Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЗІМЕР ПУЦІН: “ТРЭБА ПРОСТА СПЫНІЦЬ ЖАВАНЬНЕ ЖВАЧКІ І ВЫРАШЫЦЬ, ЧАГО МЫ ХОЧАМ”


Юры Дракахруст, Прага

У прыватнасьці, расейскі лідэр сказаў: “Мы маем дзьве незалежныя дзяржавы. Аб’яднаньне такіх блізкіх народаў мусіць быць зробленае ў межах адзінай дзяржавы, не павінна быць ані Думы, ані ўраду Расеі. Муцсіць быць адзіны ўрад, адзіная краіна. Ці гатовыя да гэтага нашыя партнэры?” – задаў пытаньне Пуцін.

Расейскі прэзыдэнт даў зразумець, што ён быў бы задаволены такім варыянтам, сказаўшы, што “падзел на дзьве дзяржавы быў неабгрунтаваным, шкодным і згубным”. Аднак, паводле яго словаў, беларускі бок настойвае на тым, каб Беларусь і ў адзінай дзяржаве заставалася сувэрэннай і незалежнай. Уладзімер Пуцін прыгадаў, што ў Эўразьвязе Эўрапарлямэнт прымае рашэньне, яно ўхваляецца ў краінах-сябрах і робіцца законам.

“Я і прапаную, – працягваў прэзыдэнт Расеі, – давайце зробім, як у Эўразьвязе. Ясная працэдура, якая гарантуе інтарэсы Расеі і Беларусі. А сёньня што? Саюзны парлямэнт з шырокімі паўнамоцтвамі і незразумелымі мэханізмамі выкананьня. Гэтак мы дыскрэдытуем саюз. Няма ніякіх супярэчнасьцяў. Трэба проста спыніць жаваньне жвачкі і вырашыць, чаго мы хочам”, – заявіў расейскі прэзыдэнт.

Беларускі народны фронт лічыць сёньняшнюю заяву Пуціна ўльтыматумам. У заяве БНФ падкрэсьліваецца, што Фронт не прымае гэты ўльтыматум, паводле якога Беларусь мусіць увайсьці ў Расею на правох губэрніі. БНФ лічыць, што Беларусь мусіць застацца незалежнай дэмакратычнай краінаю ў складзе эўрапейскіх інстытуцыяў. Фронт выказвае перасьцярогу, што Масква можа аказаць ціск на Беларусь пры дапамозе эканамічных рычагоў.

На першы погляд, выступ прэзыдэнта Расеі ўтрымлівае супярэчнасьць: з аднаго боку, ён прапануе дзяржаву без Дзярждумы Расеі і, зразумела, без парлямэнту Беларусі, з другога боку, мадэль Эўразьвязу, у межах якой нацыянальны сувэрэнітэт краінаў-сябраў захоўваецца.

Гэтую супярэчлівасьць мы папрасілі пракамэнтаваць дырэктара расейскага інстытуту палітычных дасьледаваньняў Сяргея Маркава.

(Маркаў: ) “Супярэчнасьці тут няма абсалютна. Пуцін казаў пра дзьве мадэлі як пра два магчымыя варыянты. Ён не сказаў гэта да канца, але паставіў пытаньне наўпрост: “Альбо – альбо”. Менавіта ў гэтым патас яго выступу і менавіта ў гэтым ягоная супярэчнасьць з Аляксандрам Лукашэнкам. Лукашэнку выгадная юрыдычная і палітычная няпэўнасьць саюзу. А Пуцін настойвае на пэўнасьці. Ён фактычна гаворыць: “Мы можам стварыць адзіную дзяржаву, адну краіну, як таго хоча большасьць грамадзянаў. І я выступаю менавіта за гэта. Але калі кіраўніцтва Беларусі гэтага ня хоча – калі ласка. Тады давайце будзем, як у Эўразьвязе. Але патрэбная пэўнасьць.

У абодвух варыянтах неабходна вырашыць галоўнае – пытаньне ўлады. Абодва лідэры, апроч іншага, выражаюць інтарэсы свайго бізнэса. Расейскі бізнэс губляе ад гэтай няпэўнасьці, а беларускі бізнэс мае ад яе немалыя даходы.

Паводле Пуціна, саюз мусіць быць добраахвотны, але зь якога нельга зьбегчы пры першай магчымасьці. Калі не, то тады ня трэба рабіць выгляд, што гэта адзіная краіна. Тады мы будзем разьвіваць паводле мадэлі Эўразьвязу, які ня робіць выгляд, што гэта адзіная краіна”.

Тэма беларуска-расейскіх дачыненьняў закраналася і падчас візыту ў Беларусь першага прэзыдэнта Расеі Ельцына, які адбываецца зараз. Барыс Ельцын выказаўся супраць спробаў перагляду палажэньняў дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы. Гэтая заява прагучала ў сувязі з прапановамі Масквы ўбраць з тэксту дамовы тэзу аб стварэньні адзінай валюты. З другога боку, Барыс Ельцын заявіў, што “ня можа быць размовы аб стварэньні аб’яднаньня паводле стандартаў СССР”, што гучала як крытыка прапановаў Лукашэнкі.

Чый жа бок прыняў першы прэзыдэнт Расеі у цяперашнім канфлікце?

(Маркаў: ) “Барыс Ельцын не праводзіць ані лінію Пуціна, ані лінію Лукашэнкі. Ён найбольш турбуецца аб тым, каб яго спадчына не была адкінутая.

На ўжо прыгаданай прэсавай канфэрэнцыі прэзыдэнт Пуцін, дарэчы, адзначыў межы гэтай пераемнасьці. Адказваючы на пытаньне пра ягоныя адносіны зь Ельцыным, прэзыдэнт Расеі сказаў, што курс Ельцына працягваецца, аднак ён, Пуцін, мае сваё меркаваньне па шэрагу пытаньняў і прымае свае рашэньні, бо нясе адказнасьць за будучыню Расеі. Такім чынам Уладзімер Пуцін даў зразумець, што і ў пытаньні беларуска-расейскіх дачыненьняў будзе зыходзіць са сваіх плянаў і меркаваньняў, а не з парадаў свайго папярэдніка”.
XS
SM
MD
LG