Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З РАСЕЙСКІМІ ЦЫГАРЭТАМІ Й ПІВАМ ЗМАГАЮЦЦА НА ВЫСОКІМ УЗРОЎНІ


Ігар Карней, Менск

Беларускі ўрад ухваліў калектыўны зварот Асацыяцыі беларускіх півавараў і канцэрну “Белдзяржхарчпрам”, паводле якога соладавае піва трапіла ў пералік тавараў дзеля абавязковага ліцэнзаваньня. Дагэтуль імпартовае піва (на 90% расейскае) завозілася паводле наўпроставых дамоваў прадпрымальнікаў непасрэдна з вытворцамі пры фармальным наглядзе з боку Міністэрства замежных справаў. Цяпер чыноўнікі вырашылі акрэсьліць кола абраных рэалізатараў.

Некаторыя назіральнікі зьвязваюць піўную блякаду расейскіх бровараў з панаваньнем усходняга піва на беларускім рынку. Мала саступаючы коштам, але нашмат пераўзыходзячы беларускае якасьцю, піва расейскіх марак паступова выціснула з шапікаў беларускія.

Дзіва што напярэдадні часу найбольшага спажываньня гэтага напою — лета — Асацыяцыя беларускіх півавараў, якая аб’ядноўвае 16 бровараў, зьвярнулася ва ўрад, каб той у прымусовым парадку абавязаў усе гандлёвыя пункты мець 90% беларускіх гатункаў піва і толькі 10% пакінуць на імпартовыя маркі. Да таго ж прапаноўвалася падаткак з продажу падвысіць да 25–30%. Аднак шматлікія праекты, што выносіліся ва ўрад, ніякага плёну пакуль ня мелі: падобныя абмежаваньні супярэчаць патрабаваньням Усясьветнай гандлёвай аганізацыі, сябрам якой спадзяецца стаць Беларусь.

Тым часам у тытунёвай галіне падпрымальнікі сыгналізуюць пра першыя канфлікты зь фіскальнымі органамі. Раней прыгаданы канцэрн “Белдзяржхарчпрам” абавязаў усіх гандляроў цыгарэтамі мець у наяўнасьці абавязковы асартымэнтны пералік цыгарэтаў беларускай вытворчасьці. Але самі рэалізатары кажуць найперш пра маральны бок дзяржаўнай абароны вытворцаў айчынных цыгарэтаў.

(Рэалізатар цыгарэтаў на рынку “Ждановічы”: ) “Навошта абараняць вытворцаў цыгарэт? — не разумею. Адна справа — той, хто робіць масла. Але пры чым тут цыгарэты? Дый нас загналі ў пэўныя рамкі: 26 найменьняў цыгарэтаў трэба выставіць у вітрыне. Ну, выстаўлю я гэтую колькасьць — дык у мяне ўжо паўвітрыны няма. А што я пасуну — зноў жа цукеркі, чакаляду, ізноў жа беларускай вытворчасьці. Хто выйграе: той вытворца, які робіць не зусім якасныя цыгарэты?

Цяпер іншы час. Абарані ты вытворцаў ровараў, абарані станкабудаўнічы завод. Але што абараняць вытворцаў цыгарэтаў? Нядаўна ўжо была спроба зрабіць, каб і буйныя крамы гандлявалі беларускімі цыгарэтамі — таксама нічога не атрымалася. А ў выніку “прышчучылі” беларускага прадпрымальніка. А гэта той жа беларускі грамадзянін. Таму ў нас аднолькава не абароненыя што прадпрымальнікі, што тыя, хто гэтыя цыгарэты купляе”.

Зрэшты, ёсьць мноства сьведчаньняў, што шматлікія кантралёры кінуліся выконваць загад “Белдзяржхарчпраму” і, паводле некаторых рэалізатараў, на дзень да іх прыходзяць па тры–чатыры незалежныя адна ад другой камісіі. У выніку штрафныя санкцыі шматразова перавышаюць прыбытак, бо кошты на беларускія цыгарэты строга фіксаваныя і адвольна іх падвышаць ніхто ня можа.
XS
SM
MD
LG