Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІХ ЗУБРОЎЦАЎ ЗАТРЫМАЛІ ЗА РАСПАЎСЮД ГАЗЭТЫ


Любоў Лунёва, Менск

Учора ўвечары міліцыянты Ленінскага раёну Менску затрымалі Аляксандру Анджыеўскую, Ганну Быкаву і Яўгенію Пікуль. Праз гадзіну ў Партызанскім раёне былі затрыманыя Юрась Ягораў і Дзяніс Захарчанка. Усіх іх абвінавачваюць у распаўсюдзе друкаванага выданьня (газэты “Зубр”) без выходных зьвестак.

Адзін зь лідэраў руху “Зубр” Цімафей Дранчук паведаміў Радыё Свабода, што цягам тыдня праваахоўчыя органы затрымалі каля дзясятка чалавек за распаўсюд газэты.

(Дранчук: ) “Цягам гэтага тыдня было затрымана каля дзесяці актывістаў “Зубра” за распаўсюд газэты. Кожнага зь іх затрымлівалі і адвозілі ў РУУС, складалі пратаколы, адбіралі газэты. Некаторым зь іх, пра каго ведалі, што тыя зьяўляюцца студэнтамі, пагражалі праблемамі на вучобе. Газэта была прысьвечаная апошнім акцыям “Зубра”, больш падрабязна асьвятлялася акцыя 19 красавіка Марш пратэсту “Так жыць нельга!”, пра рэгіянальныя акцыі “Зубра”, пра акцыі, якія ў нашую падтрымку праводзіла “Міжнародная амністыя” ў эўрапейскіх гарадах.

Праваахоўчыя органы паставіліся да гэтага, як заўсёды — абсалютна беспадстаўна затрымлівалі маладых людзей, якія мірна і законна распаўсюджвалі газэту, трымалі іх больш дазволенага законам часу, пагражалі й гэтак далей... Я лічу, што гэткія дзеяньні міліцыянтаў не зьяўляюцца дзіўнымі, яны баяцца нашага руху, бачаць, што мы працягваем дзейнічаць, што актыўнасьць наша не спадае і, такім чынам, спрабуюць рабіць нам перашкоды”.

Але не ва ўсіх рэгіёнах міліцыянты перасьледуюць сяброў “Зубра”. Да прыкладу, у Барысаве сытуацыя адрозьніваецца ад менскай. Гаворыць Зьміцер Бародка:

(Бародка: ) “Цягам усяго тыдня сябры “Зубру” распаўсюджвалі нашу газэту. Ніякіх затрыманьняў не адбывалася ў нашым горадзе, нягледзячы на тое, што газэта незарэгістраваная. Відаць, гэта зьвязана з тым, што міліцыянты не атрымалі ніякага загаду зьверху, а сваёй асабістай ініцыятывы ў іх няма. Адсюль такая абыякавасьць да распаўсюднікаў газэтаў”.

Справы сяброў “Зубра”, на якіх склалі пратаколы, будуць разглядаць адміністрацыйныя камісіі ў райвыканкамах. За распаўсюд незарэгістраванага выданьня ім пагражаюць грашовыя штрафы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG