Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ГАНДАЛЬ ЛЮДЗЬМІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

А пачнецца праграма традыцыйна — з успаміну дасьведчанага чалавека:

(Стэфановіч: ) “Яна была насьцярожаная, баялася, што групоўкі, якія займаюцца гандлем людзьмі, дастануць яе і дома. Яна не адчувала сябе ў бясьпецы нават тут. А на наступны дзень з раніцы мы яе адвезьлі ў Маладэчна дамоў, але яна ўсю дарогу заставалася такой заціснутай, вельмі напалоханай”.

Гэта супрацоўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч згадвае, як яму давялося сустракаць з Польшчы і везьці дамоў дзяўчыну, якую падманам прадалі ў бардэль у адну з заходніх краінаў. Дзяўчыне ўдалося зьбегчы і без дакумэнтаў прабрацца ў Польшчу, дзе яна знайшла спачуваньне ў мясцовым прадстаўніцтве Гельсынскага камітэту. Пасьля году фактычнага рабства ёй пашчасьціла.

Але тысячы грамадзянак Беларусі, паводле праваабарончых арганізацыяў, гадамі ня могуць вызваліцца зь няволі, куды яны патрапілі хто па зьбегу абставінаў, хто з глупства, хто стаў ахвярай мэтанакіраванай дзейнасьці злачынных груповак, што зарабляюць на гандлі жывым таварам.

Вось як дзяўчына з Маладэчна, пра якую распавёў праваабаронца Валянцін Стэфановіч. Паводле ягоных назіраньняў, часьцей за ўсё ахвярамі такіх дзялкоў робяцца маладыя жыхаркі мястэчак ці гарадоў зь вялікім узроўнем беспрацоўя. І гэтыя назіраньні пацьвярджае рэпартаж нашага карэспандэнта з Гомеля Казімера Яноўскага:

(Яноўскі: ) “Сёлетняй вясною на мытным пасту “Новая Гута” на беларуска-ўкраінскай мяжы супрацоўнікі гомельскага ўпраўленьня нораваў і незаконнага абароту наркотыкаў затрымалі дваіх маладых гамельчукоў. Яны суправаджалі дзьвюх дзяўчат, што кіраваліся ў Ізраіль.

Як высьветлілася, дзяўчаты ехалі ў Ізраіль да сваіх фіктыўных мужоў. Там ім належала займацца звычайнай прастытуцыяй. Для выезду з краіны сутэнэры і аформілі дзяўчатам фіктыўны шлюб з былымі гамельчукамі, што эмігравалі на Блізкі Ўсход.

Сьледчыя маюць зьвесткі, што групоўка сутэнэраў пасьпела завэрбаваць для сэкс-паслугаў у Ізраілі два дзясяткі маладых гамяльчанак.

Начальнік аддзелу сьледчага ўпраўленьня Генадзь Струкаў распавядае:

(Струкаў: ) “Адкрываюць ім візу, іх туды вывозяць як турыстаў, і яны там займаюцца прастытуцыяй. Людзі, што вэрбуюць, вязуць дзяўчат канкрэтным асобам і, будзем казаць так, прадаюць, атрымліваюць за іх грошы, а тыя ўжо адпрацоўваюць гэтыя грошы”.

Згаданая справа яшчэ дасьледуецца. Але, на жаль, гэта не адзіны выпадак продажу дзяўчат у сэксуальнае рабства. Летась за сутэнэрства і зводніцтва была асуджаная гамяльчанка Ганна Пінчук. Разам са сваімі трыма памагатымі яна вэрбавала дзяўчат для сэкс-паслугаў у Турцыі. Спакушала па-рознаму — паездкай у экзатычную краіну ў якасьці памочніц для пакупкі тавараў, прапаноўвала за вялікія грошы пабыць прыслугаю на віле ў багатага бізнэсоўца. На абяцаньні спакусіліся і пяцёра непаўнагадовых.

Насамрэч дзяўчаты ў далёкім Стамбуле станавіліся па-сутнасьці рабынямі. Сутэнэры адбіралі ў іх пашпарты і вымушалі аказваць інтымныя паслугі”.


Гісторыі, якія распавёў наш гомельскі карэспандэнт, прывялі да крымінальных справаў паводле 181 артыкулу Крымінальнага Кодэксу. А гэты артыкул прадугледжвае да 15 гадоў турмы. Але супакойвацца няма падставаў. Як заўважаюць адмыслоўцы, ня больш за 10% падобных выпадкаў становяцца вядомымі праваахоўчым органам. Чаму? Справа ня толькі ў часам неэфэктыўнай працы сьледчых. Галоўнае, што гандаль людзьмі ва ўмовах масавага зьбядненьня становіцца звышпрыбытковым заняткам. Дарэчы, беларусаў прадаюць ня толькі на захад, але ўсё часьцей і на ўсход. Распавядае наш магілёўскі карэспандэнт Аляксандар Сердзюкоў:

(Сердзюкоў: ) “Паводле афіцыйнай статыстыкі, на Магілёўшчыне некалькі тысяч беспрацоўных. На самой справе іх у шмат разоў больш, бо далёка ня кожны сьпяшаецца ў службу занятасьці. Бальшыня марыць заробіць добрыя грошы за мяжой, і з-за гэтага людзі нярэдка трапляюць у рукі прайдзісьветаў. Шматлікія аб’явы заклікаюць паспытаць шчасьця ў замежных краінах і найперш у Расеі. У асноўным праца аплачваецца. Але толькі сёлета зарэгістраваныя дзясяткі выпадкаў, калі людзей завозяць за мяжу і прымушаюць працаваць бясплатна.

Мэханізм махінацыяў даволі просты. Магілёўскія будаўнікі Віктар і Анатоль чытаюць аб’яву, што ў Падмаскоўі патрабуюцца працаўнікі з заробкам 700 даляраў на месяц. Едуць на сустрэчу, бачаць прыстойных мужчынаў, дамаўляюцца, атрымліваюць па 200 далярау за праезд і паслугі. Прыяжджаюць, трапляюць да гаспадароў, нейкі час працуюць, а потым высьвятляецца, што працавалі задарма. Але іх не адпускаюць. А калі яны пачынаюць пратэставаць, садзяць у жалезную бочку і не даюць ежы.

У іншым выпадку жанчыны наймаюць двух непаўнагадовых дзяўчынак нібыта для таго, каб гандляваць у Маскве садавінай і гароднінай. У Маскву яны прыехалі, але гандляваць прыйшлося зусім іншым.

Як паведамілі ў абласным упраўленьні ўнутраных справаў, людзі, якія пацярпелі за мяжой ад махінацыяў, пераважна не жадаюць ісьці ў міліцыю. Баяцца, што іх прыцягнуць да адказнасьці за ўладкаваньне на працу па-за межамі законных фірмаў. Міліцыянты ўвогуле сьцьвярджаюць, што гэтымі справамі займаецца КГБ. А гэтае ведамства адмаўляецца камэнтаваць сытуацыю і ў сваю чаргу спасылаецца на міліцыю”.


Дарэчы, праваабаронцы цэнтру “Вясна” пацьвярджаюць, што ім не вядомыя выпадкі, калі б беларускія праваахоўчыя органы паводле заяваў грамадзянаў аб продажы іх у рабства праводзілі б нейкія сьледчыя дзеяньні ў Расеі. Праваабаронцы лічаць, што гэта сьведчыць пра масавае парушэньне права грамадзянаў краіны на волю.

Пры канцы нагадаю пра справы зьніклых беларускіх палітыкаў. Ёсьць падставы меркаваць, што падчас нядаўняй сустрэчы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі гэтая тэма закраналася. Нагадаю, напярэдадні Пуціну быў дасланы зварот сваякоў зьніклых. А фактам ёсьць тое, што дачыненьні між кіраўнікамі краінаў рэзка сапсаваліся, і Ўладзімер Пуцін публічна крытыкаваў парадкі ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG