Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

РАСЕЙСКА-БЕЛАРУСКІ САЮЗ ПЕРАЖЫВАЕ КРЫЗЫС, ЯКІ МОЖА БЫЦЬ ФАТАЛЬНЫМ


Валер Каліноўскі, Менск

У афіцыйных беларускіх колах пануе расчараваньне з нагоды апошніх заяваў Уладзімера Пуціна і камэнтароў уплывовых маскоўскіх палітыкаў і СМІ. Адказу А.Лукашэнкі дагэтуль няма, прычым і на панядзелак–аўторак у яго няма ніякіх публічных сустрэчаў, дзе б ён мог нейкім чынам адказаць на выказваньні Пуціна.

Афіцыйныя палітыкі таксама ня робяць рэзкіх заяваў, чакаюць, што скажа А.Лукашэнка. Дэпутат палаты прадстаўнікоў Анатоль Красуцкі мяркуе, што праблемы інтэграцыі трэба пераасэнсаваць:

(Красуцкі: ) “Я думаю, што час зусім іншы, ня той, што быў пры Ельцыне, і гэта трэба разумець”.

Тое, што Аляксандар Лукашэнка маўчыць, спадар Красуцкі лічыць правільным рашэньнем. Адна з актывістак расейска-беларускай інтэграцыі Натальля Машэрава адкрыта назвала спрэчкі паміж кіраўнікамі Расеі й Беларусі канфліктам:

(Машэрава: ) “Мяне больш задавальняе такі ясны і адкрыты канфлікт і вырашэньне пытаньняў, якія не былі вырашаныя келейна. Дрэнна, што чыноўнікі кепска спрацавалі, што нагару быў пададзены сыры матэрыял”.

На думку спадарыні Машэравай, прычына канфлікту — у закрытасьці працы над саюзнымі дакумэнтамі. Адзіным выйсьцем у гэтай сытуацыі яна бачыць сустрэчу Пуціна і Лукашэнкі сам-насам. Яна лічыць, што інтэграцыйны працэс “знаходзіцца ў напружаным стане” і можа прыпыніцца — хаця яна жадала б, каб не надоўга.

Вядомы палітоляг Вячаслаў Оргіш упэўнены ў адваротным: у гэтага саюзу будучыні няма, бо Расея рухаецца ў бок Захаду і ня бачыць выгады ад саюзу зь Беларусьсю:

(Оргіш: ) “Пуцін амаль што адкрытым тэкстам сказаў, што далей працягваць будаўніцтва сумнеўнага саюзу ён не зьбіраецца. Усе далейшыя стасункі зь беларускім урадам будуць абсалютна празрыстымі”.

Асаблівых варыянтаў адказу на крытыку Пуціна ў Лукашэнкі няма, ён будзе працягваць сваю ранейшую рыторыку, але зь меншай заўзятасьцю — упэўнены Вячаслаў Оргіш.

(Оргіш: ) “На мой погляд, цяпер будуць прыпыненыя інтэграцыйныя гульні, усе гэтыя публічныя разважаньні пра тое, што нам трэба збліжацца, што ў нас няма іншага шляху, што Захад — гэта адна цывілізацыя, а мы — зусім іншая. Што мы свае каштоўнасці павінны захаваць, і што толькі ў гэтым выйсьце. Усе гэтыя разважаньні сёньня будуць пахаваныя”.

Вячаслаў Оргіш зазначае, што інтэграцыя спыніцца на “кропцы замярзаньня”, і Менск будзе дыстанцыявацца ад Крамля, бо далейшыя гульні робяцца небясьпечнымі.

Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька таксама мяркуе, што крызыс у так званым саюзе сыстэмны:

(Лябедзька: ) “Паміж Лукашэнкам і Пуціным існуюць не тактычныя разыходжаньні, а сутыкнуліся дзьве дыямэтральна супрацьлеглыя стратэгіі. Пуцін зрабіў свой выбар. Ён за інтэграцыю ў Эўропу. Лукашэнка за тое, каб вяртацца назад у Савецкі Саюз. Пуцін за дэмакратыю, хай і кіраваную, а Лукашэнка — за алігархічны камунізм. Пуцін за рынак, Лукашэнка — за цэнтралізаваную плянавую эканоміку”.

Анатоль Лябедзька лічыць, што Лукашэнку цяпер застаецца толькі заняць нішу ідэалягічнай апазыцыі Пуціну на постсавецкай прасторы:

(Лябедзька: ) “Лукашэнка мог вытрымліваць доўгатэрміновую асаду з боку Захаду, улічваючы, што ён меў такі глыбока эшалянаваны тыл у выглядзе Расеі. Зараз зьнікае сытуацыя тылу, і насамрэч Лукашэнка знаходзіцца ў самаізаляцыі па ўсім пэрымэтры беларускай мяжы. Вось для яго якраз наступае самы непрыемны момант”.

Разам з гэтым Анатоль Лябедзька выключае, што А.Лукашэнка паспрабуе зьмяніць вэктар сваёй палітыкі з прарасейскага на празаходні.
XS
SM
MD
LG