Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЫХТУЕЦЦА ВІЗЫТ У МЕНСК ПРЭЗЫДЭНТА ІРАНА


Валер Каліноўскі, Менск

Як паведамілі ў МЗС Беларусі, візыт іранскага прэзыдэнта Мухамада Хатамі ў Беларусь адбудзецца пры канцы гэтага году ці ў самым пачатку наступнага. Хатамі прыедзе ў адказ на наведваньне Ірану А.Лукашэнкам ў 1998 годзе. Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка да гэтай падзеі, у якую ўключыліся і іранскія парлямэнтары, а днямі ў Іране гэтую тэму абмяркоўваў кіраўнік Савету Бясьпекі Беларусі Генадзь Нявыглас.

Дэлегацыя ж іранскага мэджлісу сустракалася сёньня ў Менску зь міністрамі замежных справаў і прамысловасьці, наведвала вядомае прадыпрыемства ВПК БелОМА. Аднак іранскія прадстаўнікі абвяргаюць, што іх цікавілі там нейкія вайсковыя тэхналёгіі, зазначаючы, што ў першую чаргу іх увага была зьвернутая на рэнтгенаўскія апараты выворчасьці БелОМА. Прадстаўнікі Ірану зазначаюць, што ў кіраўніцтва дзьвюх краінаў супадаюць палітычныя пазыцыі. Гаворыць сябар ірана-беларускай парлямэнцкай групы сяброўства Абдулах Хасейні:

(Хасейні: ) “Адна з прычынаў, зь якой я абраў гэтую групу для маёй дзейнасьці, – тое, што, як я бачу, погляды народаў і кіраўніцтва дзьвюх краінаў вельмі блізкія”.

Найбольш плённымі былі перамовы у МЗС аб спрашчэньні працэдуры выдачы іранскіх і беларускіх візаў, памяншэньні тэрмінаў разгляду заяваў і зніжэньня тарыфаў. Сёлета Беларусь стварыла першае СП ў Іране – па зборцы аўтамабіляў “МАЗ”. Акрамя таго, у Іране цікавяцца беларускімі трактарамі і электронікай. Гаворыць сябар палаты прадстаўнікоў, кіраўнік рабочай групы нацыянальнага сходу па супрацоўніцтву з мэджлісам Ірана Аляксандар Архіпаў.

(Архіпаў: ) “Гэты візыт – гэта першая ластаўка, ён будзе мець працяг у разьвіцьці моцных адносінаў паміж нашымі народамі. Упершыню дэпутаты парлямэнту Ірану прыбылі ў нашую краіну такой вялікай дэлегацыяй у нашую рэспубліку”.

На заўтра прызначаныя сустрэчы іранскіх дэпутатаў з Аляксандрам Лукашэнкам і прэм'ерам Генадзем Навіцкім.
XS
SM
MD
LG