Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬФГАНГ БЭРЭНДТ: СТРАТЭГІЯ АДНАЧАСНАГА ЦІСКУ І ДЫЯЛЁГУ Ў ДАЧЫНЕНЬНІ ДА БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Паводле эўрапейскага парлямэнтара, у дачыненьні да Беларусі Эўропа павінна выкарыстоўваць як дыялёг, так і ціск адначасова. Дэталёва вынікі візыту, а таксама пытаньні далейшых стасункаў паміж эўрапейскімі структурамі й Менскам будуць абмяркоўвацца ў часе адмысловага паседжаньня ПАРЭ пры канцы верасьня ў Страсбуры.

Паводле Вольфганга Бэрэндта, нядаўні візыт у Менск яшчэ больш пераканаў эўрапейскіх палітыкаў, што ізаляцыя ня ёсьць вернай стратэгіяй у дачыненьні да краіны, дзе назіраецца сапраўдны дэфіцыт дэмакратыі. Сярод прапановаў, якія ўдзельнікі дэлегацыі зьбіраюцца вынесьці на абмеркаваньне сваім калегам ў Страсбуры, наступная.

У дачыненьні да афіцыйнага Менску эўстраструктуры павінны праводзіць як дыялёг, так і ціск адначасна. Інакш спадзяваньні на нейкія пазытыўныя зрухі ў Беларусі блізкім часам — беспадстаўныя. Як вынікае з заявы, пераважная большасьць перамоваў у Менску, на жаль, не прынесьла істотнага прагрэсу. Размова ідзе пра свабоду СМІ і свабоду сходаў, а таксама пра перасьлед апазыцыі й некаторых няўрадавых арганізацыяў з боку ўладаў.

Найбольш трывожнай выглядае сытуацыя са зьніклымі палітыкамі. Па-сутнасьці, беларускае кіраўніцтва так і не давяло да канца расьсьледаваньне справы, не растлумачыла насельніцтву, што насамрэч здарылася з гэтымі людзьмі.

У гэтым зьвязку эўрадэпутаты лічаць мэтазгодным стварэньне ў рамках ПАРЭ адмысловай незалежнай камісіі дзеля высьвятленьня гэтае сытуацыі.

Па-ранейшаму прадстаўнікі ПАРЭ настойваюць на пераглядзе судовай справы прафэсара Юрыя Бандажэўскага. Наведаўшы Бандажэўскага ў зьняволеньні, эўрапейскія палітыкі прыйшлі да высновы, што ўтрыманьне навукоўца ў турме палепшылася, аднак сам характар пакараньня з гледзішча незалежных экспэртаў выклікае сумнеў.

Падчас візыту ў Беларусь эўрапейцы адзначылі таксама і некаторыя пазытыўныя зрухі. Як гаворыцца ў заяве, шэраг беларускіх дэпутатаў дастаткова адказна падыходзіць да такіх пытаньняў, як пашырэньне функцыяў парлямэнту, адмена сьмяротнага пакараньня, прыняцьце новага Закону аб СМІ, прызначэньне незалежнага назіральніка ў пытаньнях выкананьня правоў чалавека. Падобнае стаўленьне можна толькі вітаць, — лічаць эўрапейскія парлямэнтары.

Адначасна палітыкаў непакоіць той канфлікт, які склаўся між беларускімі ўладамі й АБСЭ. Калі Беларусь насамрэч зацікаўленая ў інтэграцыі з эўрапейскімі стрруктурамі, як гэта сьцьвярджаюць у Менску, яна павінна знайсьці адпаведнае канструктыўнае рашэньне, якое дазволіла б місіі ўсё ж прысутнічаць у краіне.

Беларуска-эўрапейскія дачыненьні будуць дэталёва абмеркаваныя з 23 па 27 верасьня ў часе адмысловага паседжаньня ПАРЭ. Эўрапейскія палітыкі мяркуюць да гэтага часу выпрацаваць далейшую мадэль дачыненьняў паміж Захадам і Беларусьсю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG