Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ АПАЗЫЦЫЙНЫЯ ПАРТЫІ ГАТОВЫЯ ДА ВЫБАРАЎ У МЯСЦОВЫЯ ОРГАНЫ ЎЛАДЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Лідзія Ярмошына сёньня паведаміла, што найлепш праводзіць мясцовыя выбары 2 сакавіка 2003 году. Маўляў, мінімальны тэрмін для правядзеньня такіх кампаніяў вызначаны ў тры месяцы, і ён абсалютна вытрымліваецца.

Cпадарыня Ярмошына паведамляе, што для правядзеньня гэтай выбарчай кампаніі будзе створана каля 7 тысяч участковых, 1687 тэрытарыяльных і 420 акруговых выбарчых камісіяў. На гэтую кампанію, паводле Лідзіі Ярмошынай, будзе выдаткавана ня менш за 15 мільярдаў беларускіх рублёў — гэта на 3 мільярды больш, чым аналягічная прэзыдэнцкая выбарчая кампанія мінулага году.

Кіраўніцтва Цэнтарвыбаркаму абяцае, што выбары пройдуць на шырокай альтэрнатыўнай аснове, і ў іх возьмуць удзел каля 11 тысяч грамадзянаў Расеі (гэта адпавядае беларускаму заканадаўству).

З гэтай нагоды я зьвярнуўся па камэнтары да вядомых беларускіх апазыцыйных палітыкаў, якія маюць намер узяць удзел у мясцовых выбарах. Гаворыць старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Для нас, калі пройдуць выбары, у які канкрэтна час, гэта другаснае пытаньне. Для нас галоўнае — гэта правілы, паводле якіх яны будуць праводзіцца. У Аб’яднанай грамадзянскай партыі ёсьць прапанова, каб сумясьціць парлямэнцкія выбары і выбары ў мясцовыя органы кіраваньня”.

На думку Лябедзькі, дэмакратычныя выбары ў дэмакратычны парлямэнт ёсьць добрым крокам на шляху да свабоды заканадаўчай улады ў Беларусі. аднак пакуль АГП мае намер каардынаваць сваю дзейнасьць на гэтых выбарах зь іншымі апазыцыйнымі арганізацыямі.

А вось меркаваньне намесьніцы старшыні БНФ Галіны Сямдзянавай:

(Сямдзянава: ) “Мы чакалі, што выбары будуць прызначаныя на канец лютага — пачатак сакавіка, таму для нас гэта ня ёсьць нечаканасьцю. Тое, што за пяць месяцаў павінны быць вызначаныя межы ўчастку, гэта адпавядае патрабаваньням кодэксу, і мы пра гэта ведаем. Усё ўкладзена ў межы заканадаўства, і для нас гэта ня ёсьць нечаканым. Мы гатовыя для такога павароту падзеяў”.

БНФ, паводле словаў спадарыні Сямдзянавай, будзе каардынаваць свае дзеяньні з усімі апазыцыйнымі арганізацыямі.

І нарэшце — камэнтар у гэтай справе ад старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Міколы Статкевіча, які будзе працаваць на выбарах у мясцовыя саветы ў левацэнтрысцкай кааліцыі разам з камуністамі Сяргея Калякіна і сябрамі прафсаюзнай Партыі працы:

(Статкевіч: ) “Партыя даўно ўжо працуе ў справе выбараў. Мы вядзем агітацыйную працу і будзем яе працягваць. Нам замінае тое, што дагэтуль ня вызначыліся іншыя партыі і не прынятае рашэньне аб падзеле акругаў, хаця рашэньне пра падзел акругаў і было”.

Тым ня менш прадстаўнікі ўсіх апазыцыйных партыяў гавораць, што ў іх ёсьць час на ўзгадненьне сваіх пазыцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG