Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАГІНУЛЫ ЎЧОРА СУПРАЦОЎНІК САВЕТУ БЯСЬПЕКІ БЫЎ ЦЬВЯРОЗЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

За больш шчыльнай заслонай сакрэтнасьці схавалася сёньня справа загадчыка аддзелу Савету Бясьпекі Ігара Голубева, які ўчора загінуў, выпаўшы з гаўбца гатэля “Магілёў”.

Фармальна справу вядзе магілёўская абласная пракуратура, аднак, паводле крыніцаў, насамрэч кантралюе расьсьледаваньне мясцовы КГБ. Гэта адбілася і на паводзінах людзей, якія валодаюць пэўнай інфармацыяй пра інцыдэнт. Калі ўчора супрацоўнікі гатэля яшчэ ішлі на кантакт з прадстаўнікамі мэдыяў, засьцерагаючыся толькі называць свае імя, то сёньня мае суразмоўцы адразу змаўкалі, калі я прадстаўляўся журналістам.

Прэсавы сакратар магілёўскай пракуратуры адразу заявіла, што нічога ня ведае пра абставіны сьмерці Ігара Голубева, але зазначыла, што адзінай верагоднай вэрсіяй сьледзтва лічыць няшчасны выпадак. Прэсавы сакратар Савету Бясьпекі Сяргей Верашчак таксама настойвае на гэтай вэрсіі. Ён абгрунтоўвае яе паказаньнямі сьведкаў, якія быццам назіралі за інцыдэнтам.

(Верашчак: ) “Ёсьць сьведкі, якія бачылі, як ён спрабаваў, перагнуўшыся праз парэнчы, схапіць дакумэнты, якія выпалі. Хутчэй за ўсё ў яго з кішэні выпала службовае пасьведчаньне. Але, відаць, не ўтрымаўся і паляцеў уніз. Тое, што ён яшчэ пэўны час трымаўся рукамі за парэнчы, тым больш сьведчыць, што гэта не самагубства. Наконт ужываньня алькаголю — паводле сьведкаў, ён быў цьвярозы. Тым больш, гэта было раніцай”.

Што да сьледчых, якія вядуць справу, то ня тое што іхныя тэлефоны, а нават імёны трымаюцца ў сакрэце.

Сяргей Верашчак толькі паведаміў некаторыя біяграфічныя зьвесткі пра Ігара Голубева. У Савет Бясьпекі той прыйшоў з вайсковай службы, меў званьне падпалкоўніка. Быў жанаты, меў дзяцей. Паводле зьвестак, сямейных праблемаў, якія б маглі прывесьці да самагубства, у яго не было. Адзначаецца, што быў дужым, меў добрае здароўе.

Факт, што з чалавекам пры такіх фізычных дадзеных мог адбыцца інцыдэнт, у выніку якога ён выпаў з гаўбца, у Савеце Бясьпекі камэнтаваць адмовіліся. Паведамілі толькі, што гэта першы падобны выпадак у гэтай установе. Пра падобныя здарэньні з супрацоўнікамі іншых спэцслужбаў там ня ведаюць.

Нагадаю, учора на хвалях Радыё Свабода згадвалася, што некалькі гадоў таму у Менску з гаўбца дому на Нямізе вываліўся і загінуў начальнік зьнешняй выведкі Жукавец. “Мы да гэтага ня маем дачыненьня. І ўвогуле Ігар Голубеў ніякімі таемнымі справамі не займаўся, ягоным абавязкам было арганізоўваць мерапрыемствы кшталту сэмінараў”, — сказалі мне ў Савеце Бясьпекі Беларусі.
XS
SM
MD
LG