Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНЫЯ ПРАФСАЮЗЫ АСУДЖАЮЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ


Алесь Грыневіч, Менск

“За апошні год дыктатарскі рэжым прэзыдэнта Лукашэнкі настолькі ўзмацніў перасьлед прафсаюзаў, што ім стала амаль немагчыма дзейнічаць”, — менавіта такую выснову робіць Міжнародная канфэдэрацыя свабодных прафсаюзаў у сваёй штогадовай справаздачы. Найбуйнейшае міжнароднае прафсаюзнае аб’яднаньне кажа аб усё большых рэпрэсіях у дачыненьні да беларускіх прафсаюзаў.

Кіраўнік аддзелу Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы Губэрт Камб’е ўдзельнічаў у падрыхтоўцы справаздачы. Ён кажа, што Беларусь мае найгоршую ў Эўропе сытуацыю з прафсаюзамі. Паводле спадара Камб’е, беларускія ўлады дзейнічаюць паводле ўласных правілаў, не зважаючы на думку міжнародных арганізацыяў.

(Камб’е: ) “Гэта вельмі няёмкая сытуацыя, бо ўсе краіны, часам зь цяжкасьцю, але пагадзіліся за апошнія 10 гадоў, што ёсьць усеагульныя стандарты, гэтыя стандарты вызначаюцца Міжнароднай арганізацыяй працы, і краіны павінны прыстасоўваць унутраныя правілы, заканадаўства, каб яны адпавядалі гэтым стандартам. Але выглядае, нібыта для Беларусі гэта ня так”.

У справаздачы міжнародных прафсаюзаў апісваюцца шматлікія выпадкі перасьледу ў Беларусі за апошні год. Сярод парушэньняў — абмежаваньне права на страйк, забарона на пералік прафсаюзных унёскаў з заробку, перасьлед прафсаюзных актывістаў з боку дырэкцыі. Але галоўная праблема, кажа спадар Камб’е, палягае ў тым, што беларускія ўлады выступаюць супраць самога існаваньня непадкантрольных прафсаюзаў.

(Камб’е: ) “Выглядае, што ўрад Беларусі не прызнае магчымасьці існаваньня незалежных прафсаюзаў, незалежных арганізацыяў, арганізацыяў па-за ўладным кантролем. А гэта значыць, што асноўнае парушэньне — гэта адсутнасьць свабоды асацыяцыяў. Звычайна працоўныя маюць права ствараць свае структуры, свае арганізацыі, абіраць сабе лідэраў і наўпрост кантраляваць працу арганізацыі. Тут не павінна быць умяшальніцтва дырэктара кампаніі, кіраўніцтва кампаніі, а таксама ўмяшальніцтва ўраду. Але апошнімі гадамі мы бачым, што беларускі ўрад ня можа пагадзіцца з такім прынцыпам. Гэта вельмі вялікая праблема, бо гэта значыць, што працоўныя ня могуць ствараць незалежныя арганізацыі, якія б маглі абараніць іхныя правы ды інтарэсы”.

Парушэньні правоў прафсаюзаў ставяць пад пагрозу гандаль Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам. Спадар Камб’е кажа, што Міжнародная фэдэрацыя свабодных прафсаюзаў будзе рэкамэндаваць Эўрапейскай камісіі не падпісваць пагадненьне аб гандлёвых прэфэрэнцыях зь Беларусью. Такія пагадненьні падпісаныя з большасьцю краінаў Цэнтральнай Эўропы і цяпер абмяркоўваюцца з краінамі былога СССР. Пагадненьне магло б палегчыць доступ беларускіх тавараў на эўрапейскія рынкі. Але спадар Камб’е кажа, што ў Беларусі ня бачна ніякага прагрэсу ў сацыяльных дачыненьнях — наадварот, за апошнія месяцы ўлады паказалі свой намер зьнішчыць незалежныя прафсаюзы.

(Камб’е: ) “Калі ўрад Беларусі не хвалюе павага да сацыяльных стандартаў, дык, натуральна, Эўрапейская камісія ня зможа ўхваліць пагадненьне аб гандлёвых прэфэрэнцыях для Беларусі. Таму я лічу, што гэта шкодна для эканомікі самой Беларусі — не паважаць міжнародныя стандарты”.
XS
SM
MD
LG