Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ЧАС ШКОЛЬНЫХ ВЫПУСКНЫХ БАЛЯЎ У ГАНДЛЁВАЙ СЕТЦЫ ЗАБАРОНЕНЫ ПРОДАЖ УСІХ СЬПІРТОВЫХ НАПОЯЎ І ПІВА


Ігар Карней, Менск

Ужо з раніцы бацькі выпускнікоў абураліся “аблогамі”, якія сёньняшняй ноччу мелі месца ў бальшыні буйных школаў краіны. Прыкладам, у сталічную школу мікрараёну Сухарава адмысловы дэсант з РАНА прыехаў а другой гадзіне начы. Мэта была адна: нешта кшталту алькагольнага тэставаньня ўчорашніх школьнікаў. У выніку некалькі бутэлек шампанскага, якія былі набытыя бацькамі ды выстаўленыя на сьвяточны стол, былі экспрапрыяваныя і пасьля расьпітыя самімі ж кантралёрамі ў кабінэце дырэктара.

Бацькі жартуюць, што з такім жа посьпехам можна змагацца з п’янствам і ў часе іншых сьвятаў — прыкладам, Калядаў ці Новага году, калі тыя ж падлеткі міжволі трапляюць у лік патэнцыйных выпівохаў. Іншая справа, што ніколі яшчэ на такім узроўні і такімі мэтадамі не змагаліся зь півам. А менавіта ад учорашняга дня вітрыны з гэтым напоем альбо прыкрытыя газэтамі, альбо бутэлькі далей ад бяды схаваныя ўвогуле.

Зрэшты, менавіта ля піўных шапікаў учора ды сёньня разгараліся сапраўдныя жарсьці. З улікам надзвычай сьпякотнага надвор’я, жадаючых задаволіць смагу гэтымі днямі як ніколі шмат. Зьвяртаюся да аднаго з аматараў піва, як ён ставіцца да таго, што яго фактычна пазбавілі любімага напою.

(Аматар піва: ) “Як я магу ставіцца, ну? Прыйшоў папіць піва пасьля працы. Гарачыня такая. А тут нічога не прадаюць. Натуральна, трэба папярэджваць малагодкаў, каб у злачыннасьць ня кідаліся. Але разумееце што... Чаму павінны пакутаваць нармальныя людзі? Працоўныя ў першую чаргу...”

(Карэспандэнт: ) “Вы лічыце, што школьнікі ня вартыя таго, каб раз на год пад іх падладжвалася большая частка насельніцтва?”

(Аматар піва: ) “А чаму мы павінны падстройвацца? Нас жа ўрэшце, калі лічыць, бальшыня! Колькі гэтых школьнікаў? Ды што яны, алькаголікамі сталі? Гарадзкія ўлады, я так разумею, пасьля трагедыі на Нямізе перастрахоўваюцца. Дык ня трэба перастрахоўвацца, трэба нармальна працаваць цягам году. А не ў адзін дзень імкнуцца прывіць антыалькагольныя звычкі”.

А чым, напрыклад, кіравалася кіраўніцтва менскага гарвыканкаму, калі пад страхам пазбаўленьня ліцэнзіі давала загад спыніць продаж гарэлкі ды піва? Гаворыць кіраўніца прэсавага цэнтру Менгарвыканкаму Алена Аўрынская:

(Аўрынская: ) “П’юць–ня п’юць, але выпускныя вечары былі заплянаваныя безалькагольныя. Каб прадухіліць розныя эксцэсы, быў продаж сьпіртнога забаронены. І тое, што ноч не гандлявалі алькаголем — нічога страшнага, нават наадварот. Прынамсі, гэтыя малыя пазбавіліся спакусы пайсьці і выпіць яшчэ, “дабавіць”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж у барах прадавалі алькаголь без абмежаваньняў?”

(Аўрынская: ) “Ну, у барах. Не ва ўсіх ёсьць грошы. І адзін у бар ня пойдзе, трэба йсьці кампаніяй. А кампаніяў не было. Калі прадухілілі гэтыя выпіўкі, то нічога страшнага”.

Такім чынам, Беларусь паўтарае досьвед сумнавядомай эпохі барацьбы з алькагалізмам, якую ў 1985 абвесьціў прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў. Тады таксама распачыналася зь безалькагольных вясельляў і пахаваньняў, разнастайных вытворчых ды прыватных юбілеяў пад гарбату ды, натуральна, пазбаўленых алькагольных сталоў выпускных вечарынаў. Праз колькі гадоў было абвешчана, што сотні тысяч гектараў вінаграднікаў былі змарнаваныя, а прымусовымі мэтадамі змагацца з алькагольнай навалай немагчыма. Беларускія чыноўнікі чарговы раз бяруцца за рэвізію гісторыі.
XS
SM
MD
LG