Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАДРЫХТАВАНЫ ПРАЕКТ ДЭКРЭТУ ПРА СТАБІЛІЗАЦЫЮ ПЭНСІЙНАЙ СЫСТЭМЫ КОШТАМ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле зьвестак урадавых крыніцаў, на подпіс Аляксандру Лукашэнку накіраваны праект дэкрэту пра неадкладныя захады дзеля стабілізацыі фінансавага стану Фонду сацыяльнай абароны.

Дакумэнт прапануе новы парадак сацыяльнага страхаваньня для індывідуальных прадпрымальнікаў — з абавязковай уплатай прадпрымальнікамі ўнёскаў у Фонд сацыяльнага страхаваньня. Мяркуецца, што памер унёскаў дробных бізнэсоўцаў складзе 36% ад сумы пражытковага мінімуму.

Намесьнік старшыні Беларускага прафсаюзу прадпрымальнікаў Леанід Каліценя, камэнтуючы нашаму радыё пляны ўладаў, зазначыў:

(Каліценя: ) “Падчас абмеркаваньня высьветліцца, што людзі будуць незадаволеныя новымі паборамі. Таму што няма даверу да гэтай пэнсійнай сыстэмы. Бо ўсе бачаць, што нашыя дзядулі ды бабулі вымушаныя зьбіраць бутэлькі. Даверу да гэтай сыстэмы няма яшчэ і таму, што гэтую сыстэму з намі ня абмяркоўвалі”.

Не абмяркоўвалася гэтая ініцыятыва і ў Фэдэрацыі прафсаюзаў. Як зазначыў кіраўнік сацыяльна-эканамічнага аддзелу Фэдэрацыі Сяргей Сарокін, улады гэтак спрабуюць вырашыць свае фінансавыя праблемы:

(Сарокін: ) “Паглядзелі, што там вялікая армія прадпрымальнікаў. Бюджэт пражытковага мінімуму складае 76 тысяч 600 рублёў. Унёскі з гэтай сумы — больш як 20 тысяч рублёў з чалавека. Такім чынам урад шукае дадатковую крыніцу напаўненьня Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва”.

Кіраўніцтва дзяржаўнага Фонду сацыяльнай абароны, які ёсьць адным з ініцыятараў навіны, лічыць прэтэнзіі прадпрымальнікаў неабгрунтаванымі. Гаворыць намесьнік кіраўніка фонду Леанід Пісарчык:

(Пісарчык: ) “А хто са мною раіўся, калі назначалі тарыф 35%?! І чаму, калі ён прадпрымальнік, дык зь ім трэба раіцца? Я гэтага не магу зразумець. 36% — так як і для ўсіх, тарыф у нас дастаткова вялікі. Але ён для ўсіх вялікі — ня толькі для прадпрымальнікаў”.

А вось як пракамэнтаваў намер уладаў індывідуальны прадпрымальнік, старшыня выканкаму грамадзкага аб’яднаньня “Альтэрнатыва-ХХІ” Сяргей Балыкін:

(Балыкін: ) “Беларуская пэнсійная сыстэма пабудаваная на прынцыпе салідарнасьці пакаленьняў. Гэта азначае, што маладыя, тыя хто працуе, плацяць унёскі ў Фонд сацыяльнай абароны, каб той плаціў пэнсіі іх бацькам. Але ніхто ня можа гарантаваць, што Фонд сацыяльнай абароны праз 30 гадоў не збанкрутуе і зможа выканаць свае абавязкі перад прадпрымальнікамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG