Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НА ПЛЯЦЫ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БУДАЎНІКІ ЗНАЙШЛІ ЧАЛАВЕЧЫЯ КОСТКІ


Галіна Абакунчык, Менск

Будаўнікі ўжо перасталі зьдзіўляцца дробным знаходкам, да прыкладу, такім, як салдацкія нямецкія каскі, патроны ды фрагмэнты зброі. Найбольш іх уразілі чалавечыя косткі, якія, праўда, тут адкапалі толькі аднойчы. Будаўнікі распавядаюць, як гэта было.

(Будаўнік: ) “Уздоўж фундамэнту зямлю на падсыпку бралі — і тут куча касьцей”.

(Іншы будаўнік: ) “Два чарапы былі дзіцячыя і два дарослыя. І складзеныя яны былі адзін на адзін”.

(Карэспандэнтка: ) “Падобна, што гэта не былі могілкі?”

(Будаўнік: ) “Не, ня могілкі. Бо на могілках неяк па адным бы, роўна бы ляжалі, а так усё звалена ў яму і закапана”.

(Іншы будаўнік: ) “Калі парэшткі знайшліся, значыць нешта было. З пракуратуры прыехалі, забралі на экспэртызу, і ўсё”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці яшчэ знаходзілі нешта падобнае на жытло ці пахаваньні?”

(Будаўнік: ) “Пляшкі знаходзілі розныя старыя”.

(Іншы будаўнік: ) “Хлопцы знайшлі цэлую ўпакоўку патронаў. Нават у мяне ў самазвале два ляжыць”.

(Будаўнік: ) “Тут жа дамы раней стаялі, да вайны, і ў вайну, і тут шмат розных падмуркаў. Цэлыя сьцены адкопваем і ламаем”.

У рабочых розныя вэрсіі адносна паходжаньня чалавечых парэшткаў. Адны мяркуюць, што тут маглі быць могілкі, бо побач касьцёл; іншыя — што гэта расстраляная сям’я, і ня выключана, што гэта адбылося ў 1930-я гады альбо падчас вайны.

Я паспрабавала высьветліць, што думаюць пра гэта ў Інстытуце гісторыі, але там паведамілі, што дапамагчы правесьці экспэртызу спэцыялістам ніхто не прапанаваў. Меркаваньнямі археолягаў таксама ніхто не цікавіўся яшчэ падчас распрацоўкі праекту, бо па мерках айчыннай археалёгіі лічыцца, што гэтая частка Менску ня мае гістарычнай каштоўнасьці. Гаворыць старшая навуковая супрацоўніца аддзелу сярэднявечнай археалёгіі Ірына Ганецкая:

(Ганецкая: ) “Фактычна тая частка гораду расла разам з чыгункай. А парэшткі — вы ж самі разумееце, дзьве вайны. Тут увесь Менск на касьцях, бо старажылы кажуць, што пасьля бамбёжак нават не заўсёды й хавалі. Гэта будзе занадта позна для археалёгіі. Тут увогуле праблема, бо калі мы займаемся помнікамі XVIII стагодзьдзя, дык часта скептычныя заўвалі выклікае, што гэта не археалёгія, а сьметнік”.

Такім чынам, нядаўна прынятая пастанова “Аб ахове археалягічных аб’ектаў пры правядзеньні земляных і будаўнічых работ”, якая дазваляе прыпыняць распачатыя працы на тэрыторыі археалягічных помнікаў, тут наўрад ці спрацуе. Археоляг Юры Заяц, які шмат гадоў вывучаў археалягічную спадчыну Менску, у гэтай сувязі зазначае, што такім чынам гістарычныя й культурныя каштоўнасьці будуць страчвацца й надалей. Гаворыць Юры Заяц:

(Заяц: ) “Была б ня лішняя прысутнасьць археоляга, бо толькі ён на месцы можа вызначыць — мае гэта цікавасьць ці ня мае. А калі гэта вызначаюць будаўнікі, то тут зусім іншыя падыходы. Менск быў разьмешчаны на пагорках, і цалкам верагодна, што калі для праспэкту гэта ўсё нівэліравалі, то нейкую западзіну паміж гэтымі пагоркамі, дзе цяпер плошча Незалежнасьці, засыпалі, і ўсё гэта захавалася. Нават калі гэта ХІХ стагодзьдзе й ня мае археалягічнай каштоўнасьці, дык мае каштоўнасьць гістарычную. Маглі бы скаапэравацца зь дзяржаўным музэем і разам наглядаць. Бо тое, што там знайшлі рэчы часоў вайны, яно магло бы быць цікавым для музэю. І проста ставіць крыж і адмаўляцца ад гэтага нельга”.

Будаўніцтва на пляцы Незалежнасьці тым часам працягваецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG