, дзе знаходзіцца лецішча Баляслава Сяўко, ды бліжэйшы ўчастак рэчкі Заходняя Дзьвіна. Пошукі гэтыя нічога не далі.

Увесь гэты час, не чакаючы дапамогі ад міліцыянтаў, акторы-“коласаўцы” шукалі свайго калегу самастойна: за ўласныя грошы наймалі аўтобус ды езьдзілі па навакольлю, апытваючы магчымых сьведкаў. А заадно змагаліся з плёткамі, якія пачалі распаўсюджвацца па горадзе: маўляў, Баляславу Сяўко не далі званьне народнага артыста ды мала шанавалі ў тэатры, а таму ён вырашыў скончыць жыцьцё самагубствам.

Усё гэта “коласаўцы” абвяргаюць, бо зьніклы актор ня толькі меў мноства роляў у апошнім сэзоне, але нават быў узнагароджаны сёлета за сваю творчасьць ордэнам Францыска Скарыны. Адзінае, чаго ў тэатры не адмаўляюць, — гэта магчымага нэрвовага разладу свайго калегі. Тым болей, што й жанчына-экстрасэнс, да якой зьвярнуліся “коласаўцы”, сказала ім наступнае: “Ён яшчэ жывы, але хворы. Таму шукайце яго хутчэй, бо ён сам сабе не дапаможа”.

Тым часам афіцыйныя абвесткі пра зьніклага зьявіліся ў віцебскіх газэтах толькі ў мінулую суботу. Прычым міліцыянты, абапіраючыся на нейкія свае ўнутраныя інструкцыі, адмовіліся паведаміць, што зьнік не шараговы грамадзянін, а вядомы актор, якога ведаюць у твар тысячы віцяблянаў, і якія маглі б дапамагчы ў пошуках. Тым ня менш, усе выходныя ў тэатар тэлефанавалі занепакоеныя людзі, якія перапытвалі, ці насамрэч гэта зьнік вядомы ды любімы многімі, “той самы” Баляслаў Сяўко…

І цяпер Віцебск поўніцца ўжо ня калятэатральнымі плёткамі, а абурэньнем пасіўнасьцю міліцыянтаў, якія столькі часу ня толькі не шукалі вядомага ў горадзе чалавека, але нават замоўчвалі сам факт ягонага зьнікненьня. Шмат хто пры гэтым згадвае нядаўняе нашумелае зьнікненьне маладога віцебскага палітыка Юрася Корбана, пра лёс якога міліцыя ня можа сказаць нічога пэўнага вось ужо амаль паўгода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG