Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОНЬ ЯК СЫМБАЛЬ БЕЛАРУСКАГА ДАБРАБЫТУ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Удзельнічае гісторык Алег Трусаў.

(Вячаслаў Ракіцкі: ) “Спрадвеку беларусы складалі вершы, спрадвеку беларусы сьпявалі песьні пра каня. Конь — гэта сымбаль дабрабыту. Але чаму бальшавікі, калі распачалі сваю знакамітую калектывізацыю, цягам ажно некалькіх дзесяцігодзьдзяў забаранялі селяніну мець каня?”

(Алег Трусаў: ) “Таму што калі селянін заставаўся ўладальнікам каня, ён не ўступаў у калгас, ён заставаўся так званым “аднаўласьнікам”. Маючы каня, селянін мог пракарміць сябе і сваю сям’ю, бо конь апрацоўваў глебу, прывозіў дровы зь лесу. Без каня не абыходзіліся ні вясельле, ні хаўтуры. Калі ў селяніна забіралі каня, ён аўтаматычна станавіўся жабраком і мусіў уступаць у калгас, бо ён проста памёр бы з голаду”.

(Ракіцкі: ) “Спадар Трусаў, у народзе ажно да сёньня пра жанчыну гавораць: “Карова ты”. Пра мужчыну абразьліва могуць казаць: “Ух ты, конь”... Конь — сымбаль мужчынскасьці?”

(Трусаў: ) “Так. Пры тым — мужчынскай сілы, бо могуць яшчэ і дадаць, што ён ня проста конь, а конь зь нечым. Таму гэта гаворыць аб тым, што конь — гэта сымбаль мужчынскай моцы, дабрабыту, мужнасьці. Ніводная прыгожая дзяўчына ніколі ня выйдзе за сялянскага хлопца, калі ў ягонай сям’і няма коней. І чым больш коней, тым больш заможная была сялянская сям’я, я ўжо не кажу пра шляхецкую. У сялянаў каня звычайна трымалі разам з каровай у адным будынку, хляве, але конь меў сваё ганаровае месца. І спачатку давалі сена і ваду каню, а потым карове”.

(Ракіцкі: ) “Калі зьяўляецца конь у побыце беларусаў?”

(Трусаў: ) “Справа ў тым, што наогул дзікія коні ў Эўропе жывуць здаўна і на Палесьсі былі так званыя “трапаны” — маленькія коні, якіх добра апеў Караткевіч у “Дзікім паляваньні караля Стаха”. У нас конь як дзікая жывёла існуе з часоў мэзаліту”.

(Ракіцкі: ) “А калі прыручылі?”

(Трусаў: ) “Прыручылі дзесьці ў Эўропе і Азіі даволі даўно, 6–8 тысяч гадоў таму. І першым конным народам былі славутыя хеты ў Малой Азіі. А ў Беларусі каня прыручылі ў раньнім жалезным веку, дзесьці ў канцы першага тысячагодзьдзя да нашай эры. Як толькі каня прыручылі, адразу людзі сталі жыць добра. Безумоўна, таму што на кані пачалі выконваць усе сельскагаспадарчыя працы”.

(Ракіцкі: ) “Якія працы? Ці было падзяленьне працы паміж канямі?”

(Трусаў: ) “Вядома. Наогул, конская рэвалюцыя ў Эўропе зьвязаная з вынаходніцтвам хамута, бо да гэтага была так званая шлейная збруя. Калі не было хамута, конь ня мог цягнуць вялікія грузы, ён стамляўся. Першымі хамут прыдумалі ў VIII–IX стагодзьдзі скандынавы, а ўжо ў XVIII стагодзьдзі хамут прыйшоў на Беларусь, разам з падковай. І вось спалучэньне хамута і падковы дало нам сёньняшнюю збрую, якая была прадметам годнасьці кожнага чалавека — бо калі збруя кепская, то і гаспадар такі. І таму збрую ўпрыгожвалі, рабілі з самай лепшай скуры, абавязкова зь лямцам, каб каню шыю не нацерці. І наогул, з канём размаўлялі. Конь вельмі добра дрэсіруецца, па голасу гаспадара можа выконваць самыя розныя апэрацыі”.

(Ракіцкі: ) “Да каня ставіліся як да чалавека?”

(Трусаў: ) “Так. І любілі яго, як чалавека. І калі конь паміраў, гаспадар плакаў, нават адмаўляўся есьці каня. Дарэчы, беларусы, як правіла, каніну ў ежу не ўжывалі. Як гэта — есьці сябра?”

(Ракіцкі: ) “І, як чалавек, конь меў, напэўна, і працоўную вопратку, збрую, і нейкую сьвяточную?”

(Трусаў: ) “Так. І яна дакладна падзяляецца. Сьвяточная збруя ў энцыкляпэдыях называецца “выязная”. Калі вясельле, абавязкова былі такія элемэнты як бомы, званочкі, на дугу прывязвалі стужкі. Выязныя былі, калі езьдзілі да фэста. Калі гаспадар паміраў, яго апошні раз везьлі на могілкі коні ў прыгожай збруі, апраналі каня — ён як бы разьвітваўся з гаспадаром. І збруя, якая была выязной, заўжды аздаблялася мэталам: бронзай, медзьдзю. Багатыя людзі маглі срэбра ўжываць для аздабленьня.

І была рабочая збруя. Яна падзяляецца на летнюю й зімовую, таму што конь выкарыстоўваўся круглы год. У яго не было адпачынку, ён увесь час працаваў, толькі зьмяняліся формы збруі. Ну і, адпаведна, транспартная збруя была — спэцыяльна, каб перавозіць грузы і пасажыраў”.

(Ракіцкі: ) “Зь якога часу можна ўсур’ёз казаць пра традыцыю беларускай збруі?”

(Трусаў: ) “Таксама з ХІ–ХІІ стагодзьдзя. Да ХІІ стагодзьдзя ўсе элемэнты конскай збруі ўжо былі. Ужо былі цуглі, вось конь зацугляны ці незацугляны — спэцыяльныя жалезныя рэчы, якія ўдзявалі яму ў рот, каб кіраваць канём. Былі лейцы, зьяўляецца пуга — археолягі знаходзяць шмат самых розных пугаў, якімі падганялі каня. У гэты ж час зьяўляюцца і “калёсы” — асноўны від транспарту гарадзкога і вясковага жыхара. Дарэчы, у Горадні знайшлі цэлыя “калёсы” ХІІ–ХІІІ стагодзьдзя з усімі прыладамі. Гэта ўнікальная знаходка”.

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, гэтыя “калёсы” — яны беларускія, ці яны былі аднекуль запазычаныя? Зрэшты, ня толькі калёсы, але і брычкі, лінейкі?”

(Трусаў: ) “Гэта агульнаэўрапейская справа. Кожны народ трошкі прыстасоўваў іх для сябе. І дарэчы, у Беларусі конь яшчэ быў і як паштовы. Славутая песьня пра ямшчыка, напісаная Ўладзіславам Сыракомлем, была на польскай мове ў Беларусі, а потым пераклалі на расейскую мову, і яна стала народнай расейскай. Так што радзіма гэтай песьні — Беларусь. “Когда я на почте служил ямщиком”.

І, дарэчы, ва ўмовах Беларусі конскі шлях быў адзіна магчымы зімою, калі ўсё замятала. Куды ж ты без саней паедзеш? Таму самыя розныя былі віды саней, на адных санях вазілі дровы, на другіх вывозілі гной на палеткі, а на трэціх везьлі на вясельле дзяўчыну”.

(Ракіцкі: ) “А карэты былі ў Беларусі?”

(Трусаў: ) “Карэтаў было вельмі шмат. І яны былі пашыраныя ў XVI– XVIII стагодзьдзі. Асабліва вялікімі аматарамі карэтаў былі нашы магнаты — Сапегі, Радзівілы, яны запрашалі найлепшых майстроў з замежжа. Некаторыя карэты куплялі ў Францыі, ну а некаторыя выраблялі на месцы. А потым у гэтых жа карэтах езьдзілі маскоўскія чыноўнікі часоў Кацярыны ІІ”.

(Ракіцкі: ) “Напэўна, час пагаварыць пра каня ў ХХ стагодзьдзі. Бываючы на калгасных дварах, мне часам становіцца вельмі шкада гэтых коней, хочацца плакаць — яны такія ўсе дохлыя. Літаральна шкілеты, абцягнутыя скурай. Як зьмянілася стаўленьне да каня ў ХХ стагодзьдзі?”

(Трусаў: ) “Тут можна выдзеліць некалькі этапаў. Першы: калі ў БССР аддалі зямлю сялянам і быў нарком Прышчэпаў. Тады кожны беларускі селянін прыдбаў сабе каня. Калі зямлю раздалі людзям, да 1929 году конная справа ў Беларусі квітнела. У Заходняй Беларусі яна квітнела да 1939 году. Потым, калі пачаліся калгасы, першае, што зрабілі, — у сялянаў забралі коней. А конь патрабуе індывідуальнага догляду. І калі прыватных каней сабралі разам, яны пачалі хварэць, марнець.

Конь наогул такая жывёла, якая патрабуе вельмі прафэсійнага падыходу. Ён прывыкае да гаспадара, нават піць і есьці ня будзе ў чужога чалавека, можа нават памерці. І вось таму назіраецца заняпад.

Потым конь выратаваў беларуса падчас Вялікай Айчынай вайны. Таму што праходзіла войска — як нямецкае, так і савецкае, і старых коней выбракоўвалі й кідалі. Сяляне іх падбіралі, вылечвалі і імі карміліся. І дзякуючы гэтым вайсковым коням конная гаспадарка на Беларусі адрадзілася.

Трэба сказаць, што, нягледзячы на калгасных коней, у нас у савецкі час яшчэ гадавалі коней на экспарт, так званых “вагавікоў”, якія маглі падняць да тоны вагі. Ёсьць такі конны завод, ваколіцы Мсьціслава, дзе такіх коней прадавалі на найлепшыя выставы Эўропы. Так што беларусы разводзілі коней і для такіх спартовых мэтаў.

Ну, а зараз калгасныя коні фактычна зьнікаюць, і зноў на вёсках жывуць людзі, якія маюць уласнага каня. І колькасьць прыватных коней на Беларусі расьце с кожным днём”.

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што конь ёсьць гарантам свабоды селяніна?”

(Трусаў: ) “Так. Каб кожны беларускі селянін меў каня, ён бы на выбарах галасаваў бы зусім ня так, як той, які залежыць ад брыгадзіра. Брыгадзір хоча — дасьць каня ўзараць бульбу, а хоча — ня дасьць. Як скажа брыгадзір, так бясконныя сяляне і прагаласуюць. Як толькі кожнаму селяніну даць каня, улада зьменіцца адразу, бо конь — гэта сымбаль дабрабыта беларуса заўжды. І нават у пачатку ХХІ стагодзьдзя, як ні дзіўна.

Цяпер нявыгадна мець вялікія трактары, трэба мець і каня, і маленькі трактар. Вось тады беларускі фэрмэр можа зрабіць цуд, калі ў яго ёсьць маленькі трактар і адзін–два кані на розныя выпадкі жыцьця, бо часам конь эканамічна болей выгадны, чым любая тэхніка”.
XS
SM
MD
LG