Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД АРЫШТАВАЎ РАХУНАК “НАРОДНАЙ ВОЛІ”


Галіна Абакунчык, Менск

Пра рашэньне судзьдзі Ленінскага раёну Менску Людмілы Грачовай Іосіф Сярэдзіч даведаўся ў Горадні, дзе быў у зьвязку з судовым паседжаньнем у справе журналістаў газэты “Пагоня”. Навіна, паводле ягоных словаў, вельмі нечаканая і незразумелая. Сапраўдную прычыну такога рашэньня ён даведаўся толькі сёньня, калі наведаўся ў Менскі раённы суд. Вось, што спадар Сярэдзіч паведаміў у інтэрвію нашаму радыё.

(Сярэдзіч: ) “Арыштавалі 5 мільёнаў рублёў з-за таго, што ў судзе Ленінскага раёну будуць разглядацца позвы двух грамадзянак з Жодзіна. Але суд будзе разглядаць гэтыя пазовы толькі 29 ліпеня. А ўжо сёньня блякуюцца 5 мільёнаў рублёў”.

Паводле словаў Сярэдзіча, некалькі месяцаў таму “Народная Воля” надрукавала артыкул выканаўчага дырэктара саюзу юрыстаў Менскай вобласьці, у якім крытыкавалася праца жодзінскіх судзьдзяў. У сваёй позьве двое з гэтых судзьдзяў просяць спагнаць з газэты па 2,5 мільёна рублёў як маральную кампэнсацыю.

Ці будзе гэтая позва задаволеная, вырашыць суд, першае паседжаньне якога адбудзецца не раней, як празь месяц. Але 5 мільёнаў рублёў арыштаваныя ўжо сёньня, нібыта як гарантыя на магчымую выплату заяўнікам. Рэдактар газэты ставіць гэты выпадак у адзін шэраг з падзеямі вакол газэты “Пагоня” і перакананы, што судзьдзя Людміла Грачова пакарала газэту заўчасна, а сваё рашэньне прыняла пад чыімсьці ціскам. Гаворыць Іосіф Сярэдзіч:

(Сярэдзіч: ) “Я думаю, што за гэтым нехта стаіць. Я сёньня сустракаўся са старшынём Ленінскага суду Менску, і яна сама нават разьвяла рукі. Таму што судзьдзя, якая вызначыла такую меру, літаральна днямі пайшла ў адпачынак. А старшыня суду ня мае права адмяніць гэты дакумэнт. І яна толькі параіла мне зьвярнуцца ў гарадзкі суд”.

Спадар Сярэдзіч называе арышт рахунку цяжкім выпрабаваньнем для газэты, бо ўжо сёньня неабходна плаціць заробкі, разьлічвацца за паслугі друкарні, плаціць падаткі. Аднак, паводле ягоных словаў, той, хто спадзяецца на эканамічную сьмерць выданьня, гэтага не дачакаецца. Сёньня галоўны рэдактар зьвярнуўся ў гарадзкі суд з заявай-патрабаваньнем рашэньне суду Ленінскага раёну па “Народнай Волі” адмяніць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG