Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ГЭТЫЯ ЛЮДЗІ ГАТОВЫЯ НА ЎСЁ, КАБ НА ІХНЫХ ПАГОНАХ ЗАЗЬЗЯЛА ЛІШНЯЯ ЗОРКА”


Сяргей Астраўцоў, Горадня

24-гадовага Паўла Мажэйку судзяць за выказваньне аб тым, якім ён бачыць сапраўднага прэзыдэнта Беларусі. За якога не было б сорамна перад замежнымі сябрамі і калегамі. Пра якога прыемна было б узгадваць. Якім можна было б ганарыцца.

Для Паўла Мажэйкі такім прыкладам ёсьць чэшскі прэзыдэнт Вацлаў Гавэл. Канцылярыя якога, дарэчы, выказала пратэст супраць суду над гарадзенскімі журналістамі. Гавэл для Паўла — ідэал палітыка і маральны аўтарытэт.

З газэтай “Пагоня” Павал зьвязаны даўно. Ён гаворыць, што яна спрыяла ягонаму сталеньню. Пачаў друкавацца, калі ў газэту прыйшла студэнцкая моладзь. Сам таксама вучыўся ва ўнівэрсытэце. Адразу давялося пісаць на самыя разнастайныя тэмы. Найбольш запомнілася інтэрвію зь вядомай гарадзенскай паэткай Данутай Бічэль. Чытачы газэты абралі самай знакамітай гарадзенкай ХХ стагодзьдзя Ларысу Геніюш, якую добра ведала Данута Бічэль. Яны якраз размаўлялі зь ёй пра нязломную беларуску Ларысу Геніюш. Паўлу ўдалося разгаварыць паэтку, і ў іх атрымалася цікавая гутарка.

У вольны час Павал любіць чытаць кнігі. Стараецца купляць навінкі беларускай літаратуры. Амаль штогод перачытвае Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”. У галоўным героі рамана — Алесе Загорскім – ён адзначае і рысы, уласьцівыя яму самому. Паўлу даспадобы, што сёньня беларуская літаратура разьвіваецца цалкам у эўрапейскім рэчышчы. Яму падабаюцца разважаньні Адама Глёбуса, чытае з задавальненьнем Лявона Вашко, Гуменюка, часопіс “Калосьсе”. Яму хочацца ганарыцца ўсім беларускім.

(Мажэйка: ) “Нягледзячы, што маю 24 гады, усё сьвядомае жыцьцё мне хацелася быць проста грамадзянінам сваёй краіны. Што для мяне азначае быць чалавекам, які мае права выказваць свае думкі, публікаваць свае думкі. Можа, гэта крыху патасна гучыць, але калі я працаваў у “Пагоні”, то адчуваў сябе грамадзянінам. І на будучыню хачу, каб гэтае маё права можна было рэалізаваць у нашай краіне.

У Паўла няма ў думках, у марах зьехаць у іншую краіну. Яму падабаецца родная Беларусь. Толькі хочацца, каб яна стала лепшай. Паводле адукацыі ён гісторык. Але яго болей вабіць не мінуўшчына, ня рыцарскія часы, а сучасная гісторыя. Яму цікава тое, як беларусы распараджаюцца дадзенай ім магчымасьцю жыць у сваёй хаце і сваім розумам. Ён лічыць, што нам патрэбна болей людзей, якія займаюць трывалую пазыцыю, не сыходзяць ва ўнутраную эміграцыю. У яго нямала сяброў, якія з надзеяй глядзяць у будучыню і робяць сваю справу. А якая будучыня чакае самога Паўла?

(Мажэйка: ) “Лічу, што цудаў не бывае. Можа быць толькі сэкундны паварот лёсу тварам да мяне. Таму я амаль на 100 адсоткаў упэўнены, што ня будзе ніякага апраўдальнага выраку, а будзе абвінаваўчы прысуд. Героем я сябе не адчуваю, я ня ведаю нават, што такое турма. І, шчыра кажучы, баюся гэтага, але магу сьцьвярджаць, што я сьвядома стаю на гэтым шляху.

***

“Пагоня” была ня проста месцам працы для Міколы Маркевіча. Яна была часткай ягонага жыцьця. Тым, да чаго ён ішоў усё сваё папярэдняе жыцьцё. Ён прызнаецца, што жыў ёю. Газэта бараніла, ратавала людзей. “Пагоня” — гэта я, – гаворыць ён з усьмешкай. 29 чэрвеня яму споўніцца 40 гадоў.

Напачатку ім быў створаны культурна-асьветны фонд “Бацькаўшчына”. Бо грошы на газэту можна здабыць толькі ўласнай працай. І гэта было зроблена. Зь цягам часу фонд, якім кіраваў Маркевіч, замацаваўся. Пачалі падтрымліваць хор “Бацькаўшчына”, які існуе да сёньня. Навязалі сувязі зь беларусамі Беласточчыны і Віленшчыны.

У жыцьці Маркевіча быў таксама ўдзел у парлямэнцкай апазыцыі. Дэпутат Маркевіч прадстаўляў у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня Прынёманскі раён Горадні. Была славутая галадоўка, якая закончылася драматычна. Мікола ўспамінае, што прапанаваў тады пачаць галадоўку пратэсту супраць рэфэрэндуму, і сам удзельнічаў у ёй.

Было ў жыцьці і сутыкненьне з Аляксандрам Лукашэнкам. І Маркевіч нават падаваў на яго пазоў у суд. За абразу гонару і годнасьці. Дэпутат Лукашэнка ў антыкарупцыйным дакладзе назваў Маркевіча крадзежнікам. Але крымінальную справу закрылі — праз адсутнасьць факту злачынства. Тады Мікола падаў пазоў. Аднак у судзе адмовіліся яго прыняць. Лукашэнка стаў прэзыдэнтам.

(Маркевіч: ) “Памятаю, што мая эпапея, гэтае маё хаджэньне за гонарам і годнасьцю, супраць Лукашэнкі, закончылася тым, што я прыйшоў да высновы, што Лукашэнка—гэта чалавек бяз вызначанага месца жыхарства. Бо, згодна з нашым заканадаўствам, трэба было падаваць па месцы жыхарства адказчыка. У Шклове ён быў выпісаны. У Менску, як мне паведамілі, ён ня быў прапісаны. У выніку гэта канула ў Лету”.

Сёньня, наадварот, адбываецца працэс у абарону Лукашэнкі супраць Міколы Маркевіча і Паўла Мажэйкі. Маркевіч гаворыць, што гэтая падзея перагарнула жыцьцё, скасавала пляны, спадзяваньні на будучыню. Вельмі перажывае жонка, перажывае дачка, якой 13 гадоў. Наколькі могуць, яны падтрымліваюць Міколу. І бяз гэтай сямейнай падтрымкі яму цяжка было б ператрываць страшэнны ціск рэпрэсіўнай машыны. Ціск, які працягваецца 10 месяцаў.

Мікола Маркевіч прыгадвае тэлеперадачу. Савана, мірна пасьвяцца зэбры. Раптам—леў. Пярэпалах. Зэбры наўцёкі. Леў схапіў адную. Астатнія зэбры нечакана спыніліся і зноўку пачалі есьці траву. Яго гэта ўразіла. Часам ён параўноўваў нашае грамадзтва з такім статкам зэбраў. Разам з тым, у кожны дзень судовага працэсу журналістаў прыходзілі падтрымліваць людзі, якія не баяцца рэжыму. І гэтая падтрымка для іх вельмі важная.

(Маркевіч: ) “Нас фактычна проста прызначылі вінаватымі. За тое, што пры Лукашэнку зьнікаюць людзі. За тое, што ў газэтах пра гэта пісалі. У мяне няма аніякага сумненьня ў тым, якім будзе прысуд. Я толькі ня ведаю ягоную меру. Але нам ужо сёньня расказваюць, што ўжо прынятае рашэньне аб нашым пакараньні. І вядомы ўжо тэрмін. Гэта той тэрмін, які агучыў пракурор. І што гэта не ягоная ініцыятыва, а што гэтыя лічбы ўзгодненыя, як мне было паведамлена, зь Менскам. Я не зьдзіўлюся, калі гэта будзе праўдай. Гэтыя людзі гатовыя на ўсё. Дзеля таго, каб на іхных пагонах зазьзяла лішняя зорка”.

Ёсьць верагоднасьць, што заўтра ў судовай залі прагучыць прысуд. Нагадаю, што Паўла Мажэйку дзяржаўны абвінаваўца прапануе пакараць двума гадамі зьняволеньня. Міколу Маркевіча—двума з паловай гадамі. Слова — за судом.
XS
SM
MD
LG