Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“КАЛЯ 60% УДЗЕЛЬНІКАЎ НАШЫХ ФОРУМАЎ ХВАРЭЛІ СУПРАЦЬ РАСЕІ”


Віталь Цыганкоў, Менск

Падчас чэмпіянату сьвету па футболе на некалькіх беларускіх Інтэрнэт-форумах разгарэліся зацятыя баталіі на футбольныя і каляфутбольныя тэмы. І адзін з найбольш папулярных сярод гэтых форумаў знаходзіцца на сайце самай масавай спартовай газэты Беларусі “Прессбол”.

Зразумела, што яшчэ тыдзень таму тут самай папулярнай была тэма адсутнасьці тэлетрансьляцыяў на Беларусь. Калі трансьляцыі аднавіліся, увага заўзятараў пераключылася ўласна на футбол. Пра тое, якія тэмы найчасьцей абмяркоўваюцца на Інтэрнэт-форумах “Прессбола” (www.pressball.bу), мы гутарым з аглядальнікам газэты Сяргеем Аляхновічам.

Зборныя якіх краінаў выклікаюць найбольшую ўвагу беларускіх заўзятараў?

(Аляхновіч: ) “Улічваючы, што мы знаходзімся паміж Польшчай і Расеяй, і абедзьве гэтыя каманды ўдзельнічаюць (цяпер ужо можна сказаць “удзельнічалі”) у чэмпіянаце сьвету, людзі найбольш выказваюць меркаваньні наконт гэтых зборных. Калі яны ацэньваюць гульню, напрыклад, палякаў, можна было знайсьці выказваньні, што Беларусь абыграла ў адборачным цыклі палякаў 4-1, і што мы ня горш выглядалі б на палях Карэі й Японіі”.

(Карэспандэнт: ) “Я таксама зазіраў на форумы вашай газэты і зазначыў, што, безумоўна, сярод усіх зборных найбольшую колькасьць заўваг і выказваньняў выклікала каманда Расеі. Як падзяліліся меркаваньні заўзятараў наконт расейскай каманды — ці можна вызначыць нейкія заканамернасьці?”

(Аляхновіч: ) “Зразумела, дакладна ніхто не падлічваў: колькі людзей хварэе за Расею, колькі супраць, а каму гэтая зборная абыякавая. Але паводле маіх назіраньняў, сярод наведнікаў нашай старонкі каля 60% хварэе супраць Расеі, каля 25 — за, а астатнім яна абыякавая”.

(Карэспандэнт: ) “А якія каманды выклікаюць найбольшую сымпатыю ў нашых заўзятараў?”

(Аляхновіч: ) “Мяркую, што сымпатыі падзеленыя між фаварытамі турніру (такімі як Італія, Англія, Гішпанія), але ў многіх заўзятараў выклікаюць цікавасьць і адкрыцьці чэмпіянату — Сэнэгал, Паўднёвая Карэя, Японія. Але ўсё-ткі ў нас у краіне ў цэнтры Эўропы большасьць заўзятараў хварэе за нейкую эўрапейскую зборную”.

(Карэспандэнт: ) “Прессбол” заўсёды вельмі актыўна працуе са сваімі чытачамі, на старонках вашага выданьня заўсёды шмат месца аддаецца лістам чытачоў. Ці можна заўважыць нейкую кардынальную розьніцу паміж гэтымі аўдыторыямі — тымі, якія пішуць у газэту і тымі, хто ўдзельнічае ў дыскусіях на вашым сайце?”

(Аляхновіч: ) “Розьніца ёсьць. Па-першае, Інтэрнэт-аўдыторыя больш маладая. Лісты, як паказвае практыка, дасылаюць больш сталыя людзі, і яны прапануюць там нейкі аналіз публікацыяў газэты, нашых публікацыяў. На форумах часьцей пераважаюць эмоцыі. Зь іншага боку, калі людзі прысылаюць лісты, гэта больш запаволеная сувязь, а ў форумах — імгненная, амаль у рэжыме дыялёгу”.


* * *
Надыходзіць сэзон адпачынкаў, і большасьць з нас пачынае думаць, дзе, у залежнасьці ад сваіх магчымасьцяў, правесьці гэты адпачынак сёлета. Ці можа дапамагчы ў гэтым выбары беларускі Інтэрнэт? Што ўвогуле можна сказаць пра разьвіцьцё беларускага Сеціва ў галіне турызму і адпачынку? Пра гэта мы гаворым з адказным сакратаром газэты “Туризм и отдых” Сяргеем Скіндэрам.

(Скіндэр: ) “Цяпер беларускі Інтэрнэт у галіне турызму і адпачынку разьвіты вельмі слаба. Сайты вялікіх турфірмаў зробленыя пераважна для таго, каб падвысіць свой прэстыж. Выкарыстоўваць Інтэрнэт-старонкі беларускіх турфірмаў у практычных мэтах амаль немагчыма”.

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць у беларускім Інтэрнэце нейкі агульны сайт, на якім можна было б знайсьці зьвесткі — у якую канкрэтную фірму зьвярнуцца за турыстычнай інфармацыяй, у якую краіну паехаць і колькі гэта будзе каштаваць? Калісьці заяўку на такі праект зрабіў сайт Holiday.by, але, здаецца, на нейкім этапе гэта сайт перастаў разьвівацца”.

(Скіндэр: ) “Гэта так. Holiday.by спачатку падаваў нейкія спадзяваньні, што гэты сайт стане зручным для турыстаў, для пошуку патрэбных ім тураў. Але пэўны час таму гэты сайт спыніўся ў сваім разьвіцьці.

І думаю, цяпер гэтую нішу зойме сайт, які робіць газэта “Туризм и отдых”. Гэта будзе беларускі турыстычны партал, дзе можна будзе знайсьці інфармацыю ня толькі пра нашую родную краіну, а таксама і пра адпачынак і ў іншых краінах сьвету, пабачыць, якія турфірмы што прапануюць і нават забраняваць нейкі тур”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж многія беларускія турыстычныя фірмы маюць уласныя сайты. Іншая справа, што яны не зусім функцыянальныя — на гэтых старонках мала пра што можна даведацца…”

(Скіндэр: ) “Магу сказаць, што ў Беларусі амаль 600 фірмаў розных формаў уласнасьці (пераважна прыватныя) маюць ліцэнзію на турыстычную дзейнасьць, але свае сайты маюць ня больш як 60–70 фірмаў. Але калі глядзець на іх з гледзішча патэнцыйнага турысту, то толькі адсоткаў 10 маюць нейкую практычную інфармацыю. Большасьць сайтаў абмяжоўваецца толькі сухімі фактамі пра назву фірмы і тымі кірункамі, якія яны прадстаўляюць кліентам”.

(Карэспандэнт: ) “То бок, каб паставіць сабе “птушачку”, што “ў нас ёсьць сайт”.

(Скіндэр: ) “Так! “У нас ёсьць сайт”. Сказаць гэта ў размове з калегамі па турбізнэсе — “Мы зрабілі сайт”. Не заўсёды, на жаль, гэтыя Інтэрнэт-старонкі адпавядаюць іміджу турфірмы. Фірма можа быць добрай і паважанай у бізнэсе, але іхны сайт зусім не адпавядае іхнаму становішчу ў турызьме. Думаю, гэта адбываецца з-за таго, што Інтэрнэт пакуль не ўвайшоў належным чынам у нашае жыцьцё”.

(Карэспандэнт: ) “Як бачым, пакуль турыстычным фірмам няма ніякага сэнсу траціць нямалыя сродкі на існаваньне і падтрымку сайту. Калі Інтэрнэтам карыстаецца ўсяго некалькі адсоткаў насельніцтва краіны, і зноў жа толькі некалькі адсоткаў езьдзяць адпачываць за межы Беларусі — у такіх умовах уласная Інтэрнэт-старонка турыстычнай фірмы пакуль ня можа быць рэнтабэльнай”.


* * *
“Матусевічы ўсіх краінаў, яднайцеся”. Гэты дэвіз аздабляе сайт, які называецца “Плянэта Матусэвічаў” — www.matusevich.narod.ru. Ідэя сайту даволі простая і разам з тым вельмі сымпатычная: зьяднаць вакол Інтэрнэт старонкі як мага больш людзей з прозьвішчам Матусевіч, стаць для іх своеасаблівай віртуальнай пляцоўкай для кантактаў. Аўтар сайту Юры Матусевіч — у нашай менскай студыі.

(Матусевіч: ) “Людзі заўсёды цікавяцца сваім прозьвішчам. Адметна, што калі пачынаўся гэты праект, у людзей, якія жывуць на Захадзе, ён выклікаў шмат большы інтарэс, чым у нашых суайчыньнікаў”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму, на ваш погляд?”

(Матусевіч: ) “Ня ведаю. Магчыма, гэта савецкая спадчына, магчыма, штосьці іншае. Дзяўчына зь Менску пісала мне: “Я ня ведаю, што цікавага вы знайшлі ў гэтых Матусевічах, у нас іх хоць гаць гаці, і ня трэба мне пісаць”. А людзі, якія жывуць у Аргентыне, і ня ведалі нават, хто такія славяне — пра Беларусь увогуле нічога ня чулі, яны вельмі цікавяцца гэтым праектам”.

(Карэспандэнт: ) “Як папаўняецца ваш сайт? Ці Матусевічы выходзяць на вас, недзе знайшоўшы ваш сайт, ці вы самі іх шукаеце?”

(Матусевіч: ) “Спачатку я сам з дапамогай пошукавых сыстэмаў знаходзіў Матусевічаў і раскідваў ім па пошце запрашэньні. Гэта было на першым этапе — калі трэба было адрасна заявіць пра свой праект. Але недзе праз паўгода сытуацыя зьмянілася, людзі пачалі самі мяне знаходзіць і самі пісаць. І менавіта тыя людзі, што мяне знаходзяць, найбольш і мне цікавыя”.

(Карэспандэнт: ) “Вы на сайце правялі такія гіпатэтычныя падлікі наконт таго, колькі ўсяго Матусевічаў жыве ў розных краінах, увогуле ў сьвеце. Колькасьць тых, хто да вас зьвяртаецца, неяк адпавядае гэтым разьлікам?”

(Матусевіч: ) “Адпавядае на якасным узроўні. Я падлічыў, што ў Аўстраліі павінна быць колькі прадстаўнікоў нашага прозьвішча. Вось з Аўстраліі адзін Матусевіч мне напісаў. Зь Вялікабрытаніі два Матусевічы адгукнуліся, у Аргентыне вялікая сям’я. Так што ў якасным складзе гэта адпавядае маім падлікам”.

Што ж, можна толькі пажадаць Юрыю, каб “Плянэта Матусевічаў” расла і колькасна, і якасна. І безумоўна, добра было б бачыць у беларускім Інтэрнэце паболей такіх арыгінальных праектаў.
XS
SM
MD
LG