Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УСЕ МЕСЦЫ БУДАЎНІЦТВАЎ ЦЯПЕР БУДУЦЬ ДАСЬЛЕДАВАЦЬ АРХЕОЛЯГІ


Валянціна Аксак, Менск

Прыменскае лясное ўрочышча Курапаты як месца масавых расстрэлаў ахвяраў бальшавіцкага тэрору ў трыццатыя–саракавыя гады ХХ стагодзьдзя ўнесенае ў сьпіс археалягічных помнікаў краіны. Аднак у дзейным заканадаўстве дагэтуль не было мэханізму абароны падобных помнікаў. Як вынік, зьнішчаныя нават тыя археалягічныя мясьціны, якія ўведзеныя ў клясычныя навуковыя працы па гісторыі і нават далі назвы адпаведным пэрыядам матэрыяльнай культуры ўсходнеславянскага рэгіёну.

Вось што распавяла старшы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі Нацыянальнае Акадэміі навук Валянціна Вяргей:

(Вяргей: ) “Напрыклад, гарадзішча Банцараўшчына пад Менскам, якое дало назву адпаведнай культуры V– VII стагодзьдзяў — Банцараўская культура. Яно зараз цалкам забудаванае летніцамі, прычым летніцамі МУС. Ці яшчэ прыклад — вельмі вядомы помнік Зарубянецкай культуры Зарубянецкі могільнік каля вёскі Атвержычы Столінскага раёну. Зараз на ім збудаваная царква. Ці клясыка беларускае археалёгіі — урочышча Казаргаць. Гэта першы, выяўлены яшчэ ў 1927 годзе, матэрыяльны помнік Зарубянецкай культуры на тэрыторыі Беларусі. Ён пайшоў пад кар’ер”.

Спадарыня Вяргей назвала яшчэ цэлы сьпіс помнікаў, якія вядомыя археолягам многіх краінаў, аднак ужо толькі па выніках ранейшых дасьледаваньняў, бо зьнішчаныя падчас нядаўніх гаспадарчых працаў. Прычыну гэтага спадарыня Вяргей бачыць у адсутнасьці заканадаўча замацаванай сыстэмы ўліку і аховы археалягічных помнікаў на месцах.

Бывалі выпадкі, калі археолягі прыяжджалі на раскопкі, а там ужо ўсё забудаванае, альбо раскапанае пад будоўлю. Пачынаюць яны высьвятляць, чаму так зроблена, а ўлады заяўляюць, што ня ведалі пра існаваньне помніку, бо няма на ягоным месцы адпаведнага знаку і не пазначаны ён на раённай карце гістарычных аб’ектаў. Хаця ў сьпісе гісторыка-культурных каштоўнасьцяў краіны ён і пазначаны, аднак ніхто зь мясцовых начальнікаў у той сьпіс не зазірае.

Прынятая пастанова забавязвае на стадыі праекту земляных ці будаўнічых работ фіксаваць археалягічныя помнікі і — што асабліва важна — абсьледаваць зону будучай працы з мэтаю выяўленьня раней ня ўлічаных гістарычных аб’ектаў. На гэтых аб’ектах пастанова забараняе ўсе віды работ і патрабуе замены месца плянаванага будаўніцтва. Дзяржаўныя органы аховы гісторыка-культурнае спадчыны надзяляюцца правам прыпыняць ужо распачатыя працы на тэрыторыі археалягічных помнікаў.

Прыняцьця гэтай пастановы супрацоўнікі аддзелу археалёгіі Інстытуту гісторыі дамагаліся ад ураду два гады. Аднак дапільнаваць выкананьне на месцах гэтага дакумэнту ім будзе няпроста. Фінансаваньне палявых археалягічных працаў фактычна спыненае, ды і колькасна спэцыялістаў гэтае прафэсіі ў Беларусі зусім мала — няпоўныя пяць дзясяткаў чалавек. Для параўнаньня скажам, што ў суседняй Украіне, якая тэрытарыяльна пераважае Беларусь усяго ў тры разы, дзяржаўна аплатных археолягаў працуе цяпер амаль пяцьсот. А ў большай па плошчы ўсяго ў паўтара раза Польшчы іх каля тысячы.
XS
SM
MD
LG