Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАЦЯГВАЕ ГАЛАДОЎКУ ВАЛЕРЫ ЛЕВАНЕЎСКІ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Спадар Леванеўскі рыхтаваў аднадзённы страйк на рынках Гарадзеншчыны. Падставай для арышту старшыні страйкаму стала ягонае незьяўленьне ў суд. Падрыхтоўку да страйку працягвае Аляксандар Васільеў — старшыня незарэгістраванага прафсаюзу гарадзенскага рынку “Паўднёвы”. Гаворыць Аляксандар Васільеў:

(Васільеў: ) “На сёньня, 17 чэрвеня, Валеры Леванеўскі знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня і сёмыя суткі працягвае галадоўку — галадоўку супраць парушэньня ягоных правоў, чым стаў незаконны арышт. Улады гэтым арыштам спрабуюць сарваць прызначаны на 20 чэрвеня страйк прадпрымальнікаў”.

Аляксандар Васільеў гаворыць, што гарадзенскія прадпрымальнікі падтрымліваюць ініцыятыву правядзеньня акцыі пратэсту. Яны дамовіліся так: штодня апоўдні сядаюць у свае машыны на рынку “Паўднёвы” і сыгналяць. Гэтым яны выказваюць салідарнасьць зь Леванеўскім. А 20 чэрвеня правядуць страйк, — упэўнены Аляксандар Васільеў.

Да Валерыя Леванеўскага нікога не пускаюць. Яму зь цяжкасьцю ўдалося перадаць на волю цыдулку. Ён піша, што страйк адбудзецца, не зважаючы на ягоны арышт, і што ён будзе падтрымліваць страйкоўцаў сваёй галадоўкай.

Арыштаваны зьвяртаецца да прадпрымальнікаў: “Вельмі важна, каб кожны з вас узяў удзел у гэтым страйку і патлумачыў сваім суседзям яго неабходнасьць. Гэта першая нашая акцыя пратэсту. Будуць і іншыя, у тым ліку бестэрміновы страйк. З павагаю — з камэры №4 спэцпрыёмніка Кастрычніцкага РАУС Горадні — старшыня страйкаму прадпрымальнікаў Беларусі Леванеўскі”.

Гарадзенскія прадпрымальнікі хочуць пратэставаць супраць чэрвеньскага падвышэньня падаткаў, за скасаваньне штогадовага збору на права гандлю і за скасаваньне абавязковай сэртыфікацыі тавараў, якія прадаюцца на рынках.
XS
SM
MD
LG