Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАЎ ВЯДОМЫ ПРЫСУД У СПРАВЕ ПАЎЛА МАЖЭЙКІ І МІКОЛЫ МАРКЕВІЧА


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Дзяржаўны абвінаваўца прасіў для журналістаў такія ж тэрміны. Два гады для Мажэйкі і два з паловай гады — для Міколы Маркевіча. Пракурор прапанаваў зьняволіць журналістаў, каб яны адбывалі тэрмін пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму. Суд вырашыў абмежаваць іх у свабодзе — з адбыцьцём пакараньня ў папраўчых установах адкрытага тыпу. Пры спэцкамэндатуры. У народзе такое пакараньне называюць “хіміяй”, – патлумачыла судзьдзя Тацяна Клімава.

Зь першых словаў прысуду вынікала, што суд прызнаў віну журналістаў цалкам, як прапанавала пракуратура. Вядомы правабаронца Гары Паганяйла вырашыў адразу пакінуць залу.

Суд абапёрся на рашэньне Вышэйшага гаспадарчага суду аб закрыцьці газэты “Пагоня”. Гэтага якраз баялася абарона, якая лічаць, што рашэньне аб закрыцьці было незаконным.

Усе довады абароны суд абвергнуў, вырашыўшы, што паклёп на прэзыдэнта быў, абвінавачаньне яго ў асабліва цяжкіх злачынствах было, распаўсюджаньне арыштаванага накладу газэты было. Зьмяшчэньне арыштаваных нумароў у інтэрнэце таксама магло быць, а інтэрнэт можна разглядаць як спосаб распаўсюджваньня паклёпу – хаця гэта не прадугледжана законам. Такія высновы судзьдзі Клімавай.

Вельмі рэзка ацэньвае прысуд адвакат Міколы Маркевіча Сяргей Цурко:

(Цурко: ) “Гэты прысуд я магу назваць нават антыканстытуцыйным. Таму што ён цалкам перакрэсьлівае тыя дэкляратыўныя нормы Кастытуцыі Рэспублікі Беларусь, якія гарантуюць законнасьць правасудзьдзя. Адсюль, натуральна, антыканстытуцыйнасьць і незаконнасьць гэтага прысуду. Гэта вельмі жорсткі прысуд. Ну, можа быць таму, што гэта ўпершыню ў гісторыі Беларусі такі прысуд”.

Гэтак жа ацэньвае прысуд і сам Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Я ўпэўнены, што гэты прысуд будзе адменены. Як толькі гэтая справа дойдзе да незалежнага, аб’ектыўнага суду, які будзе кіравацца выключна законам. А што да таго, што гэта ня поўнае зьняволеньне, то мне, напрыклад, гэтая пазыцыя абсалютна не падабаецца. Павінен быў бы быць правасудны прыгавор, заснаваны на законах Рэспублікі Беларусь. А так атрымліваецца, што ў 1937 годзе майму дзеду ні за што далі 5 гадоў. А цяпер, калі прайшло 65 гадоў, аказваецца, ні за што даюць “усяго” два з паловай гады “хіміі” Я лічу, што гэта ганебны падыход. Я ўпэўнены, што ўсё беларускае грамадзтва, якому проста плюнулі ў твар гэтым прыгаворам, павінна будзе змагацца за адмену яўна несправядлівага і незаконнага прыгавору.

Спадзяваньні на аб’ектыўны суд ня спраўдзіліся, мяркуе таксама Павал Мажэйка. Сёньняшні прысуд Паўлу Мажэйку і Міколу Маркевічу будзе абскарджаны ў Гарадзенскім абласным судзе.
XS
SM
MD
LG