Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАЧЭНСКІ ЎЦЯКАЧ ЮСУФ БІМУРЗАЕЎ: “БУДУ ЦЯПЕР БУДАВАЦЬ У БЕЛАРУСІ, А ПАСЬЛЯ ВЯРНУСЯ АДБУДОЎВАЦЬ РАДЗІМУ”


Севярын Квяткоўскі, Менск

Юсуф Бімурзаеў не выглядае зломленым лёсам і невырашальнымі праблемамі чалавекам. Ён цьверда ведае, чаго хоча дасягнуць і якім чынам. А яшчэ яму вельмі падабаецца Беларусь.

(Карэспандэнт: ) “Чаму вы вырашылі прыехаць менавіта ў Беларусь?”

(Бімурзаеў: ) “Я ведаў, што Беларуская рэспубліка з намі не ваюе, і што Беларусь да нас не дасылала сваіх салдатаў. І я ведаў, што ў Беларусі мяне ня будуць называць бандытам, казаць, што я дрэнны з-за таго, што я чачэнец. А калі б мы зь сям’ёю паехалі кудысьці ў Расею, да нас бы ставіліся як да ворагаў. Калі мы ўцякалі з Урус-Мартану, там месьціўся тульскі АМАП. Пэўна, хтосьці зь міліцыянтаў загінуў. Расейская тэлевізія стварае скажоны вобраз чачэнцаў, у якіх, нібыта, нават дзеці ад нараджэньня бандыты. Ці змаглі б мае дзеці спакойна вучыцца ў Туле? Вядома – не”.

Слова “дзеці” – ключавое ў матывацыі Юсуфа ўцячы зь сям’ёю з роднага гораду. Вайна не дазволіла ягонай дачцы пайсьці ў школу. Цяпер у Менску дзесяцігадовай дзяўчыне давядзецца ісьці ў падрыхтоўчую групу дзіцячага садка, каб засвоіць элемэнтарныя веды, неабходныя беларускаму першаклясьніку.

(Бімурзаеў: ) “Я хачу, каб мае дзеці вучыліся й вырасьлі нармальнымі. Калі мы жылі ў лягеры для ўцекачоў, мы спадзяваліся, што вайна хутка скончыцца. Цяпер я разумею, што яна на доўгія гады. Зразумела, што Расея ніколі не пераможа. Але я хачу, каб мае дзеці вярнуліся на радзіму адукаванымі. Я быў у Беларусі ў 1991 годзе. Мне вельмі спадабаўся ваш клімат, падобны да нашага. І я вельмі ўдзячны беларусам за тое, што да нас ставяцца прыязна”.

Юсуф кажа, што за тры месяцы жыцьця ў нашай краіне ён не сустракаў нэгатыву ў свой бок з боку менчукоў. Зрэшты, з боку прадстаўнікоў улады таксама пакуль ня бачыў нэгатыву. Юсуф належыць да той этнічнай часткі чачэнцаў, што маюць сьветлыя вочы й валасы, таму ня зьведаў ганебнае сытуацыі, калі міліцыянты правяраюць дакумэнты толькі за тое, што чалавек занадта “загарэлы” й чарнявы, на думку патрульных.

Юсуф усьведамляе, што вонкавы спакой Беларусі зманлівы, але нават такі стан для чачэнскага ўцекача – даброта. Для беларускіх уладаў сям’я Бімурзаевых – грамадзяне Расеі, якія маюць права знаходзіцца ў Беларусі без спэцыяльнага дазволу цягам 90 дзён. Каб “легалізавацца”, Юсуфу патрэбны альбо статус уцекача, альбо беларуская прапіска, якая дае дазвол на від на жыхарства. У міграцынай службе Юсуфу Бімурзаеву адразу намякнулі, што разглядаюць яго не як уцекача, а як звычайнага грамадзяніна РФ, які хоча настала пасяліцца ў Беларусі. Атрыманьне статусу ўцекача ўскладняецца тым, што большасьць дакумэнтаў Бімурзаевых згарэлі ў часе бамбёжкі расейскімі войскамі Урус-Мартану. Таму фармальна сям’я Бімурзаевых застаецца “нелегаламі” ў Беларусі.

Зрэшты, небясьпека сутыкненьня зь беларускімі міліцыянтамі для Юсуфа й ягоных кроўных малая ў параўнаньні з абстрэлам рэактыўнае артылерыі сыстэмы “Град”. Ракеты патрапілі ў хату, калі яе насельнікі былі ў мячэты. Тады Юсуф вырашыў, што мусіць ратаваць дзяцей, і ўцёк у інгускі Карабулак, а адтуль – у Менск.

Апрача названага зьнешняга спакою Беларусі й удалага клімату, ёсьць яшчэ адзін рэзон, чаму Юсуф Бімурзаеў абраў менавіта нашу, далёка не багатую краіну. “Чаму не на Захад?” – пытаюцца ў Юсуфа. Большасьць чачэнцаў-уцекачоў імкнуцца менавіта ў краіны Заходняе Эўропы. І зь Беларусі за Буг тым ці іншым шляхам дзясяткі тысячаў людзей зьяжджаюць у пошуках лепшае долі. У Менску чачэнцаў вельмі мала, настолькі, што нельга казаць пра існаваньне “чачэнскае дыяспары” ў Беларусі. А, напрыклад, у Нямеччыне чачэнская дыяспара вельмі моцная. У Бімурзаевых ёсьць сваякі ў Нямеччыне, а ў нямецкіх уладаў няма сумневу ў тым, што чачэнцам патрэбная рэальная дапамога. Але Юсуф хоча мець магчымасьць бесьперашкодна ў патрэбны момант паехаць у Чачэнію:

(Бімурзаеў: ) “Я люблю сваю рэспубліку, там пахаваныя мае бацька й дзед, там мая маці знаходзіцца. У мяне стопрацэнтная магчымасьць атрымаць прытулак у Нямеччыне. Але я параіўся са сваімі, і мы вырашылі ня ехаць на Захад”.

Юсуф Бімурзаеў усьведамляе, што ён не тыповы чачэнскі ўцякач. Ён не паехаў у Нямеччыну, дзе меў бы невялікі, але гарантаваны дабрабыт. Ён не застаўся ў лягеры ўцекачоў у Інгушэтыі, дзе няма пэрспэктывы, але ёсьць рэгулярнае забесьпячэньне гуманітарнымі фундацыямі. Юсуф Бімурзаеў абраў для прыстанку Беларусь:

(Бімурзаеў: ) “Сюды, у Беларусь, прыехаць і не атрымліваць ніякае дапамогі – ня кожны наважыцца. Я ведаю, што ў Беларусі я змагу зарабляць толькі на харчаваньне й на кватэру, але я хачу быць бліжэй да Радзімы. Я думаю пра тое, як вярнуцца, адбудаваць дом, сталярку, набыць машыну… Гэта будзе ня хутка, але ж мне толькі 42 гады, і ў мяне растуць дзеці. 5-7 гадоў я разьлічваю заставацца ў Беларусі й выгадаваць дзяцей нармальнымі людзьмі.

Я ніколі ў жыцьці не страляў, я прафэсійны будаўнік, буду цяпер будаваць у Беларусі, а пасьля вярнуся адбудоўваць Радзіму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG