Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ПРОЙДЗЕ НАРОДНЫ МАРШ “ЗА ЛЕПШАЕ ЖЫЦЬЦЁ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

У склад ініцыятыўнай групы ўвайшлі актывісты “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў, Зьміцер Бандарэнка І Людміла Гразнова, сябар БНФ Валянцін Голубеў, кінарэжысэр Юры Хашчавацкі й журналіст Валеры Шчукін.

На іхную думку, эканоміка Беларусі — на мяжы катастрофы, і прычыны гэтага — некампэтэнтная дзейнасьць уладаў ды парушэньне сувязяў з дэмакратычнымі дзяржавамі Захаду й Усходу. Арганізатары маршу лічаць, што найлепшым выйсьцем з гэтай сытуацыі была б адстаўка Аляксандра Лукашэнкі й правядзеньне датэрміновых парлямэнцкіх выбараў.

Гаворыць сябар ініцыятыўнай групы, міжнародны каардынатар “Хартыі-97” Андрэй Саньнікаў:

(Саньнікаў: ) “Мы спадзяемся, што цяпер гэта выкліча ня толькі інтарэс у людзей, але й разуменьне таго, што гэта неабходна. Мы спадзяемся на тое, што мы бачылі па апошніх сацыялягічных апытаньнях. Большасьць не ўспрымае палітыку Лукашэнкі. Большасьць людзей гатовая адстойваць свае правы”.

Валянцін Голубеў лічыць, што сытуацыя, у якой апынулася Беларусь, вельмі нагадвае апошнія гады існаваньня Савецкага Саюзу. Спадар Голубеў, як і іншыя, спадзяецца на такую ж вулічную актыўнасьць людзей, што была пры канцы 1980-х — пачатку 1990-х гадоў:

(Голубеў: ) “Беларусь апынулася безь сяброў — як быў Савецкі Саюз у канцы свайго жыцьця, і без маёмасьці. Толькі зь лідэрам, але й тады быў першы сакратар. Я па грамадзкіх справах апошні год вельмі часта ежджу па Беларусі і заўважаю, як зьмяніўся настрой у людзей. Зноў няма даверу да начальства, ёсьць жаданьне спадзявацца на ўласныя сілы й разуменьне, што аб’яднаўшыся можна нешта зрабіць”.

Арганізатары маршу не выключаюць, што неўзабаве ў Беларусі можа адбыцца сацыяльны выбух, зьвязаны зь нявыплатамі зарплатаў, пэнсіяў і г.д., і таму тэрмін правядзеньня маршу можа быць скарэктаваны.

Гаворыць Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) “Сытуацыя можа зьмяніцца ў любы момант, таму мы ўтвараем ініцыятыўную групу зараз. Магчыма нават, што народны марш пройдзе ня ўвосень. Хаця мы рыхтуемся да восені, і дата будзе вызначаная трохі пазьней. Мы не ствараем аргкамітэт зараз, бо спадзяемся, што ён будзе больш шырокі, у яго ўвойдуць прадстаўнікі розных дэмакратычных сілаў Беларусі”.

Сябры ініцыятыўнай групы перакананыя, што марш будзе масавым, мірным і пройдзе ў цэнтры Менску незалежна ад таго, дадуць улады дазвол на яго правядзеньне, ці не.
XS
SM
MD
LG