Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ ДАЕДЗЕ ДЗЕЙНЫ СТАРШЫНЯ АБСЭ ДА БЕЛАРУСІ?


Уладзімер Глод, Менск

Я спытаўся ў міністра замежных справаў Беларусі Міхаіла Хвастова, што ён думае наконт магчымасьці гэтага візыту і ці не адбудзецца так, што найвышэйшыя кіраўнікі АБСЭ ня змогуць атрымаць візы ў Беларусь? У эксклюзіўным інтэрвію міністар паведаміў:

(Хвастоў: ) “Мы ведаем пра гэты намер, але думаем, што няма сэнсу, скажам, абмяркоўваць тут пытаньне пэрспэктывы прысутнасьці АБСЭ, калі гэтае пытаньне ня будзе абмеркаванае на паседжаньні Сталай Рады АБСЭ. Пытаньне вядомае. Пра што тут гаварыць? Я гатовы прыехаць у Вену і выступіць на паседжаньні Сталай Рады АБСЭ, каб яшчэ раз выкласьці свой пункт гледжаньня.

Пытаньне ня ў тым, што мы ня хочам сустракацца, пытаньне ў тым, што мы будзем абмяркоўваць. І я не адмаўляю магчымасьці прыезду сюды дзейнага старшыні й генсакратара. Але гэтае пытаньне, гэты прыезд павінны мець нейкі іншы характар, чым вяртаньне да тэмы КНГ АБСЭ. Гэтую тэму мы можам абмеркаваць на ўзроўні нашага прадстаўніка амбасадара Гайсёнка ў Вене гэтак жа пасьпяхова, як у Менску. Патрэбна гаварыць пра больш высокі характар адносінаў, пра ўдзел нашага парлямэнту ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ.

Мы паглядзім, якія рашэньні прыме Парлямэнцкая Асамблея ў Бэрліне 6–10 ліпеня. І таксама будзем будаваць сваю палітыку адносна АБСЭ ў залежнасьці ад таго, якія рашэньні будуць прынятыя наконт удзелу нашага парлямэнту. Ніколі Міністэрства замежных справаў Беларусі й асабіста Хвастоў, у прыватнасьці, не адмаўляліся ад перамоваў. Але сустрэча дзеля сустрэчы непрымальная. Тым больш, што мы сёньня ведаем, у дзейнага старшыні й генсакратара няма прапановаў”.

У мінулую пятніцу, 21 чэрвеня, кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі сказаў, што дзейнае прадстаўніцтва АБСЭ, на ягоную думку, “прыкладае вельмі мала намаганьняў, каб “разьвязаць” сытуацыю ў Беларусі”.

Тады ж Міхаіл Хвастоў таксама зазначыў, што “сёньня назіраецца дзіўная сытуацыя, калі наша сяброўства ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ зьвязанае з прысутнасьцю Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі”. Міністар сказаў, што ня бачыць у гэтым ніякай сувязі.
XS
SM
MD
LG