Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГОРАДНІ СТРАЙКАВАЛІ ПРАДПРЫМАЛЬНІКІ САМЫХ БУЙНЫХ РЫНКАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Самы буйны рэчавы рынак “Паўднёвы” знаходзіцца за гарадзкой ускраінай. На ім 2 тысячы працоўных месцаў. Гандаль разгарнулі толькі тры чалавекі, не працаваў і аўтамабільны рынак. Больш за 100 прадпрымальнікаў прыехалі на “Паўднёвы”, каб абмеркаваць сёньняшні страйк. Проста не працаваць — гэтага мала, гаварылі яны. Вось думка аднаго зь іх:

(Прадпрымальнік: ) “Не, ну што ня выйшлі — гэта яшчэ нічога не вырашае. Каб мы сабраліся, больш людзей, і прынялі б якое-небудзь рашэньне — тады б гэтае рашэньне маглі б пачуць і ўбачыць начальства, урад. А так — што мы самі па сабе проста стаім, гаворым, ад гэтага толку мала. Занадта мала нас сабралася сёньня”.

Больш эмацыйныя былі жанчыны. Адна зь іх патлумачыла, што заплаціла за чэрвень 190 тысяч рублёў падаткаў. Адрабіць гэтыя грошы і потым запрацаваць штосьці на жыцьцё ў ейнай сытуацыі амаль немагчыма.

(Прадпрымальніца: ) “190 тысяч — гэта камэра, месца і падатак. Ужо ўсё падлічана. Гэта значыцца, у дзень я плачу 7 тысяч падатку. А хто езьдзіць на машынах і хто езьдзіць па тавар, у таго атрымліваецца нашмат болей. Ім па 250 тысяч трэба аддаць дзяржаве. А потым яшчэ пакласьці ў сваю кішэню. Гэта немагчыма. Асабіста я ўжо нічога не кладу”.

З чэрвеня мясцовыя ўлады рэзка павялічылі падатак за гандаль на рынку. Напрыклад, за продаж абутку трэба плаціць цяпер на 70% болей. У сярэднім 200 тысяч рублёў трэба плаціць яшчэ за сэртыфікацыю тавараў. Жанчына, якая толькі што гаварыла, сказала, што страйкаваць трэба як мінімум паўмесяца. Каб улады адчулі страйк і прыслухаліся да патрабаваньняў прадпрымальнікаў.

У Горадні прадпрымальнікі падтрымалі папераджальны страйк. Аднак ім не хапала лідэраў, каб прыняць рашэньне і давесьці яго да ўладаў. Валеры Леванеўскі, які займаўся арганізацыяй страйку, знаходзіцца за кратамі, ён арыштаваны на 15 сутак. Учора міліцыя часова затрымала на цэнтральным рынку ягонага сына Ўладзіміра. 16-гадовы хлопец раздаваў ліст свайго бацькі, адрасаваны прадпрымальнікам. Яго пратрымалі ў міліцыі дзьве з паловай гадзіны і адпусьцілі.
XS
SM
MD
LG