Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗАКЛІКАЕ НЕ СЬПЯШАЦЦА ХАВАЦЬ ІНТЭГРАЦЫЮ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

На сэмінары кіраўніцтва краіны і вэртыкаль абмяркоўвае канкурэнтаздольнасьць нацыянальнай эканомікі, стан і пэрспэктывы зьнешняга гандлю.

На два дні Магілёў пераўтварыўся ў горад чыноўнікаў, якіх з усёй краіны прыехала каля паўтысячы. Нават транспартны рух на вуліцах абласнога цэнтру зьменшыўся, прыярытэтам карыстаюцца міліцэйскія “мігалкі”, начальніцкія аўто і аўтобусы сэмінару.

Шараговыя магілёўцы могуць пацешыцца, што ў сувязі зь візытам Аляксандра Лукашэнкі нарэшце знайшліся сродкі на ўпарадкаваньне цэнтральных вуліцаў Магілёва, рамонт і фарбаваньне будынкаў.

Кіраўнікі дзяржаўных органаў улады абмяркоўваюць праблемы зьнешняга гандлю. Даходы ад экспарту сёлета паменшыліся, хаця тавараў было прададзена больш, чым летась. Прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў прадаецца вельмі танна.

Прычыну акадэмік Пётар Нікіценка знайшоў у мэнталітэце: маўляў, беларусу лягчэй вырабіць і аддаць дарма, чым прадаваць.

Аднак урад патрабуе вучыцца маркетынгу, Камітэт дзяржкантролю заклікае разьвіваць турызм, а таксама прымушаць прадпрымальнікаў гандляваць ня імпартнымі, а айчыннымі таварамі. Спосаб для гэтага ўжо знойдзены: віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў заявіў, што падаткі для тых, хто ня будзе гандляваць беларускім, будуць падвышаныя на палову.

На сэмінары зайшла размова і пра зьнешнегандлёвы прыярытэт дзяржавы — Расею. Аляксандар Лукашэнка заявіў, што праціўнікі інтэграцыі Беларусі й Расеі рана сьвяткуюць перамогу. Ён назваў апазыцыю жабрацкай і сказаў, што яны ўжо захлынаюцца ў сваім брудзе. Ягоныя выказваньні камэнтавала для журналістаў прэс-сакратар Натальля Пяткевіч:

(Пяткевіч: ) “Прэзыдэнт пасьпяшаўся супакоіць тых, хто сьпяшаецца хаваць збліжэньне Беларусі й Расеі. Тое, як адрэагавала нашая так званая апазыцыя — прэзыдэнт паказвае ейны твар —“абы было горш”. Але перамогу сьвяткаваць рана”.

Натальля Пяткевіч заклікала прэсу пісаць пра саюз добразычліва і асьцярожна.

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў з трыбуны сэмінару, што меў 18 чэрвеня ўвечары размову з Уладзімерам Пуціным наконт саюзных праблемаў. Лукашэнка лічыць, што сапсаваць дачыненьні двух прэзыдэнтаў і тым самым перашкодзіць саюзу ня ўдасца нікому. Ён сказаў, што працэс ня ўдасца спыніць, можна толькі замарудзіць.

Праграма візыту Аляксандра Лукашэнкі была напярэдадні зьмененая. Ён не паедзе на вытворчае аб’яднаньне “Хімвалакно” размаўляць з кіраўніцтвам і калектывам прадпрыемства, якое знаходзіцца ў стадыі акцыянаваньня.

Увечары Аляксандар Лукашэнка будзе гуляць у хакей з вэтэранамі маскоўскага “Спартака”, а 20 чэрвеня ў чацьвер адкрые новы мост у Магілёве, наведае адну з найлепшых сельскіх гаспадарак рэгіёну і закрые сэмінар вэртыкалі ўлады.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG