Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗБУДАВАНЫ НОВЫ КАТАЛІЦКІ ХРАМ


Галіна Абакунчык, Менск

Новая каталіцкая капліца, узьведзеная ў сталічным мікрараёне Серабранка, хутчэй падобная на невялікі касьцёл са званіцай і прасторнай заляй для набажэнстваў. Але й яна не змагла зьмясьціць усіх, хто прыйшоў на ўрачыстую імшу. Цягам двух гадоў парафіяне арандавалі для набажэнстваў актавую залю аднаго з раённых ЖЭСаў і адначасова дапамагалі ўзводзіць капліцу. Таму адкрыцьцё сьвятыні яны называюць вялікай падзеяй.

(Парафіянка: ) “Дапамагалі й малітвамі, і прыходзілі сюды працаваць”.

(Парафіянін: ) “Чакалі вельмі доўга й вельмі радыя”.

(Парафіянка: ) “Гэта наш духоўны трыюмф — будоўля гэтай каплічкі, якая будавалася зь вялікай цяжкасьцю. І хоць гэта капліца, для нас гэта сапраўдны касьцёлак”.

(Парафіянка: ) “Вельмі задаволеныя. Мы ж у Шабанах жывем, далёка, а сюды прамым аўтобусам дабіраемся. І рады — і дзякуй Богу”.

Падчас будаўніцтва невядомыя двойчы зрывалі скульптурку ўкрыжаванага Хрыста, хапала юрыдычных і матэрыяльных праблемаў. І нават пасьля адкрыцьця застаецца яшчэ дастаткова працы. Але вернікі намерваюцца дапамагчы ксяндзу Ігару Лашуку распачаць будаўніцтва касьцёла ды аднавіць зруйнаваную старажытную капліцу ў Лошыцкім парку. Аднак гэтаму ўпарта супрацьстаяць мясцовыя ўлады. Гаворыць парафіянін Віктар Хмялеўскі:

(Хмялеўскі: ) “Менавіта ўлады не дазваляюць. Я ў гэтых выканкамах усе парогі абабіў. Дык яны ўрэшце што зрабілі? Дай спонсара — тады забірайце. Ужо няма чаго рабіць, дык знайсьці прычыну, каб не хадзіў, не дакучаў”.

Настаяцель парафіі Яна Хрысьціцеля Ігар Лашук кажа, што дапамагаць альбо хоць бы не перашкаджаць узводзіць храмы — гэта самае простае, што можа зрабіць дзяржава, каб спыніць маральнае разбурэньне грамадзтва й асабліва маладога пакаленьня. Гаворыць ксёндз Ігар Лашук:

(Лашук: ) “Так цяжка з гэтымі паперамі, і калі нехта нешта збудуе, то, на жаль, яму ўжо ня хочацца гэта чыніць ізноў. Зьвяртаўся да дзяржаўных уладаў аб выдзяленьні фінансавых сродкаў, але, на жаль, не паступіла. Не разумеюць, што бездухоўнай культуры няма. Што лепш выдзеліць на будаўніцтва храмаў і разьвіцьцё духоўнасьці, чым пасьля ў дзесяць разоў больш выдаткоўваць на барацьбу з наркаманіяй і алькаголем”.

Шмат гадоў Ігар Лашук спрабуе вярнуць касьцёл у Раўбічах, які займае пад музэй Міністэрства культуры. Толькі сёлета да ўраду й асабіста Аляксандра Лукашэнкі двойчы зьвярталіся парафіяне троіцкага залатагорскага касьцёлу, дзе цяпер гаспадарыць Белдзяржфілярмонія. Аднак гэтыя просьбы застаюцца без адказу. Акрамя таго, так званая палата прадстаўнікоў намерваецца прыняць закон, які істотна абмяжоўвае свабоду веравызнаньня й супраць якога пратэстуюць большасьць канфэсіяў Беларусі.
XS
SM
MD
LG