(Карэспандэнт: ) “Якім чынам вы бачыце пабудову сыстэмы бясьпекі у Эўропе, беручы пад увагу антызаходнія настроі кіраўніцтва Беларусі? Пасьля заяваў Расеі і Ўкраіны аб жаданьні супрацоўнічаць з NATO Беларусь застаецца адзінай краінай, якая ня ўпісваецца ў сыстэму агульнаэўрапейскай бясьпекі”.
(Шарпінг: ) “Мушу прызнацца, што сёньня ў размове з маім польскім калегам мы абмяркоўвалі шмат пытаньняў, але пра Беларусь не гаварылі. Аднак маё асабістае, падкрэсьліваю, асабістае меркаваньне наступнае. Было б у агульным інтарэсе ўсёй Эўропы, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай і рабіла свой уклад у справу бясьпекі ў Эўропе. Аднак зараз гэтага пакуль няма”.
А цяпер меркаваньне ягонага польскага калегі Ежы Шмайдзіньскага.
(Шмайдзіньскі: ) “Я магу дадаць, і гэта таксама маё прыватнае меркаваньне, што некалькі месяцаў таму мы былі сьведкамі таго, як прадстаўнікі Беларусі першы раз прысутнічалі ў часе працы Рады NATO. Мы расцэньваем гэтую прысутнасьць як крок у правільным накірунку. Накірунку, які ў будучым мог бы прывесьці да хаця б мінімальнага, стандартнага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі NATO. Бо пасьля пашырэньня NATO сітуацыя вакол Беларусі будзе зусім іншая. Аднак нашае супрацоўніцтва зь Беларусьсю будзе залежаць у першую чаргу ад пабудовы ў гэтай краіне дэмакратыі, вольнага рынку, шанаваньня правоў чалавека, а таксама рэформы ўзброеных сілаў такім чынам, каб над імі існаваў цывільны дэмакратычны кантроль. Але гэта, напэўна, доўгі працэс”.