Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАДСТАЎНІК АБСЭ Ў СПРАВЕ МЭДЫЯЎ КАЖА, ШТО Ў БЕЛАРУСІ ЁСЬЦЬ “ЧОРНЫЯ СЬПІСЫ” АЎТАРАЎ


Алесь Грыневіч, Менск

Яшчэ ў сярэдзіне траўня рэдактар бюлетэню адміністрацыі прэзыдэнта Эдуард Скобелеў заклікаў рэдактараў дзяржаўных літаратурна-мастацкіх часопісаў байкатаваць вядучых майстроў сучаснай беларускай літаратуры — Васіля Быкава, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Ніла Гілевіча, Сяргея Законьнікава ды іншых. Паводле Скобелева, усе яны ёсьць “палітычна адсталымі фігурамі”. Вось што Скобелеў заявіў тады Радыё Свабода:

(Скобелеў: ) “На базе таго ідэйнага багажу, якім яны валодаюць, яны проста бясплодныя. Ну як можна цяпер папракаць таго ж Лукашэнку, што ён не працуе на карысьць беларускай нацыі? Гэта сьмешна”.

Прадстаўнік АБСЭ ў справе мэдыяў Фраймут Дувэ лічыць, што заклікі не друкаваць асобных пісьменьнікаў фактычна ствараюць у Беларусі “чорныя сьпісы” забароненых аўтараў. У справаздачы перад Сталай Радай АБСЭ Дувэ заявіў: “Такі сьпіс — нечуваная рэч для Эўропы ўжо колькі гадоў. Гэта драматычны выклік, які непрымальны для краіны-ўдзельніцы АБСЭ”.

Паводле Дувэ, прадстаўнік Беларусі ў АБСЭ спрабаваў сёньня давесьці, што эўрапейцы проста няправільна зразумелі сытуацыю.

(Дувэ: ) “Была вельмі цікавая рэакцыя. Прадстаўнікі беларускага ўраду былі ня вельмі задаволеныя. Яны напалі на мяне і сказалі, што я ня ведаю знакамітага выказваньня Вальтэра: “Я не падзяляю Вашых меркаваньняў, але я гатовы памерці за Вашае права выказваць гэтыя меркаваньні”. Я скарыстаўся з магчымасьці й сказаў, што мы плянуем у наступным годзе прыехаць у Беларусь і правесьці літаратурную канфэрэнцыю з удзелам усіх гэтых аўтараў пад сымбалічным імём Вальтэра”.
XS
SM
MD
LG