Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ І РАСЕЯ МАЮЦЬ РОЗНЫЯ ПАДЫХОДЫ ДА БУДАЎНІЦТВА САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ


Уладзімер Глод, Менск

Паводле кіраўніка замежнапалітычнага ведамства Беларусі Міхаіла Хвастова, цяпер у адносінах Беларусі й Расеі ёсьць вызначальная для абедзьвюх краінаў выснова. Якая яна? Гаворыць міністар Міхаіл Хвастоў:

(Хвастоў: ) “Я адзначыў бы адзін элемэнт, на якім можа трымацца саюзная дзяржава і атрымаць разьвіцьцё. Гэта элемэнт сувэрэнітэту. Абедзьве дзяржавы застаюцца самастойнымі суб’ектамі міжнародных дачыненьняў і адпаведна міжнароднага права. Вось галоўная ідэалёгія нашага саюзнага будаўніцтва”.

Міністар замежных справаў не сказаў, ці падзяляе менавіта такі падыход Крэмль. Але ён прызнаў, што ў Расеі існуюць некаторыя палітыкі, якія хацелі б стварыць на базе Расеі й Беларусі фэдэратыўную дзяржаву. Але гэтая прапанова ня пройдзе, зазначыў спадар Хвастоў. Зь ягоных словаў можна зразумець, што афіцыйны Менск згодны толькі на касмэтычныя папраўкі.

(Хвастоў: ) “Мы дапускаем магчымыя невялікія папраўкі, якія неабходна ўнесьці з гледзішча сёньняшьняга дня ў дамову, але ніякіх карэнных перапрацовак дамовы быць не павінна. Не перагляд дамовы, а яе дапрацоўка з гледзішча, з пазыцыяў сёньняшняга дня. І, канечне, мы выступаем за захаваньне прынцыповых палажэньняў, якія замацаваныя дамовай. Менавіта саюзная дзяржава, а не міжурадавы альбо дзяржаўны саюз, як гэта бачыцца некаторым палітыкам Расеі, — вось ідэалягічная лінія, палітычная, калі хочаце, якой мы прытрымліваемся, якую мы будзем адстойваць”.

Між тым, падобна на тое, што расейскі бок усё ж мае намер зьмяніць пэўныя палажэньні дамовы. Сёньня міністар Хвастоў гэта фактычна прызнаў, калі сказаў, што шэраг паправак, якія прапаноўваюць Беларусі, супярэчаць канцэпцыі саюзнай дзяржавы.

(Хвастоў: ) “Напрыклад, прапановы, якія ўнесеныя нам расейскім бокам, не ўпамінаюць сярод пытаньняў выкарыстаньне саюзнай дзржавай адзінай грашова-крэдытна-валютнай палітыкі. Тое, што прапануецца сёньня — вывесьці адносіны на ўзровень двухбаковых дзяржаўных адносінаў Беларусі й Расеі, якія ажыцьцяўляліся б на аснове заключэньня двухбаковых дагавораў, яны нас не задавальняюць. У тым пляне, што з прадмету выкарыстаньня саюзнай дзяржавы выключаюцца фундамэнтальныя моманты, і, уласна кажучы, гэта будзе палітычная канструкцыя, якая будзе заставацца нядзеяздольнай”.

Да 25 чэрвеня расейскаму боку, паводле міністра, будуць перададзеныя прапановы, якія выражаюць беларускае бачаньне сытуацыі. Магчыма, што яны будуць абмеркаваныя на сустрэчы Ўладзімера Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі пасьля врятаньня расейскага прэзыдэнта з Канады. Як сказаў кіраўнік замежнапалітычнага ведамства Беларусі, такая сустрэча пасьля вяртаньня Ўладзімера Пуціна ў Маскву, мабыць, адбудзецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG