Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ: “ПАКУЛЬ У НАС НЯ БУДЗЕ ДЗЯРЖАЎНАЕ ПАДТРЫМКІ БЕЛАРУСКАСЬЦІ, У НАС НЯ БУДЗЕ БЕЛАРУСКАМОЎЯ”


Валянціна Аксак, Менск

Тэмы абодвух круглых сталоў спалучаныя адною праблемаю: беларуская мова ў сыстэме адукацыі. Толькі на першым ягоныя ўдзельнікі гаварылі пра стан і пэрспэктывы беларускае сярэдняе школьнае адукацыі, а на другім абмяркоўвалі аналягічныя праблемы вышэйшае школы.

Першы сабраў пераважна школьных настаўнікаў і актывістаў Таварыства беларускае мовы, якія эмацыйна гаварылі пра ўсе накіпелыя праблемы. І скарыстоўваючы прысутнасьць чыноўнікаў Міністэрства адукацыі, задавалі ім пытаньні. Чаму ў нашых школах выкарыстоўваюцца створаныя ў Расеі падручнікі, зьмест якіх, угрунтаваны на расейскай геаграфіі і тапаніміцы, ня кажучы ўжо пра гістарычныя акцэнты, не адпавядае прынцыпам нацыянальнае адукацыі? Чаму скарачаецца колькасьць гадзінаў на беларускую мову і літаратуру? Чаму бацькоў, якія напісалі заявы на навучаньне сваіх дзяцей па-беларуску, выклікаюць на гутаркі ў мясцовыя органы адукацыі?

Пытаньняў было безьліч. На іх у канцы гаворкі няпэўна і неканкрэтна адказаў начальнік міністэрскага ўпраўленьня сярэдняе адукацыі Мікалай Фяськоў. Як асноўную прычыну ці ня ўсіх праблемаў ён назваў недахоп сродкаў. І вось што ў гэтай сувязі сказаў спадар Фяськоў на пытаньне нашага радыё, чаму адукацыйнаму фонду амэрыканскіх беларусаў адмоўлена ў стварэньні нацыянальнае гімназіі спачатку ў Наваградку, а затым у Карэлічах:

(Фяськоў: ) “Па нашым заканадаўстве рашэньне пра адкрыцьцё школаў і гімназіяў прымаюць мясцовыя ўлады. І ўлада вызначаюць зьмест і характар навучаньня. Я заўсёды вітаю, калі нехта дае грошы на адукацыю. Але ў дадзеным выпадку, магчыма, што фундатары хацелі, каб гімназія не была ў падпарадкаваньні мясцовых уладаў, тады гэта іншая гаворка...”

Узрушаную занепакоенасьць выказвалі ўсе прысутныя адменай абавязковага выпускнога іспыту па беларускай літаратуры. Ці пачула міністэрства голас грамадзкасьці і ці не зьбіраецца зьмяніць рашэньне? Пра гэта я папрасіла сказаць старшага спэцыяліства міністэрства Тамару Саўчук:

(Саўчук: ) “Каб выратаваць беларускую літаратуру, мы з наступнага году наогул мяняем сыстэму выпускных іспытаў. За курс базавай школы будзе на іспыце дыктоўка, а за курс сярэдняй школы — пераказ літаратурных тэкстаў з рознаўзроўневымі творчымі заданьнямі. І за гэты іспыт будзе выстаўляцца дзьве адзнакі: адна па мове, адна па літаратуры”.

Удзельнікі паседжаньня па праблемах беларускае мовы ў вышэйшай школе гаварылі пра тое, што колькасьць ахвотных слухаць лекцыі на роднай мове не зьмяншаецца. Праблема ў адсутнасьці якасных падручнікаў і заахвочваньня выкладчыкаў.

А вось у чым бачыць прычыну тормазу беларусізацыі прысутны на круглым стале экс-сьпікер Вярхоўнага Савету прафэсар Станіслаў Шушкевіч:

(Шушкевіч: ) “Цяпер у нас антыбеларускі рэжым, і ніякае гаворкі пра разьвіцьцё беларускае мовы пры ім быць ня можа. У нас цяпер мэтанакіраванае змаганьне зь беларускасьцю. Але, на жаль і тут я паслухаў са зьдзіўленьнем некаторых выступоўцаў. Ведаеце, калі на ўзроўні прарэктара выступоўца з Горадні гаворыць, што ў нас трэба захоўваць шматмоўе, то гэта жахліва.

Бо гэта вучням трэба тлумачыць, што адзіная краіна, дзе можа быць у бясьпецы беларуская мова, гэта Беларусь. А яна гаворыць пра іншыя мовы. Але ў тых моваў ёсьць базавыя краіны — Расея, Польшча, Украіна, Літва — і яны клапоцяцца пра захаванасьць сваіх моваў. Калі гэтага не разумее прарэктар па навуковай працы ўнівэрсытэту, мне робіцца жудасна. Дык вось пакуль у нас ня будзе сапраўднае інтэлігенцыі, у нас ня будзе сапраўднага беларускамоўя. І пакуль у нас ня будзе дзяржаўнае падтрымкі беларускасьці, у нас ня будзе сапраўднага беларускамоўя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG