Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКІЯ НАСТУПСТВЫ МОЖА МЕЦЬ АПОШНІ СКАНДАЛ У БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКІХ ДАЧЫНЕНЬНЯХ?


Юры Дракахруст, Прага

(Піянткоўскі: ) “Не, гэты абмен заявамі азначае канец аб’яднаўчага фарсу, які працягваўся 10 гадоў. Абодвум бакам надакучыла прыкідвацца. Ельцын, адчуваючы камплекс Белавеж’я, паддаваўся на ўсю гэтую лукашэнкавую балбатню пра аб’яднаньне, аднак з самага пачатку было зразумела, што Лукашэнка ніколі не абмяняе пасаду дыктатара эўрапейскай краіны на пасаду менскага губэрнатара. Ён атрымліваў неверагодныя дывідэнды ад гэтай гульні і ў выглядзе субсыдаваных цэнаў на энэрганосьбіты, і у выглядзе мытнай “дзіркі” на мяжы. Пуцін з самага пачатку вырашыў пакласьці канец гэтаму нераўнавеснаму абмену. Ён выйшаў з зусім іншага асяродку, чым Ельцын, гэтых комплексаў ня меў і ўсю гэтую махлярскую гульню Лукашэнкі бачыў наскрозь. І крок за крокам ён зьнішчаў умовы гэтага “бартэру”. І нарэшце было сказана: хопіць валяць дурака, калі вы хочаце аб’ядноўвацца, то вы робіцеся суб’ектам Расейскай Фэдэрацыі, і ня трэба ствараць гэтыя пачварныя наддзяржаўныя бюракратычныя структуры. У сваю чаргу і Лукашэнка сказаў тое, што ён заўсёды і думаў – што Беларусь ніколі ня стане суб’ектам Расейскай фэдэрацыі.

Што тычыцца будучыні двухбаковых адносінаў, то яна мне бачыцца вельмі сьветлаю. Бо зараз адносіны будуць будавацца без ўзаемнага падману, без гульні ў аб’яднаньне, як паміж двума народамі, якія вельмі добра і па-сяброўску ставяцца адзін да аднаго”.

Значная частка расейцаў па-ранейшаму хоча аб’яднаньня зь Беларусьсю, паводле дадзеных сацапытаньняў гэтая частка нават расьце. Гэты ціск грамадзкай думкі ўзьдзейнічаў на Ельцына, не свабодны ад яго і Пуцін. Ня сёньня дык заўтра, ня заўтра , дык падчас выбараў, ці не спатрэбіцца і яму нейкі яркі інтэграцыйны жэст, чарговае аб’яднаньне? Да таго ж невядома, наколькі трывалым будзе цяперашняе паляпшэньне адносінаў Масквы з Захадам. Ізноў гаворыць Андрэй Піянткоўскі.

(Піянткоўскі: ) “Людзі, далёкія ад палітызаванай тусоўкі, падтрымліваюць аб’яднаньне ў адзіным магчымым выглядзе – ўваходжаньня Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю. Калі ім растлумачыць, а гэта трэба растлумачыць, што асноўная перашкода гэтаму – гэта Лукашэнка, які ніколі не зьбіраўся гэтага рабіць, то ніякага палітычнага ціску ня будзе. Пуцін жа ня супраць узаемавыгаднага эканамічнага супрацоўніцтва.

Што ж тычыцца адносінаў з Захадам, то я таксама не лічу, што цяперашні расейскі саюз з Захадам неабарачальны. Мы добра разумеем, наколькі Пуцін адарваўся ў гэтым ад расейскай палітычнай эліты. Магчымыя адкаты ня выключаныя, але рэзкая канфрантацыя з Захадам, пры якой ізноў узьнікне патрэба ў Лукашэнку і ягонай дэмагогіі пра абарону заходніх межаў, наўрад ці паўторыцца. Старатэгічна і тут ён губляе сваю карту. Я не выключаю, што як вопытны палітык ён пачне гуляць зусім іншымі картамі.

Я не выключаю, што гэта можа быць гульня на беларускай нацыянальнай карце, гэта можа быць карта супрацоўніцтва з Эўропаю. Ён сёньня сказаў выдатныя словы, да якіх нам варта далучыцца: “Сваё шчасьце беларусы мусяць шукаць на сваёй зямлі”.

Цяперашні крызыс у беларуска-расейскіх адносінах, прынамсі, заявы Аляксандра Лукашэнкі, мы папрасілі пракамэнтаваць таксама кіраўніка расейскага Фонду эфэктыўнай палітыкі, вядомага крамлёўскага паліттэхноляга Глеба Паўлоўскага.

Наш суразмоўца лічыць, што адказ Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімеру Пуціну – гэта ня больш чым рыторыка.

(Паўлоўскі: ) “Я не лічу, што рэальны працэс заблякаваны. Я мяркую, што сп-р Лукашэнка спрабуе зрабіць немагчымае. Ён спрабуе стаць кімсьці кшталту беларускага нацыяналіста перад тварам расейскай пагрозы, канкураваць зь Беларускім Народным Фронтам. Але мне падаецца, што гэта нейкая ўнутрыпалітычная гульня, якая ня мае перспэктываў у рэчышчы разьвіцьця беларуска-расейскіх адносінаў.

Зразумела, гэтыя адносіны мусяць быць раўнапраўнымі, але ў сэнсе ўваходжаньня ў пэўную сыстэму, а ўжо ўнутры сыстэмы ўнёсак кожнай дзяржавы мусіць быць узважаны. У гэтым сэнсе раўнапраўе эканомікаў Расеі і Беларусі – гэта ў самым аптымістычным варыянце пытаньне вельмі аддаленай будучыні. А саюз мы будуем сёньня. І наўрад ці расейскую эканоміку можна прышпіліць у якасьці спонсара беларускай эканомікі. Гэта будзе няправільна з пункту гледжаньня расейскіх нацыянальных інтарэсаў, да і беларускай эканомікі таксама. Таму пытаньне пра раўнапраўе – гэта чыстая прапаганда. Расея не пагражае Беларусі і беларускай незалежнасьці, яна проста задае пытаньне, наколькі беларускае кіраўніцтва падтрымлівае імкненьне беларускага насельніцтва да саюзу. Паводле дадзеных апытаньняў, беларускае насельніцтва хоча саюзу, расейскае насельніцтва таксама хоча саюзу. Ці хоча саюзу беларускае кіраўніцтва – гэта пытаньне да беларускага грамадзтва і, зразумела, да ўладаў”.

Зараз шырока абмяркоўваецца пытаньне, якой новай палітыкаю Аляксандар Лукашэнка можа замяніць інтэграцыйныя гульні. Глеб Паўлоўскі ня выключае магчымасьць рэзкіх паваротаў у палітыцы афіцыйнага Менску, аднак мяркуе, што гэтыя крокі будуць досыць рызыкоўнымі для сп-ра Лукашэнкі.

(Паўлоўскі: ) “Магчымасьць павесьці курс на падрыў саюзу прывядзе проста да таго, што сп-р Лукашэнка, не набыўшы для сябе нічога дадатковага, страціць падтрымку ў вельмі істотным для насельніцтва пытаньні – у пытаньні адносінаў з Расеяй. Гэта азначала б поўную ізаляцыю. Хаця я ня стаў бы выключаць магчымасьць, бо для паўдыктатарскіх рэжымаў, кшталту некаторых каўкаскіх і цэнтральнаазіяцкіх, як раз натуральныя спробы рэзкага манэўру з поўнаю зьменаю гэапалітычнай арыентацыі дзеля захаваньня пазыцыяў уладнай эліты. Я б не выключаў спробу сп-ра Лукашэнкі “шырока ўсьміхнуцца” Захаду. Іншая справа, ці ацэніць Захад усьмешкі гэтага спадара.

Калі мы маем справу з кіраўніком, які падкрэсьлена ня лічыцца з настроямі ня толькі інтэлігэнцыі і гуманітарных асяродкаў – яны нарэшце складаюць меншасьць, але і з настроямі больш шырокіх колаў і ўласнага адміністратыўнага апарату, які амаль адкрыта выказвае незадаволенасьць, то ён можа ісьці на нейкія авантуры, бо палітычны рэжым яму гэта дазваляе. Але я мяркую, што для сп-ра Лукашэнкі гэта быў бы памылковы шлях, і ён як чалавек разумны на яго не пайшоў бы. Мне падаецца, што на антырасейскай карце ён рызыкуе страціць проста ўсё”.
XS
SM
MD
LG