Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАЎЧАНЬНЕ Ў КУРАПАТАХ


Аляксандар Лукашук, Прага

…Мы ўжо прайшлі па могілках, пастаялі ля правалаў у мяккай лясной зямлі, дзе стаялі сьвечкі, ляжалі кароткія цыдулкі ад дзяцей ахвяраў, а зьверху на галінках былі завязаныя бел-чырвона-белыя стужкі. Знакі памяці. Айцец Мікалай адслужыў службу па нявінна забітых ахвярах камунізму. Я памятаю пытаньне, якое задаваў, якое, як мне падалося, было абмінутае ў службе і малітве. Як, на думку беларускага сьвятара з Паўночнай Амэрыкі, быць з катамі? Ахвярам – вечная памяць. А катам?

Мікалай маўчаў, было чуваць, як па кальцавой дарозе набліжаецца цяжкі грузавік, потым другі.

“Сказана: маліцеся і за тых, хто ненавідзіць вас, бо ня ведаюць што робяць”, – так, пасьля паўзы, адказаў тады сьвятар. Ціхі голас, які амаль патануў у адкрытым курапацкім паветры.

Трэба памятаць і пра катаў, так я зразумеў ягоны адказ.

Беларускі сусьвет на мяжы стагодзьдзяў трымаецца на постацях, сама прысутнасьць якія надае спакой і ўпэўненасьць: Васіль Быкаў, Аляксандар Надсан, Івонка Сурвіла. Мітрапаліт Мікалай трымаў цэлую атлянтыду беларускай замежнай царквы, яе пакутнікаў і сьвятых на сваіх плячох.

Ён не сьпяшаўся з адказам пра катаў, бо ягоны клопат быў пра ахвяраў.
XS
SM
MD
LG