Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

УЛАДЫ БАЯЦЦА СТВАРЫЦЬ СУДОВЫ ПРЭЦЭДЭНТ У ПАЛІТЫЧНЫХ СПРАВАХ


Любоў Лунёва, Менск

Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч быў пакараны за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця на Дзень Незалежнасьці 27 ліпеня 1999 году спачатку дзесяцьцю суткамі адміністрацыйнага арышту, а потым паводле крымінальнай справы — штрафам 100 мінімальных заробкаў.

Паколькі двойчы за адно й тое ж правапарушэньне не караюць, пракуратура прызнала арышт Статкевіча незаконным. Лідэр сацыял-дэмакратаў падаў пазоў па кампэнсацыю маральных стратаў, і Маскоўскі раённы суд пастанавіў выплаціць Статкевічу 100 тысяч рублёў. Калі рашэньне набыло юрыдычную моц, старшыня гарадзкога суду яго скасаваў. Мікола Статкевіч пракамэнтаваў гэтую сытуацыю Радыё Свабода:

(Статкевіч: ) “Безумоўна, улада баіцца стварэньня прэцэдэнту. Безумоўна, рашэньне раённага суду зрабілася магчымым дзякуючы маўчаньню вакол яго. Мы не паведамлялі ў прэсу аб гэтым рашэньні, пакуль яно не набыло юрыдычную моц. Але спадару Лукашэнку яно, відаць, вельмі моцна муляе і, таму абсалютна неадэкватным і незаконным спосабам яно было адмененае. Вось такія парадоксы. Уся наша судовая сыстэма сёньня — гэта вельмі сумнае відовішча. Такім чынам, згодна з гэтым рашэньнем, рымскае права ў нашай краіне адмененае. Можна за адно й тое караць двойчы”.

На думку адвакаткі Тацяны Станкевіч, пастанова гарадзкога суду ня ўтрымлівае юрыдычных аргумэнтаў на карысьць адмовы ў пазове Статкевіча.

(Станкевіч: ) “Зыходзячы з агульных прынцыпаў пакараньня, ніхто ня можа быць двойчы пакараны за адно й тое ж правапарушэньне. У гэтым выпадку Статкевіч быў пакараны штрафам паводле крымінальнай справы за арганізацыю несанкцыянаванага шэсьця, але адначасова яго пакаралі адміністрацыйным арыштам. Старшыня гарадзкога суду адмяніў пастанову аб пакараньні арыштам як незаконную, калі Статкевіч ужо адседзеў 10 сутак. Сам факт, што пастанову адмянілі і сьведчыць пра тое, што яна незаконная. Чалавека нельга двойчы караць за адно й тое ж парушэньне. Ня мае ніякага значэньня, прыцягнулі яго потым да крымінальнай адказнасьці, ці не. Я ня бачу ніякіх падставаў для скасаваньня пазову Статкевіча ў кампэнсацыі маральных стратаў. Пастанова гарадзкога суду мяне зьдзіўляе і насьцярожвае”.

Лідэр сацыял-дэмакратаў паведаміў Радыё Свабода, што будзе падаваць апэляцыі ў іншыя судовыя інстанцыі, а калі спатрэбіцца — у Камітэт правоў чалавека ААН.
XS
SM
MD
LG