Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ ЗМОГУЦЬ ЗААШЧАДЗІЦЬ НА ПАШПАРЦЕ


Ігар Карней, Менск

Неўзабаве грамадзяне Беларусі зноў, як за савецкім часам, атрымаюць два пашпарты. Адзін будзе дзейны ўнутры краіны, другі — толькі для візавага кантролю. Супрацоўнікі пашпартна-візавай службы лічаць, што праблема другога пашпарту насьпела ў Беларусі даўно.

(Супраўніца АВІРУ: ) “Натуральна, гэта разумна. Бо маса людзей — спартоўцы, кіроўцы-дальнабойшчыкі — яны з адным пашпартам пакутуюць. Зрываецца праца, транспарт прастойвае. Лічыцца, што чалавек мае толькі адзін дакумэнт, які пацьвярджае асобу. Беларускі агульнаграмадзянскі пашпарт быў унутраны, дзеля выезду за мяжу чалавек мог рабіць некалькі пашпартоў — адзін пашпарт атрымаў у МУС, другі — праз МЗС. Зараз няма замежных пашпартоў, толькі адзін нацыянальны. Уся эпапэя з гэтай прычыны.

Але каб увесьці дадатковы дакумэнт — то гэта ня толькі ж пашпарт, гэта ж патрэбна афармляць выдаткі друкарні на блянкі, друк, і г.д. Гэта ўсё зьвязана з грашыма. А вы ведаеце, як у нас зараз з грашыма. І робіцца гэта не паводле жаданьня, а паводле, так бы мовіць, вытворчай неабходнасьці. Калі фірмы маюць ліцэнзію на замежнаэканамічную дзейнасьць, яны будуць мець такую магчымасьць. Тое, што “купі–прадай” — што ж яе забясьпечваць дакумэнтальна. Гэта ўсё “ліпа”. Пытаньне вырашаецца, але хутка ў нас у краіне не вырашаецца нічога”.

У Міністэрстве ўнутраных справаў таксама лічаць, што два пашпарты могуць выратаваць сытуацыю.

(Супрацоўнік Міністэрства ўнутраных справаў: ) “Насамрэч будуць два пашпарты. Проста дзяржава бедная, грошай на ўсё не хапае. Калі чалавек мае пашпарт, аформлены для выездаў за мяжу, але ў яго ёсьць неабходнасьць выяжджаць (а, як вы ведаеце, бязьвізавая прастора скарачаецца для Беларусі), то гэта суровая неабходнасьць. Для ўсіх катэгорыяў грамадзянаў гэта будзе. Мы зацікаўленыя, каб гэта было як мага таньней, як мага прасьцей. Каб гэта было даступна для чалавека. Кошт будзе дакладна такі ж — пяць мінімальных заробкаў за год.

Чаму не афармляліся тоўстыя пашпарты? Ёсьць міжнародныя стандарты. Калі задумвалі першы пашпарт, то думалі, што бязьвізавая прастора будзе пашырацца, Беларусь будзе імкнуцца ў Эўропу і г.д. Але сутыкаемся з тым, што Беларусь — яшчэ не Эўропа. І калі раней над падобнай праблемай працавалі інстытуты, то цяпер — лічаныя людзі. Усё гэта на памылках, напэўна, пазнаецца”.

Такім чынам, хутка беларусы зноў вернуцца да практыкі савецкага часу, калі кожны грамадзянін меў два пашпарты: адзін для ўнутранага карыстаньня, другі — выключна для выездаў за мяжу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG