Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЛІТВЕ ПРАЦУЮЦЬ ПРАСТЫТУТКАМІ СОТНІ БЕЛАРУСКІХ ГРАМАДЗЯНАК


Тацяна Поклад, Вільня

Паводле гадавога дакладу дзярждэпартамэнту ЗША наконт нелегальнага гандлю, Літва – адзіная з Балтыйскіх краінаў дэманструе добра наладжаную працу ў змаганьні з гандлем людзьмі. Нелегальным гандлем людзьмі называюць звычайна сэксуальную эксплюатацыю эмігрантаў, звычайна кабет і дзяцей.

Значную частку прастытутак Літвы складаюць беларускі, якія трапілі ў сэкс-бізнэс не па сваёй волі. Гэтак званыя добраахвотныя прастытуткі, як сьведчаць досьледы, абіраюць гэты шлях, бо папросту ня бачаць альтэрнатывы.

Міжнародная Арганізацыя па Міграцыі – International Organization for Migration, ІОМ – змагаецца з гандлем людзьмі і мае аддзяленьні па ўсім сьвеце, ў тым ліку і ў Беларусі, і ў Літве. Дырэктар літоўскага аддзяленьня ІОМ Аўдра Сіпавічэне кажа, што высьветленае існаваньне арганізаваных груповак, якія перапраўляюць беларусак на нелегальную інтымную працу ў Літву альбо далей на Захад транзытам празь Літву.

(Сіпавічэне: ) “Сапраўды існуюць гэткія крымінальныя каналы – сеціва, добра наладжанае. Зразумела, гэта вельмі разгалінаванае, вялікае сеціва. Дзяўчат часьцей вэрбуюць проста на вуліцы, у барах, кавярнях, – пытаюцца, ці не хацела б папрацаваць ў Літве. Вядома, не кажуць, што ў бардэлі, а так, гандляваць, напрыклад, ці хатнімі работніцамі. Пасьля ўжываюцца розныя сродкі прымусу і пазбаўленьня волі. Вы не ўяўляеце, наколькі зламаная воля ў гэтых “апрацаваных” дзяўчат і кабет. Спачатку для многіх гэтая новая праца уяўляецца немагчымай, жахлівай, але пасьля яны ня бачаць выйсьця, згаджаюцца на ўсё. Ім кажуць, што яны павінны адпрацоўваць за даўгі – за праезд, за вопратку, – і ўвогуле нічога ім ня плацяць.

Празь Літву беларусак перапраўляюць і далей на Захад. Нам вось нядаўна даводзілася дапамагаць яшчэ двум беларускам, суправаджалі іх да мяжы. Але дакладных лічбаў я вам не магу паведаміць. Апрача таго, пра дакладныя лічбы гаварыць рана: дзяўчат перавозяць праз мяжу патаемна, альбо цалкам легальна – яны едуць як бы да сваякоў, да знаёмых”.

У Літве дзейнічае вялікі праект ІОМ “Прэвэнцыя гандлю кабетамі ў Балтыйскіх краінах”. Паводле досьледу, які ўжо праведзены як пачатковы этап праекту, ва ўсіх трох балтыйскіх краінах беларускі выкарыстоўваюцца як у падпольных бардэлях ўнутры краінаў, так і для далейшай перапраўкі ў Заходнюю Эўропу. Беларускі вызначаюцца меншай інфармаванасьцю, іх лягчэй застрашыць. Як сьведчыць гадавы даклад Дзярждэпартамэнту ЗША, Беларусь, як і Расея, належаць да ліку дзяржаваў, якія амаль нічога ня робяць для барацьбы з гандлем дзяцьмі і кабетамі.
XS
SM
MD
LG