Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ — АДЗІНАЯ ЭЎРАПЕЙСКАЯ ДЗЯРЖАВА, ЯКАЯ НЕ КЛАПОЦІЦЦА ПРА МАГІЛЫ САЛДАТАЎ НЯМЕЦКАЙ АРМІІ ДРУГОЙ УСЯСЬВЕТНАЙ ВАЙНЫ


Галіна Абакунчык, Менск

Супраць ратыфікацыі міждзяржаўнага пагадненьня шматлікія беларускія вэтэранскія арганізацыі працягваюць пратэставаць і цяпер. Таму законапраект ад 1997 году знаходзіцца нібыта на дапрацоўцы ва ўрадзе. З мэтай актывізаваць ратыфікацыю пагадненьня й на юрыдычнай аснове распачаць працу па захаваньню й догляду салдацкіх пахаваньняў, сёлета ў Беларусі было адкрытае прадстаўніцтва Народнага зьвязу Нямеччыны — уплывовай грамадзкай арганізацыі, якая дзейнічае ў шэрагу краінаў сьвету.

Нямецкі фонд “Саксонскія мэмарыялы ў памяць ахвяраў палітычнай тыраніі” таксама падпісаў пагадзеньне аб супрацоўніцтве з Нацыянальным цэнтрам архіваў і Камітэтам дзяржбясьпекі Беларусі. Аднак паводле кіраўніка цэнтру архіваў Уладзімера Адамушкі, нават пра агульныя пляны супрацоўніцтва сёньня гаварыць рана.

Не знайшлі чаго паведаміць пра вынікі дзейнасьці й у Народным зьвязе. Галоўнай прычынай ёсьць адсутнасьць міждзяржаўнага пагадненьня, што перашкаджае грамадзкім арганізацыям даглядаць і захоўваць пахаваньні — лічаць у Фондзе ўзаемапаразуменьня й прымірэньня. Гаворыць супрацоўнік фонду Генадзь Касянкоў:

(Касянкоў: ) “Пакуль дзяржава не ратыфікуе гэтае пагадненьне, ніхто займацца ня будзе. Будуць толькі на ўзроўні дамоваў і перамоваў, а каб займацца практычна — неабходна, каб гэта было ўзаконена. Важна, каб пахаваньні былі дагледжаныя. У Нямеччыне я бачыў, у якім стане пахаваньні нашых салдатаў. А ў нас гэтая праца практычна не вядзецца”.

Аднак пра вынясеньне беларуска-нямецкага пагадненьня на паўторную ратыфікацыю сёньня нават гаворкі ня йдзе, бо ў палаце прадстаўнікоў ня ведаюць нават, калі ўрад верне дакумэнт. Гаворыць загадчык аддзелу Камісіі міжнародных справаў Аляксандар Капцэвіч:

(Капцэвіч: ) “Я ня ведаю, чаму ўрад ня ўносіць. Я думаю, што ўрад таксама прыслухоўваецца да таго, што цяпер у грамадзтве адбываецца, якія думкі ходзяць на гэты конт”.

(Карэспандэнт: ) “А ці атрымоўваеце вы звароты ад грамадзкасьці?”

(Капцэвіч: ) “Вельмі шмат. І тады, як першы раз на ратыфікацыю быў прапанаваны, і зараз. На пачатку году вялікая хваля лістоў прыйшла. Хваля адмоўная. У лістах няма ідэі ў падтрымку. Ёсьць толькі ідэі супраць. Вэтэраны ў асноўным супраць. Калі закон будзе ўнесены, ён будзе ісьці вельмі ня проста — адно магу сказаць”.

У Беларусі зарэгістраваныя больш за 300 вайсковых пахаваньняў першай і другой усясьветных войнаў, дзе знайшлі апошні зямны прытулак каля 91 тысячы чалавек. На многіх гэтых месцах цяпер збудаваныя жылыя дамы й нават дзіцячыя садкі — альбо яны проста занядбаныя. Нагадаю, што міждзяржаўныя пагадненьні па захаваньню й догляду за нямецкімі вайсковымі пахаваньнямі ў Расеі й Украіне дзейнічаюць адпаведна з 1992 і 1996 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG