Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІДЭРЫ КРАІНАЎ ЭЎРАПЕЙСКАГА ЗЬВЯЗУ АБМЯРКУЮЦЬ ПРАБЛЕМУ БАРАЦЬБЫ ЗЬ НЕЛЕГАЛЬНАЙ ІМІГРАЦЫЯЙ


Вячаслаў Ракіцкі, Прага

Гаспадар сустрэчы гішпанскі прэм’ер-міністар Хасэ-Марыя Ансар, разам з кіраўнікамі Вялікай Брытаніі і Італіі, націскае на эўрапейскіх лідэраў, каб прыняць рашэньне пра ўмацаваньне межаў Эўразьвязу, стварыць эўрапейскую памежную паліцыю і рэзка зьменшыць дапамогу бедным краінам, якія адмаўляюцца супрацоўнічаць з Эўропай у кантролі над іміграцыяй.

Аднак, Швэцыя, Францыя і Люксэмбург адхіляюць гэтыя захады як занадта жорсткія. Кіраўнік Эўракамісіі Рамана Продзі засьцярог урады Эўразьвязу супраць, як ён выказаўся, “дэманізацыі” замежнікаў. На ягоную думку, трэба ясна давесьці да ведама грамадзянаў эўрапейскіх краінаў, што будзе жорсткае стаўленьне да нелегальнай іміграцыі і гандлю людзьмі, але, з другога боку, трэба сказаць, што законная іміграцыя для Эўропы, якая старэе, ёсьць дабром, крыніцай энэргіі і жывучасьці.

Гішпанія ж патрабуе ўключаць антыіміграцыйны пункт ва ўсе міжнародныя пагадненьні, што дазволіць Эўразьвязу ўводзіць санкцыі супраць тых, хто ня будзе выконваць іміграцыйныя правілы Эўропы. Эўрапейская камісія ж прапануе заключаць дамовы аб “рэадмісіі”, калі кожны з падпісантаў абавязваецца вяртаць назад кожнага з выяўленых у Эўропе незаконных імігрантаў. Зрэшты, Эўразьвяз ужо падпісаў пагадненьні аб “рэадмісіі” з Ганконгам і Шры-Ланкай. Перамовы ў гэтым пытаньні вядуцца з Расеяй, Марока і Пакістанам.

Тым часам, праваабарончыя арганізацыі папракаюць эўрапейскія ўрады ў распальваньні варожых настрояў супраць замежнікаў па ўсёй Эўропе. У звароце “Amnesty International” да лідэраў Эўразьвязу гаворыцца, што тое, што на саміце ў Сэвільі будзе сфакусаваная ўвага на барацьбе зь нелегальнай іміграцыяй, падвяргае небясьпецы абавязацельствы Эўропы ў правах чалавека і робіць Эўропу ўсё больш варожым месцам для замежнікаў. “Amnesty International” пераконвае, што не было “паводкі” ўцекачоў у Эўропу. Насуперак папулярнаму меркаваньню, наадварот – колькасьць людзей, якія шукаюць прытулку ў Эўропе, упала з 675 тысячаў на пачатку 1990-х гадоў да 384 тысячаў летась.
XS
SM
MD
LG