Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКАДЭМІК ПАДЛУЖНЫ — СУПРАЦЬ УСТУПНЫХ ІСПЫТАЎ НА БЕЛАРУСКАЙ МОВЕ Ў ВНУ


Валянціна Аксак, Менск

Паседжаньне круглага стала па надзённай для Беларусі тэме ладзілася ў рамках Міжнароднага сымпозіюму “Разнастайнасьць моваў і культураў у кантэксьце глябалізацыі”. Ягоныя арганізатары — Саюз пісьменьнікаў, Таварыства беларускае мовы і Беларускі ПЭН-Цэнтар — запрасілі да гутаркі вядомых мовазнаўцаў, кіраўнікоў Міністэрства інфармацыі й Белтэлерадыёкампаніі.

Адказныя масмэдыйныя чыноўнікі запрашэньне праігнаравалі, таму журналістам не было ў каго спытацца, чаму на FM-радыёстанцыях беларуская мова займае агулам толькі каля 12% эфірнага часу, а на нацыянальным тэлеканале яшчэ на 2% меней.

Прычыну абыякавасьці кіраўнікоў сродкаў масавае інфармацыі да гэтае праблемы часткова патлумачыла дацэнт факультэту журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту Марыя Карповіч, якая паведаміла, што на яе прапанову аднавіць на БТ службу культуры мовы кіраўнік кампаніі заявіў, што яго хвалюе толькі палітыка-ідэалягічны зьмест праграмаў. А ў тым, сказала спадарыня Карповіч, што з экрану нацыянальнага тэлебачаньня гучыць спрэс непісьменнасьць, вінаватыя зусім не выкладчыкі журфаку, а кадравая палітыка кіраўніцтва.

На гэтым акцэнтаваў свой выступ і загадчык катэдры стылістыкі й літаратурнага рэдагаваньня журфаку БДУ Віктар Іўчанкаў. “Тыя прыгожыя і разумныя беларусачкі, якія сканчаюць журфак, чамусьці ня могуць патрапіць працаваць на БТ, бо там адбіраюць журналістаў па іншых характарыстыках”, — сказаў спадар Іўчанкаў.

З праблемаў адсутнасьці культуры мовы на БТ (праўда, мовы расейскай) пачаў свой выступ і дырэктар Інстытуту мовазнаўства Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандар Падлужны. Далей ён пакрытыкаваў журналістаў за неабгрунтаванае, на ягоны погляд, ужываньне назвы пятага месяцу году — травень. І ўжо зусім нечакана з вуснаў дырэктара Інстытуту мовазнаўства прагучала абурэньне тым, што абітурыенты расейскамоўных ВНУ (а цалкам беларускамоўных, нагадаем, у Беларусі няма) здаюць іспыты па-беларуску.

(Падлужны: ) “Уступныя экзамэны йдуць... І атрымліваецца так, што большасьць з тых, хто паступае, здаюць экзамэны па беларускай мове. Бо ім трэба атрымаць чатыры альбо пяць. Як атрымалі чатыры альбо пяць, то астатняя вучоба ўжо праходзіць на рускай мове. Дык ці правільна гэта? Мы павінны праверыць веды па той мове, на якой ён будзе вучыцца, а не па той, якую ён хоча здаць, разумееце...”

А вось некаторыя прапановы мовазнаўцы акадэміка Падлужнага наконт моўнага рэжыму ў школах:

(Падлужны: ) “Фізыку ня трэба спрачацца, на якой мове вучыць. Гэта на раньніх этапах, калі пачалі разьбірацца, вось тады шум быў: як так, трэба і фізыку, і хімію — усё па-беларуску... Што там хімію выкладаць на беларускай мове? Там тэрміналогія агульнанародная! Там няма слова жывога! Вот няхай і вучаць, на якой мове хочуць!..”

Ніхто з прысутных на круглым стале грамадзкіх дзеячоў ня выказаў абурэньня прапановамі акадэміка Падлужнага абмежаваць выкарыстаньне беларускай мовы ў сфэры адукацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG