Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФЭСТЫВАЛІ ЦАРКОЎНАЙ МУЗЫКІ Ў ГАЙНАЎЦЫ


Кастусь Бандарук, Прага

Пры канцы траўня ў Гайнаўцы на Беласточчыне адбыліся два фэстывалі Царкоўнай Музыкі. 22-26 траўня ў Саборы Сьвятой Тройцы адбыліся “Міжнародныя Дні Царкоўнай Музыкі”, арганізаваныя Праваслаўнай Царквою, а 28 траўня ў гайнаўскім Доме Культуры распачаўся традыцыйны Фэстываль, які ўжо 21 год арганізуе нязьменны на працягу двух дзесяцігодзьдзяў дырэктар Фэстывалю – Мікола Бушка. Адкуль у адным месцы і часе два фэстывалі царкоўнай музыкі? Ці азначае гэта канец ідэі, якая прынесла добрую справу гораду, рэгіёну, добра паслужыла і Царкве і культуры? Пра гэта, пра пачаткі, дасягненьні Фэстывалю і пра царкоўную музыку наагул зь Міколам Бушкам гутарыць Кастусь Бандарук:

(Бандарук: ) “Прывітаньне. Пра канфлікт паміж Гіерархіяй Праваслаўнай Царквы ў Польшчы і дырэктарам Міжнароднага Фэстывалю Царкоўнай Музыкі ў Гайнаўцы спадаром Міколам Бушкам я даведаўся ўжо летась. Гэтак як прэса, я таксама задаваўся пытаньнем: у чым прычына, што Мітрапаліт Савы раптам перастаў падтрымліваць, так бы мовіць, “сьвецкі”, няслушны Фэстываль і зь вялікім размахам арганізаваў свой гэткім чынам, як быццам таго першага наагул ніколі не існавала. Мне адразу прыгадалася цытата са Сьвятога Пісаньня: “ Ты ведаў, што я жну, дзе ня сеяў, і зьбіраю, дзе не рассыпаў” (Мац. 25, 26). Найбольш прыкра павінна быць у гэтым выпадку самому спадару Бушку, але ён не адчувае сябе прыгнечаным. Затое ахвоча загаварыў пра пачаткі Фэстывалю, пра сваё захапленьне царкоўнай музыкай. Вось што ён адказаў”:

(Бушка: ) “Я як праваслаўны рос ў царкоўным асяродзьдзі. Я быў ўражаны прыгажосьцю царкоўнага сьпеву, яго малітоўнасьцю, але таксама мастацкімі якасьцямі. А калі я дайшоў да такога ўзросту, калі можна было гэтым заняцца, тады я адчуў, што царкоўная музыка амаль нікому не вядомая. Яна была закрытая нават для праваслаўных, бо тое, што чулася ў Царкве ў часе набажэнства, гэта толькі маленькая частка, а царкоўная музыка, гэта ня толькі сьпеў ў часе Літургіі. Я падумаў, што яе трэба неяк адкрыць, паказаць, як гаварыў адзін з папулярызатараў царкоўнай музыкі, а. Юрка Шурбак, “зьняць зь яе патыну часу”, паказаць яе каштоўнасьць, прыгажосьць. Паказаць таксама тым, хто далёкі ад праваслаўя і царкоўнай музыкі ніколі ня чуў”.

(Бандарук: ) “Фэстываль пачынаўся ў час “ваеннага становішча”, калі на ўсё ад ўладаў трэба было атрымаць дазвол. Нават на перамяшчэньне. Вы пачыналі сьціпла, з выступленьняў ўсяго толькі ў дзевяці вясковых і гарадзкіх хораў з самой Беласточчыны. У 1984 у Гайнаўцы ўпершыню выступіў замежны моладзевы хор “Kouvola” зь Фінляндыі, а за ім пайшлі дзясяткі, сотні іншых. Як гэта адбылося, што агляд некалькіх мясцовых хораў ператварыўся ў прэстыжны міжнародны фэстываль?”

(Бушка: ) “Фэстываль мы пачыналі ў 1982 годзе, у даволі цяжкіх абставінах. Сьпярша мы хацелі яго пачаць ў студзені, бо калядкі – гэта была адзіная форма царкоўнай музыкі, якую ўхвалялі тагачасныя, камуністычныя ўлады як найбольш блізкія да народнай творчасьці. Да гэтай пары, за 21 год, у нас выступілі амаль 500 хораў з Польшчы і 29 краінаў сьвету: ад Фінляндыі на поўначы, да Кеніі нас поўдні, ад ЗША на Захадзе да Паўднёвай Карэі на Ўсходзе. Выконвалі музыку вельмі розную, на мовах шматлікіх краінаў, уключна з мовай, на якой гаварыў Ісус Хрыстос. Мы паказалі ўсе магчымасьці царкоўнай музыкі. Зьвярталі ўвагу таксама на нашую, падляскую музыку, якая стваралася ці то ў Cупрасьлі, ці іншых цэнтрах праваслаўнай культуры”.

(Бандарук: ) “Тут хачу дадаць, што сярод ансамбляў з усяго сьвету былі таксама дзясяткі беларускіх хораў. Ляўрэатамі фэстывалю ў розныя гады былі: хор рэспубліканскага Дому культуры прафсаюзаў ў Менску, хор Дому культуры чыгуначнікаў зь Берасьця, дзявочы хор “Радуга” з Баранавічаў, хоры парафіяў у Ляхавічах, Чарнобыльскай Б.М. у Менску, Камэрны хор з Наваполацку, хор “Дойлідзтва” з Горадні, хор Беларускага радыё і тэлебачаньня зь Менску, Дзяржаўны хор імя Рыгора Шырмы ды іншыя.

Цягам шэрагу гадоў Царква падтрымлівала і ўдзельнічала ў фэстывалі. Адкрываючы чарговы, 8-ы фэстываль, Мітрапаліт Васіль з захапленьнем гаварыў пра гэтую імпрэзу. Сёлета перад “Гайнаўскімі Днямі царкоўнай музыкі”, якія арганізавала толькі Царква, Мітрапаліт заявіў: “Мы хочам ачысьціць фэстываль ад чужых элемэнтаў. Вось таму ён адбываецца ў храме. Гэтак, як касьцюм не пасуе да палявых працаў, так літургічны сьпеў ня можа гучэць толькі ў канцэртнай залі”.

Я ня ведаю, што гэта за чужыя элемэнты, але здаралася чуць такі вось папрок у ваш адрас: у вас царкоўны сьпеў перастаў быць малітваю, выйшаў па-за храм, фэстываль камэрцыялізаваўся і гэтак далей? Што вы скажаце на гэты закід?”

(Бушка: ) “На маю думку, гэтая музыка не павінна абмяжоўвацца толькі храмам і набажэнствам. Яна можа быць папулярызаваная і ў канцэртных залях. Акрамя таго, ёсьць сапраўдныя шэдэўры царкоўнай музыкі, якія ў царкве нават ня могуць выконвацца. Клясыкі царкоўнай музыкі, такія як Бартняньскі, Чайкоўскі, Рахманінаў, Грэчанінаў, у свой час былі вельмі холадна прынятыя царкоўнай гіерархіяй. Тады іхная музыка цалкам не выконвалася ў храмах. Цяпер гэта ўжо клясыка і нармальнасьць, хаця ўсё роўна застаеца шмат твораў, хаця б таго Грэчанінава, якія надалей не гучаць у цэрквах. Хачу адзначыць, што царкоўная музыка як частка культуры таксама падлягае прагрэсу. Яна не стаіць на месцы. Яе стваралі людзі ад пачатку хрысьціянства і ствараюць у наш час. Па ўсім сьвеце ёсьць кампазытары, якія пішуць новыя творы. А ці ўхваляць гэтыя творы царкоўныя гіерархі, дык гэта, думаю, іншая справа”.

(Бандарук: ) “Не падлягае сумневу, што гайнаўскі фэстываль стаўся слаўны ў сьвеце. Паводле газэты “International Herald Tribune”, “ён паказаў мала вядомае багацьце царкоўнай музыкі”. “Schweizerishe Kirchenzeitung” пісала, што ў Гайнаўцы адбываецца “братэрская сустрэча Ўсходу й Захаду”. “Gazeta Wyborcza” адзначыла, што “пасьля таго, як пачулася гэтулькі цудоўных хораў, у Гайнаўцы нават у будні дзень мясцовы хор ня можа сьпяваць абы як. Кожная старушка адразу заўважыць, што нешта тут ня так”. А ў чым вы бачыце заслугу і выключнасьць фэстывалю?”

(Бушка: ) “Выключнасьць гэтага фэстывалю ў тым, што ў той час, калі ён паўставаў, гэта быў адзіны такі фэстываль у сьвеце. Зараз, паводле нашага ўзору праводзяцца агляды царкоўнай музыкі ў Беларусі, Расеі, на Ўкраіне, ў Літве, Эстоніі, у Югаславіі, у Грэцыі і ў іншых краінах. Каштоўнасьць нашага Фэстывалю, у прыватнасьці для нас тут, на Беласточчыне, у тым, што ён адкрыты для ўсіх. Мы вітаем выканаўцаў, нягледзячы на тое, ці яны праваслаўныя, зь якой Царквы, ці гэтая царква адна адну любіць і прызнае, ці не зусім. Ён адкрыты таксама для іншых канфэсіяў, для каталікоў і пратэстантаў. Мабыць, у гэтым прычына таго, што наш фэстываль прызнаны ў сьвеце. Але нашая галоўная мэта – гэта царкоўная музыка, гэта малітва праваслаўя”.

(Бандарук: ) “Аднак у мяне асабіста ня раз узьнікала такое адчуваньне, што ўвесь час чую тое самае, тыя самыя тэксты, тыя-ж кампазыцыі, хаця і ў іншым выкананьні. Гэта найбольш выразна адчувалася на канцэртах праваслаўных калядак. Максымум 100 тых самых калядак бясконца, з году ў год, выконваюць у студзені ў Беластоцкай філярмоніі. А ці вам удалося знайсьці новыя творы, новых кампазытараў?”

(Бушка: ) “Я думаю, што абсалютна так! Гэта ўдалося ня толькі ў дачыненьні да сучасных кампазытараў. Хоры з розных краінаў прывозілі і папулярызавалі творы сваіх кампазытараў, дагэтуль шырэй не вядомых. Мы тут, на Беласточчыне, сапраўды зацыкліліся на расейскіх кампазытарах 18-19 стагодзьдзяў. Аказваецца, ёсьць і грэцкія, і балгарскія і сэрбскія кампазытары, і Фэстываль распрапагандаваў іхную творчасьць. Наш Фэстываль наагул паказаў царкоўную музыку ад пачатку хрысьціянства да сучаснасьці. Зараз выдатныя кампазытары па ўсім сьвеце пішуць новыя творы царкоўнай музыкі. У Англіі самы выдатны сучасны кампазытар Джон Таўэрнэр (які, дарэчы, прыняў праваслаўе) зьяўляецца аўтарам цэлага шэрагу рэлігійных твораў. Выдатны эстонскі кампазытар Арво Парт (таксама праваслаўны) піша царкоўную музыку. Яе ствараюць нават неправаслаўныя кампазытары. Выдатныя польскія кампазытары: Кшыштаф Пэндэрэцкі і Рамуальд Твардоўскі – каталікі, але яны аўтары цудоўных твораў царкоўнай музыкі. Праўда, у вельмі розных жанрах, для сьпеву а-капэла, але таксама інструмэнтальныя творы. Дарэчы, ужо некалькі соцень гадоў таму пісалася царкоўная музыка ня толькі для хору, але і інструмэнтальная”.

(Бандарук: ) “У праваслаўнай царкве старазапаветная традыцыя сьпеву пад акампанэмэнт інструмэнтаў не прынялася. У часе праваслаўнай багаслужбы не ўжываюцца інструмэнты, хаця якраз арган Захад ў 8-м стагодзьдзі пераняў у Бізантыі. Аднак на заканчэньне хачу спытацца пра іншае. Як вы сабе ўяўляеце сваю далейшую працу, калі Царква прысвоіла вашую ідэю, вырашыла замяніць ваш, так бы мовіць, “сьвецкі” фэстываль сваім?”

(Бушка: ) “Фэстываль заўсёды быў арганізаваны сьвецкімі людзьмі, пры меншай ці большай падтрымцы з боку Царквы. Спачатку нават бязь ведама царкоўных гіерархаў, бо мы адчувалі, што гіерархі самі баяцца і скажуць “не”. Але зараз Фэстываль прызнаны найвышэйшымі ўладамі Польшчы, многімі праваслаўнымі гіерархамі ва ўсім сьвеце, Усяленскім Патрыярхам. Думаю, што гэта вялікая справа для Праваслаўя ў сьвеце і для культуры ва ўсясьветным маштабе”.

(Бандарук: ) “Шмат хто пагодзіцца з гэтай думкай спадара Бушко. Праўда, што ў 1995-м годзе Міністэрства культуры і мастацтва надало фэстывалю найвышэйшы ранг, які ў Польшчы маюць толькі дзьве іншыя імпрэзы: Шапэнаўскі конкурс і Фэстываль сучаснай музыкі. На інтэрнэт-старонцы фэстывалю можна прачытаць шэраг цёплых слоў на адрас арганізатараў мерапрыемства з боку аўтарытэтных і вядомых людзей, улучна з Усяленскім Патрыярхам Варафаламеям. Аднак праўда і тое, што зараз само існаваньне гэтай унікальнай імпрэзы апынулася пад пагрозай, і гэта хвалюе шмат каго, у тым ліку мяне асабіста”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG