Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЖУРНАЛІСТЫ ГАРАДЗЕНСКАЙ “ПАГОНІ” ВЫСТУПІЛІ Ў СУДЗЕ З АПОШНІМ СЛОВАМ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Спачатку з апошнім словам выступіў Павал Мажэйка. Сваю прамову ён пачаў так:

(Мажэйка: ) “Я ўпершыню і, дасьць Бог, у апошні раз выступаю з апошнім словам. Публічна, на падобных мерапрыемствах. Я пастараюся не кранаць юрыдычны бок справы. Гэта за мяне бліскуча зрабіў мой абаронца. Я пастараюся і скажу пра пачуцьці, пра тое, што адчувае невінаваты чалавек, якога вось ужо 10 месяцаў сапраўды трымаюць на эшафоце, пакуль некалькі чалавек прымерваюць і выбіраюць для маёй шыі вяроўку. Выбралі”.

Павал Мажэйка сказаў далей, што кожнае слова дзяржаўнага абвінаваўцы забівала ў яго надзею на тое, што на Беларусь будуць глядзець як на нармальную краіну. І размаўляць з намі як з нармальным грамадзтвам, дзе дакладна разьмежавана — дзе злачынства, а дзе — выказваньне сваёй пазыцыі.

Працэсам цікавяцца сябры Паўла з замежжа. Іх зьдзіўляе, што пракурор абвінавачвае, карыстаючыся ня доказамі, а словамі “думаю”, “мне здаецца”, “магчыма”. Гэта бяспраўе, — абураюцца замежныя калегі Паўла. Далей ён сказаў:

(Мажэйка: ) “Чалавек, журналіст, на мой погляд, можа быць карысным сваёй бацькаўшчыне толькі тады, калі здымае ружовыя акуляры, ясна бачыць радзіму, ясна бачыць яе праблемы і адкрыта гаворыць і піша пра гэта”.

Павал Мажэйка сказаў, што яны не злоўжывалі свабодай слова — немагчыма злоўжываць тым, чаго ў Беларусі няма. Ён сказаў, што болей ня просіць у суду апраўдаць яго, а толькі просіць, каб суд вынес справядлівы прысуд, а не рабіў паслугу, патрэбную ўладам.

Мікола Маркевіч пабудаваў сваю прамову на паралелях з 1937 годам, у жыцьці краіны і ў жыцьці ягонай сям’і:

(Маркевіч: ) “Высокі суд, паважаныя прысутныя. 2 лістапада 1937 году органамі НКВД быў арыштаваны мой дзед — Маркевіч Майсей Савельевіч. Арыштаваны быў проста ў сябе ў хаце. У глухой тады прыпяцкай вёсачцы Чэрнічы Тураўскага раёну Палескай вобласьці. Зьбянтэжанага, не разумеючага, што адбываецца, адразу пасьля арышту яго этапавалі ў лягер, які быў разьмешчаны каля станцыі Кандалакша Мурманскай вобласьці. Праз пэўны час мой дзед атрымаў афіцыйныя паперы, зь якіх даведаўся, што знакамітай “тройкай” ён завочна асуджаны паводле ня менш знакамітага артыкулу 58 Крымінальнага кодэксу СССР — за антысавецкую агітацыю і прапаганду”.

Маркевіч сказаў, што ў якасьці рэчавага доказу вінаватасьці ягонага дзеда ў матэрыялах справы фігуравала Біблія. Дзед загінуў у ГУЛАГу. Журналіст бачыць паралелі з тым часам.

Ён зазначыў, што краіна вяртаецца ў мінулае, у 1937 год. Сёньняшні суд — таму пацьверджаньне. Людзей зноў перасьледуюць за перакананьні й погляды. Грамадзтва апаноўвае страх. Па тэлевізары выкрываюць ворагаў і шкоднікаў, як калісьці. Пачалі зьнікаць людзі.

Гаворыць Мікола Маркевіч:

(Маркевіч: ) “Высокі суд, я спадзяюся, што вы разумееце ўсю сымбалічнасьць, знакавасьць і значэньне гэтага працэсу для ўсяго беларускага грамадзтва ў цэлым, а ня толькі для мяне і Паўла. Ад вашага рашэньня, ад вашага прысуду будзе залежаць, якога колеру сьвятло будзе запалена на сьветлафоры, што вызначае кірунак руху Беларусі ў будучыню. Якім будзе дэвіз гэтага руху: назад—у будучыню? Ці наперад у будучыню?”

Мікола Маркевіч назваў справу супраць сябе і Паўла Мажэйкі злачынствам супраць свабоды слова. У панядзелак у 14 гадзінаў судзьдзя Тацяна Клімава зачытае прысуд журналістам.
XS
SM
MD
LG