Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АБЯЦАНЬНІ ЧЫНОЎНІКАЎ КАНЦЭРНУ “БЕЛНАФТАХІМ” НЕ ПАДВЫШАЦЬ ЦЭНЫ НА ПАЛІВА ПАРУШАНЫЯ


Ігар Карней, Менск

Паўтара тыдні таму, калі было першае падвышэньне цэнаў на бэнзын і дызэльнае паліва, у камэнтары для Радыё Свабода кіраўнік аддзелу гандлю канцэрну “Белнафтахім” Віктар Азараў распавядаў, што непапулярная, але вымушаная мера разьлічаная на доўгі пэрыяд, і ні пра якое пазачарговае падвышэньне блізкім часам гаворкі няма. Але прайшло зусім няшмат часу — і выявілася, што чыноўнік пасьпяшаўся з высновамі. Сёньня спадар Азараў кажа, што адбыліся непрагназаваныя падзеі.

(Азараў: ) “Тыдзень таму не было заявы Буша адносна Іраку. Не было ўсплёску цэнаў на ўсясьветным рынку нафты. А ўсё залежыць ад таго, па якіх цэнах мы купляем нафту. Таму ўсё разьвіваецца дынамічна, ды і мы са стратамі працаваць ня можам. Калі падскочылі цэны ў Расеі, то і мы нікуды не падзенемся. Тое ж самае на ўсясьветным рынку. Падняўся кошт на нафту, адсюль і ўсе праблемы. Адпаведна і прадукты нафтаперапрацоўкі таксама пайшлі ўгару. Ніякіх прагнозаў пакуль ня робім. Бо можа зараз цана патрымацца, потым упасьці. Такой высокай, думаю, цана, можа, і ня будзе. А ваганьні — яны ж увесь час адбываюцца”.

На бальшыні залівачных станцыяў цана на бэнзын пакуль трымаецца ў межах 640–660 рублёў за літар АІ-92 і паўтысячы за салярку і АІ-76. Але толькі да таго часу, пакуль ня будуць вычарпаныя рэзэрвуары са старымі запасамі. Новыя цэны гэткія: за АІ-76 — 570 рублёў, за АІ-92 — 725 рублёў і за АІ-95 — 830 рублёў за літар.

Хто найперш пацерпіць ад чарговага падаражэньня паліва? Адзін з супрацоўнікаў платнай стаянкі блізу вакзалу кажа, што ўжо перасталі езьдзіць пэнсіянэры ды ўладальнікі “Жыгулёў”.

(Ахоўнік: ) “Натуральна, усялякае падвышэньне цэнаў непажаданае. У горадзе на паркоўках машын стала адназначна меней. Іншая справа, што вакзал — гэта крыху іншая рэч. Хоць “Жыгулёў”, іншых айчынных машынаў амаль няма і тут”.

(Карэспандэнт: ) “У вас машына свая ёсьць?”

(Ахоўнік: ) “Няма. На жаль, на машыну яшчэ не зарабіў. А пры такіх цэнах на бэнзын ня ведаю, ці змагу яе ўтрымліваць”.

Нават паводле афіцыйнай статыстыкі, беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы істотна зьменшылі аб’ёмы перапрацоўкі расейскай нафты. Ад пачатку году кошт расейскай сыравіны вырас на 200% — ад 55 даляраў за тону ў лютым да 120 даляраў у чэрвені. У канцэрне “Белнафтахім” кажуць, што пры такой цэнавай палітыцы з боку саюзьнікаў нічога не застаецца, як працаваць са стратамі. Адзіны магчымы контарзахад — ісьці на аналягічныя крокі й падвышаць цэны на паліва з усё меншымі прамежкамі ў часе.

Праўда, на пытаньне: калі чакаць чарговых захадаў у цэнавай карэкцыі паліва, цяпер у “Белнафтахіме” рэагуюць больш абачліва, і прынамсі ніхто не бярэцца гарантаваць, што гэтага ня здарыцца неўзабаве.
XS
SM
MD
LG