Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПАВАЛ КАЛАЎР: УЛАДЗІМЕР ПУЦІН ПАМЫЛІЎСЯ ЎДВАЯ


Міхал Стэльмак, Менск

Як паведаміў Павал Калаўр, меркаваны эмісійны цэнтар мусіць быць падпарадкаваны наднацыянальным органам саюзу Беларусі й Расеі. Гэта, паводле ягоных словаў, выцякае з саюзнай дамовы, якая стала фундамэнтам для беларускай мадэлі грашовай інтэграцыі.

(Калаўр: ) “Захоўваючы два цэнтральныя банкі пры невялікіх зьменах у функцыях і каардынацыі дзейнасьці, але маючы невялікі наднацыянальны орган, мы маглі б вырашаць задачу агульнага эмісійнага цэнтру. Таму Беларусь і прапанавала Расеі сыстэму двух цэнтральных банкаў зь нейкім наднацыянальным органам, накшталт Міжбанкаўскай валютнай рады. Гэтыя нашыя прапановы агучаныя і ня новыя”.

Як вынікае зь ягоных словаў, менавіта саюзная дамова гарантавала беларускаму Нацбанку права раўнацэннага партнэрства з Расеяй. Між тым, Уладзімер Пуцін пасьля пецярбургскага саміту, як вядома, выказаў сумнеў наконт эканамічнай абгрунтаванасьці такога партнэрства.

Доля Беларусі, паводле Пуціна, складае ўсяго 3% эканамічнага патэнцыялу Расеі. Сёньня Павал Калаўр выказаў сумнеў наконт дакладнасьці гэтай лічбы. Паводле ягонай ацэнкі, беларуская доля вышэйшая і складае каля 5–7%.

(Калаўр: ) “Калі ставіцца пытаньне, што адзіным эмісійным цэнтрам будзе Цэнтральны банк Расеі, то, па-першае, гэта не стасуецца з саюзнай дамовай. Па-другое, у гэтым няма неабходнасьці, бо магчымая іншая больш гнуткая сыстэма, якая адпавядае інтарэсам дзьвюх краінаў. І, што самая галоўнае, такая б сыстэма не зачыняла шлях да аб’яднаньня іншых дзяржаваў — Казахстану, Кыргыстану, іншых дзяржаваў, напрыклад, Эўразійскай Эканамічнай Супольнасьці. Гэтая сыстэма празрыстая і не дапускае манапалізму з чыйго б там ні было боку.

Гэтае пытаньне будзе вырашацца ў залежнасьці ад далейшых перамоваў у пытаньні Канстытуцыйнага акту. Калі ж будуць зьмененыя нейкія палажэньні Дамовы, што гэта не адносіцца да кампэтэнцыі саюзнай дзяржавы, то давядзецца шукаць нейкія іншыя падыходы і варыянты”.
XS
SM
MD
LG