Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАДСТАЎНІКІ АПАЗЫЦЫІ ЛІЧАЦЬ, ШТО ЗАЯВЫ ЛУКАШЭНКІ Й ПУЦІНА ПАСТАВІЛІ КРОПКУ Ў СПЭКУЛЯЦЫЯХ НА ТЭМУ СТВАРЭНЬНЯ САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

На думку намесьніка старшыні БНФ Віктара Івашкевіча, палітычным спэкуляцыям Аляксандра Лукашэнкі на тэму стварэньня г.зв. саюзнай дзяржавы прыйшоў канец, і Лукашэнка нарэшце будзе вымушаны заняцца больш канкрэтнымі справамі.

Гаворыць Віктар Івашкевіч:

(Івашкевіч: ) “Нарэшце ўсё становіцца на свае месцы, і цяпер Лукашэнка будзе вымушаны тлумачыць людзям, як ён будзе вырашаць праблемы Беларусі як кіраўнік самастойнай дзяржавы. Лукашэнка будзе спрабаваць падняць у сваю абарону камуністычнае лобі ў Расеі. Але я думаю, што гэта беспэрспэктыўна, бо ўрад Пуціна ўзяў курс на ізаляцыю й маргіналізацыю гэтых камуністычных колаў унутры Расеі. Таму пасьля пэўных дэмаршаў Лукашэнку прыйдзецца весьці з Расеяй перамовы. Не на тэму пабудовы мітычных саюзаў, а на тэму эканамічных абавязацельстваў, якія Лукашэнка даваў ураду Пуціна перад прэзыдэнцкімі выбарамі”.

А вось меркаваньне аднаго з кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксея Караля:

(Кароль: ) “Заявы Лукашэнкі зацягнуліся па часе. Відаць, ён ня ведаў, што на гэта адказаць і праводзіў зандаж меркаваньняў у расейскіх палітычных колах. Заява Пуціна й гэтая заява Лукашэнкі сьведчаць пра тое, што ўся замежная палітыка Лукашэнкі, якую ён праводзіў восем гадоў, пацярпела крах. Пацярпеўшы крах у зьнешняй палітыцы, Лукашэнка становіцца як быццам бы сувэрэншчыкам — адступае на гэтую мяжу, бо няма куды падзецца.

Дачыненьні між дзяржавамі не павінны пагоршыцца, а вось паміж кіраўніцтвам — безумоўна. Гэтае пагаршэньне нясе вялікую пагрозу страты Лукашэнкам сваёй улады. Бо ў гэтай жа заяве не прагучала ні слова пра дэмакратызацыю цяперашняй сытуацыі ў Беларусі”.

А вось прагноз пра будучыню стасункаў паміж расейскай і беларускай уладай намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага:

(Дабравольскі: ) “Цяпер відавочны канфлікт паміж кіраўніцтвам Расеі й кіраўніцтвам Беларусі. І падзяліцца ўладай для Пуціна й расейскага кіраўніцтва непрымальна”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Дабравольскі, а як, на вашую думку, будуць выглядаць дачыненьні паміж афіцыйнымі Менскам і Масквой у будучыні? Гэта будзе ўмацаваньне супрацьстаяньня, ці Лукашэнка паспрабуе ўлагодзіць сытуацыю?”

(Дабравольскі: ) “Я думаю, што будуць спробы ўлагодзіць гэтую сытуацыю, таму, што вельмі шмат расейскіх палітыкаў лічыць, што Лукашэнка сукін сын, але гэта наш сукін сын. Тым больш, што яны пакуль ня бачаць альтэрнатывы цяперашняму беларускаму кіраўніцтву. А беларускім уладам, безумоўна, вельмі шкодзіць пагаршэньне дачыненьняў з Расеяй, таму што гэта азначае, што ўсе тыя прэфэрэнцыі й ускоснае фінансаваньне беларускага рэжыму, якое ішло з Расеі, яно можа хутка скончыцца”.
XS
SM
MD
LG