Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ТАРОНТА ПАМЁР МІТРАПАЛІТ БЕЛАРУСКАЙ АЎТАКЕФАЛЬНАЙ ПРАВАСЛАЎНАЙ ЦАРКВЫ ЎЛАДЫКА МІКАЛАЙ


Віялета Кавалёва, Таронта

Міхал Мацукевіч – гэта было ягонае імя пры нараджэньні –нарадзіўся 21 траўня 1917 году ў Самарскай губерні, куды ягоныя бацькі ўцяклі ад вайны. Маці памерла, калі маленькаму Міхалу было толькі 6 месяцаў, а бацька Кандрат вярнуўся ў Беларусь, у родны Мотыль, у 1921 годзе.

Калі малады Міхал Мацукевіч падросу і пайшоў служыць у Польскае войска, пачалася другая сусьветная вайна. Ён быў абаронцам Брэсцкай крэпасьці ў 1939 годзе. Падчас гэтае абароны ён быў цяжка паранены і лячыўся ў шпіталі.

Потым за савецкім часам вучыўся на настаўніцкіх курсах, за немцамі трапіў у канцлягер. Пры канцы вайны служыў у польскім войску ў Ангельшчыне. Там жа ён і далучыўся да беларускага згуртаваньня.

Ад 1951 году Міхал Мацукевіч жыў у Канадзе. Пераканаўшыся, што беларуская грамада ў Канадзе загіне без сваёй царквы, ён вырашыў вучыцца на сьвятара. Вучыўся ён таксама тут, у Канадзе, у Вініпэгу ў Калегіі сьвятога Андрэя. Зараз усе беларусы Таронта ў жалобе і страшэннай разгубленасьці. Беларускае жыцьцё тут заўсёды гуртавалася вакол Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, а царкву гэтую шмат гадоў узначальваў уладыка Мікалай. Ён быў цэнтрам, сымбалем усяго жыцьця тут.

26 траўня мы ўсе разам адзначалі ягоную 85-ую гадавіну ў царкве. Было шмат падарункаў, цёплых словаў, была вельмі радасная і шчырая сяброўская сустрэча. І ніхто тады ня думаў, што нам застаецца быць разам з уладыкам менш за месяц…

Пахаваньне ўладыкі Мікалая адбудзецца ў Нью-Ёрку.
XS
SM
MD
LG