Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКАЎ ГУТМАН ПАТРАБУЕ, КАБ УЛАДЫ АДНАВІЛІ СЫНАГОГУ


Галіна Абакунчык, Менск

У судовай позьве Якаў Гутман прасіў прызнаць Міністэрства культуры й Менгарвыканкам вінаватымі ў бязьдзейнасьці, якая стала прычынай разбурэньня менскай сынагогі па вуліцы Дзімітрава, 3. Спадар Гутман прасіў таксама абавязаць гэтыя высокія ўстановы спыніць на тым месцы ўзьвядзеньне жылога дому й аднавіць малітоўны будынак.

Нагадаю, што будынак сынагогі ўлады разбурылі мінулай восеньню, не зважаючы на пратэсты грамадзкасьці. Свае патрабаваньні ў інтэрвію нашаму радыё спадар Гутман тлумачыў наступным чынам:

(Гутман: ) “Гэты судовы працэс — спроба праз адну з галінаў улады вырашыць праблему. Бо пракуратура, прызнаўшы, што будынак павінны быць у дзяржаўным сьпісе помнікаў гісторыі й культуры, павінна была спыніць будаўніцтва і прыцягнуць да адказнасьці тых, хто гэта зрабіў”.

Як бязьдзейнасьць Менгарвыканкаму і Міністэрства культуры разглядае Якаў Гутман нежаданьне чыноўнікаў рэагаваць на звароты шэрагу грамадзкіх, палітычных і рэлігійных дзеячоў з просьбай спыніць разбурэньне гістарычнай каштоўнасьці. На што адказчык ад Міністэрства культуры Аляксандар Сямёнаў заявіў наступнае:

(Сямёнаў: ) “Усе лісты, падпісаныя грамадзкімі й палітычнымі дзеячамі, яны грунтаваліся на эмацыйнай аснове й на публікацыях у СМІ”.

Судзьдзя Вера Грабоўская-Дайнэка сваё рашэньне прымала на падставе сьведчаньняў спадара Сямёнава, а таксама адказчыка ад Менгарвыканкаму. Але яна адхіліла хадайніцтва Якава Гутмана выклікаць у суд у якасьці адказчыка галоўнага архітэктара гораду Аляксандра Чадовіча, у якасьці сьведкі мастака Аляксея Марачкіна ды іншых спэцыялістаў. Не было рашэньня аб прыпыненьні будаўніцтва на час судовых слуханьняў, што заяўнік лічыць парушэньнем дзейнага заканадаўства.

Канчатковае рашэньне спадар Гутман пракамэнтаваў наступным чынам:

(Гутман: ) “Калі суд лічыць, што кніга “Война па законам подлости” — гэта навуковая спрэчка, то я бы сказаў, што гэта яшчэ адно праяўленьне дзяржаўнага антысэмітызму”.

Ён намерваецца абскардзіць сёньняшняе рашэньне суду, а таксама зьвяртацца ў вышэйшыя інстанцыі Беларусі й у міжнароднывя праваахоўчыя органы.
XS
SM
MD
LG