Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАРА ІВАШКЕВІЧА АБВІНАВАЧВАЮЦЬ У ПАКЛЁПЕ НА ПРЭЗЫДЭНТА


Віталь Цыганкоў, Менск

Крымінальная справа была адкрытая па факту публікацыі летась у верасьні ў газэце "Рабочы" артыкулу "Злодзей павінен сядзець у турме". Тады, дарэчы, увесь наклад гэтага нумару памерам 400 тысячаў асобнікаў быў арыштаваны ў друкарні. Зь Івашкевіча была ўзятая падпіска аб нявыезьдзе і неразгалошваньні матэрыялаў справы. Вось што паведаміў сам Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Сёньня сьледчы пракуратуры Першамайскага раёну ўручыў мне абвінавачаньне паводле артыкулу 367 пункт 2 – гэта паклёп на прэзыдэнта з абвінавачаньнем яго ў асоба цяжкіх злачынствах, таксама артыкул 368 – гэта абраза прэзыдэнта, і артыкул 14 – гэта намер зьдзяйсьненьня злачынства, маецца на ўвазе тое, што выпуск газэты рабочы, у якім зьмяшчаўся артыкул “Вор павінен сядзець у турме”, быў канфіскаваны ў друкарні і ня быў распаўсюджаны.

Допыты папярэдняга следзтва ўжо скончыліся, зараз матэрыялы перадаюцца ў суд, ну і суд ужо вырашыць паводле свайго графіку, калі ён прыступіць да разгляду маёй справы”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ў размовах са сьледчымі неяк спрабавалі высьветліць, чым выкліканае тое, што праз паўгоду пасьля прэзыдэнцкіх выбараў яны ўзбудзілі гэтую справу? Яны нешта тлумачылі з гэтай нагоды?”

(Івашкевіч: ) “Яны тлумачылі гэта тым, што справа складаная, яны мусілі шмат розных дасьледаваньняў зрабіць, у інстытут мовазнаўства, у пракуратуру, у гаспадарчыя суды і гэтак далей. Справа ў тым, што ў тым артыкуле былі выкладзеныя факты карупцыі ў адміністрацыі прэзыдэнта, там называюцца канкрэтныя фірмы, грошы, рахункі, яны мусілі ўсё гэта правяраць”.
XS
SM
MD
LG